14 жніўня адзначаецца Мядовы Спас — першы з трох жнівеньскіх Спасаў
Мядовы Спас — першы з трох жнівеньскіх Спасаў, часам яго так і называюць — Першы Спас. Следам ідуць Яблычны Спас (19 жніўня) і Арэхавы (29 жніўня). Сёння прынята ўшаноўваць пчаляроў і іх працу. Мядовы Спас мае яшчэ назвы: Мокры Спас (Спас на вадзе), Макавей (Макаўе, Макавы).
«Спас» — скарочаная народная форма ад слова «Спасіцель» (Збавіцель). З гэтым словам звязаны назвы многіх храмаў, ікон і свят: Спас Нерукатворны, Спас на Крыві або Спаса-Праабражэнскі сабор і г. д.
У народнай свядомасці слова «Спас» аб’ядноўвала духоўнае і гаспадарчае: «спасацца» (ратавацца) — значыць, берагчы, захоўваць ураджай, «запасаць» — рабіць нарыхтоўкі. Таму ў традыцыях жнівеньскіх Спасаў цесна спляліся рэлігійныя і побытавыя матывы.

Пры гэтым у хрысціянскім веравучэнні сэнс «Спаса» строга адзіны — выратаванне душы.
Вось так адбылося культурнае зрашчэнне: калі складаная візантыйская тэалогія сустрэлася з сялянскім побытам, і да слова «Спас» далучыліся словы «Яблычны», «Мядовы» і «Арэхавы».
Усе тры спасы з’яўляюцца ў нейкай ступені своеасаблівым праваслаўным святам ураджаю. Бо ў жніўні звычайна паспявае амаль усё, што пасеяна ў полі, на агародзе, што расце ў садзе ці ў лесе, і нават на пчальніках стараннямі пчол соты цалкам запаўняюцца свежым мёдам.
Нездарма ў народзе кажуць: «Спас — усім работам час». Значыць, паспела ўсё, прыйшла гарачая пара ўборкі хлябоў і гародніны, садавіны і ягад, арэхаў і грыбоў, якіх у жніўні асаблівае багацце. (У адрозненне ад іншых вялікіх царкоўных свят, калі існавала забарона на выкананне работ, на спасаўскія святкаванні працягвалі займацца штодзённымі справамі.)
Калі ж зазірнуць у царкоўны каляндар, то там няма такога свята «Мядовы Спас». У гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць Паходжанне (Вынясенне) пачэсных дрэў Жыватворчага Крыжа Гасподняга.
Традыцыя ўзнікла прыкладна ў ІХ стагоддзі ў Канстанцінопалі. Візантыйская сталіца ў разгар жнівеньскай спякоты рэгулярна пакутавала ад эпідэмій, і каб зберагчы жыхароў ад хвароб, з імператарскай скарбніцы ўрачыста выносілі часцінку Крыжа, на якім быў распяты Ісус Хрыстос. Рэліквію праносілі хрэсным ходам па гарадскіх вуліцах, асвячаючы крыніцы і жылыя кварталы, а затым выстаўлялі для ўсеагульнага пакланення ў саборы Святой Сафіі. (Адсюль з’явілася і другая назва ўрачыстасці — Вынясенне пачэсных дрэў.)
Кажуць, што пасля гэтага хваробы знікалі і не вярталіся. А ў людзей узнік культ вады (Мокры Спас). Яны верылі, што калі ў гэты дзень акунуцца ў вадаём — будуць дараваны ўсе грахі. У гэты дзень таксама было прынята асвячаць новыя студні і чысціць старыя, купацца самім і купаць жывёлу. Вадзіліся хрэсныя хады на найбліжэйшыя вадаёмы. А вось пасля Мокрага Спасу ў рэкі і азёры ўжо ніхто не акунаўся: вада зацвітала, ночы станавіліся халоднымі, лета заканчвалася.
Завуць Мядовы Спас і Макавеем — у гонар мучанікаў Макавеяў. 14 жніўня — дзень іх памяці.
Семярых братоў — Авіма, Антаніна, Гурыя, Елеазара, Еўсявона, Аліма і Маркела — пакараў сірыйскі цар Антыёх Эпіфан у 166 годзе да н. э. Ён хацеў, каб падданыя ўшаноўвалі язычніцкіх багоў, але сям’я Макавеяў адмовілася. Цар забіваў братоў аднаго за адным на вачах маці, але ніхто з іх не здрадзіў сваёй веры — браты былі пакараныя, а маці памерла, не вытрымаўшы пакут. З таго часу ў гэты дзень прынята ўшаноўваць святых мучанікаў.
Другая версія паходжання гэтай назвы, больш народная, — ад слова «мак», які спее менавіта ў гэты час. Адсюль і яшчэ адзін звычай у гэта свята — асвячаць мак.
Мядовы Спас заўсёды лічыўся сямейным і дабрачынным святам. Яго галоўныя традыцыі звязаны з удзячнасцю за ўраджай і клопатам аб блізкіх.

У храмах здзяйсняюцца асаблівыя богаслужэнні. Святары апранаюць фіялетавыя адзенні. Такое на працягу года здараецца даволі рэдка — толькі ў даты, прысвечаныя Крыжу Гасподняму.
Вернікі прыходзяць у храмы, каб асвяціць мёд, гаючыя травы, прынесеныя з дому, робяць мядовыя дары пажылым людзям, дзецям, маламаёмным. Вішуюць адно аднаго і жадаюць салодкага жыцця.
Дарэчы, асвячэнне мёду не лічыцца абавязковым царкоўным прадпісаннем, але ўспрымаецца як падзяка Богу за дары прыроды. У народзе верылі, што асвечаныя прадукты маюць асаблівую сілу.
Хоць з Мядовага Спасу пачынаецца Успенскі пост, святочны стол у гэты дзень не становіцца сціплым і аднастайным. На ім традыцыйна з’яўляюцца мядовыя пернікі, посныя пірагі з макам, збіцень. Многія гатуюць запечаныя яблыкі з мёдам, аўсянае печыва, варэнікі, бліны з макам і мёдам.
Пры гэтым галоўным правілам свята застаецца ўмеранасць. Царква нагадвае, што пост звязаны не столькі з харчовымі абмежаваннямі, колькі з малітвай, добрымі справамі і імкненнем да міру з навакольнымі.
Народныя прыметы
-
Дажджлівы дзень на Макавея лічыўся прадвеснікам сырой восені, а сонечнае надвор’е абяцала цёплы верасень.
-
Ластаўкі, якія збіваліся ў чародкі, успрымаліся як знак надыходзячага пахаладання.
-
Для сялян Макавей быў яшчэ і важнай гаспадарчай адзнакай. Нездарма казалі: «Першы Спас — першая сяўба!» Гэта быў сігнал, што час рыхтаваць палі і прымацца за сяўбу азімых.
-
Назіралі і за пчоламі. Калі насякомыя станавіліся ціхімі і млявымі, гэта лічылі прадвесцем халоднай і суровай зімы.
-
Густая ранішняя раса абяцала не толькі спякотны дзень, але і мяккія зімовыя месяцы. Наадварот, раптоўны ранішні халадок папярэджваў аб раннім прыходзе сцюжы.
-
Аб хуткім пахаладанні меркавалі і па раслінах: адцвілыя ружы і рана счырванелая рабіна сігналізавалі аб хуткім надыходзе восені.