Top.Mail.Ru

«Мяне натхняюць людзі, якія тут пражываюць». Дырэктар пансіяната аб падапечных і іх лёсах

Эльміра Шарметава больш як дзесяць гадоў узначальвае адну з буйнейшых сацыяльных устаноў — Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Гармонія». Тут жывуць людзі, якія маюць патрэбу ў пастаяннай увазе, падтрымцы і клопаце. Разам з калектывам дырэктар стварае для падапечных умовы, максімальна набліжаныя да дамашніх, дапамагае ім рэалізаваць сябе і інтэгравацца ў грамадства. Пагаварылі з нашай гераіняй аб выбары жыццёвага шляху, камандзе аднадумцаў і бязмежным чалавечым рэсурсе.



«З дзяцінства ведала, што такое клапаціцца адзін аб адным»

Эльміра Шарметава нарадзілася і вырасла ў Мінску ў шматдзетнай сям’і. Яе бацька, па нацыянальнасці ўзбек, прыехаў у беларускую сталіцу ў 18 гадоў служыць у арміі. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай. У сям’і нарадзіліся трое дзяцей.

— Адносіны з братамі ў мяне выдатныя: цёплыя і сяброўскія нават у дарослым узросце. Мы раслі ў сям’і, дзе з самага нараджэння было прывіта разуменне, што трэба клапаціцца адзін аб адным, любіць людзей і свет, у якім жывеш. Гэта была аснова нашага выхавання, — расказвае Эльміра Шарметава.
У дзяцінстве наша гераіня разам з братамі і сябрамі любіла гуляць у школу. Яна была ўпэўнена, што ў будучым абавязкова стане педагогам. Так і атрымалася. Эльміра Алабергенаўна з адзнакай скончыла філалагічны факультэт БДУ. У 19 гадоў прыйшла працаваць настаўнікам пачатковых класаў у адну з мінскіх школ. Праз 11 гадоў стала намеснікам дырэктара, а потым узначаліла ўстанову.

— Дзякуючы майму жаданню і імкненню дасягнуць нечага большага прайшла ўсе прыступкі. Праз шмат гадоў я з гордасцю назіраю, якімі добрымі, правільнымі і па-сапраўднаму дастойнымі людзьмі нашай краіны сталі мае вучні, — прызнаецца Эльміра Алабергенаўна.

У 2014 годзе нашай гераіні паступіла прапанова — стаць кіраўніком Мінскага гарадскога сацыяльнага пансіяната «Гармонія» (тады ён называўся Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 2).

— Гэта быў усвядомлены выбар. Работа ў школе і ў сацыяльнай сферы вельмі падобныя — гэта ў першую чаргу ўзаемадзеянне з людзьмі. Згадзілася з жадання дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў пастаяннай абароне і клопаце. Я ведала, што ў мяне ёсць магчымасці даць тое, што неабходна людзям, — адзначае субяседніца.



Галоўны ўрок — ад мамы 

Вялікі ўплыў на жыццё нашай гераіні аказала яе мама. Абставіны склаліся так, што сям’я рана засталася без падтрымкі бацькі і выхаванне траіх дзяцей лягло на яе плечы. Яна працавала ў сферы гандлю, на работу ішла вельмі рана і вярталася позна вечарам. Аднак дом заўсёды быў напоўнены ўтульнасцю, у ім смачна пахла ежай, усюды панавала ідэальная чысціня, а ўсе трое дзяцей былі акружаны любоўю, клопатам і ўвагай.

— Я сама мама — выгадавала сына. І ведаю, як часам не хапае часу на дзіця, дом і работу. Аднойчы спытала ў мамы: «Як у цябе атрымалася адной паставіць на ногі траіх дзяцей?» Яе адказ мяне ўразіў: «Я проста вас вельмі люблю», — успамінае Эльміра Шарметава. — Вобраз жанчыны-маці нам спецыяльна не прывівалі. Мы проста бачылі і адчувалі яе клопат. Мама ніколі на нас не крычала і не карала, але мы дакладна ведалі, што павінен рабіць кожны, як правільна і сумленна жыць, працаваць і вучыцца, па-добраму ставіцца да людзей.
Некалькі гадоў таму маці Эльміры Алабергенаўны не стала. Апошнія чатыры гады жыцця жанчына, якая перанесла два інсульты, мела патрэбу ў пастаянным клопаце. Дачка была побач і акружыла яе ўвагай. Менавіта гэты вопыт шмат у чым дапамог Эльміры Шарметавай больш глыбока зразумець сутнасць работы ў сацыяльным пансіянаце.

 

«Мяне натхняюць людзі, якія тут пражываюць»

Дырэктарам сацыяльнай установы наша гераіня працуе ўжо 12 гадоў. Тыя эмоцыі і пачуцці, якія яна адчула ў першы рабочы дзень, памятае да гэтага часу.

— Былі слёзы. Вельмі складана глядзець на чалавечы боль, на людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Але гэта мой выбар, мая работа, якую павінна выконваць дакладна і правільна. З першага дня вызначылася з тым, што менавіта магу даць і якія ўнутраныя рэсурсы выкарыстоўваць, каб аблягчыць жыццё пастаяльцаў пансіяната. Цяпер з гордасцю магу сказаць, што наша сацыяльная ўстанова — адна з вядучых не толькі ў сталіцы, але і ў краіне, — гаворыць Эльміра Алабергенаўна і дадае, што ў першыя дні работы яе ўражвала, як шмат ёсць адзінокіх людзей.

Сёння ў «Гармоніі» пражывае 550 чалавек. Гэта людзі, якія пазбаўлены або абмежаваны ў дзеяздольнасці, адзінокія пажылыя грамадзяне, а таксама людзі з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Узрост падапечных вар’іруецца ад 18 да 93 гадоў. Адны знаходзяцца тут гадамі, іншыя прыязджаюць на пэўны перыяд. Тым не менш за кожным чалавекам стаіць свой вельмі складаны лёс.

Вывучаючы медыцынскую дакументацыю падапечнага, Эльміра Алабергенаўна нібыта сама пражывае яго гісторыю.

 
— Прывыкнуць да чалавечага болю і пакут немагчыма. Мая задача як кіраўніка — стварыць для падапечных умовы, набліжаныя да дамашніх. Сацыяльны пансіянат — тая дзяржаўная ўстанова, якая павінна стаць родным домам для пастаяльцаў, месцам, дзе яны жывуць, займаюцца любімай справай, адчуваюць сябе патрэбнымі і, што важна, стабілізуюць свой псіхалагічны стан. Яны павінны адчуваць тут клопат і апеку, — упэўнена дырэктар пансіяната. — Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем адзінокім людзям, якіх не наведваюць родныя і блізкія.

Эльміра Алабергенаўна хоць і стараецца раздзяляць дом і работу, але не заўсёды ёй удаецца пакідаць усе перажыванні за дзвярыма пансіяната. Спраўляцца са складанымі момантамі дапамагае сям’я, з якой яна любіць праводзіць час, а таксама паездкі за горад на дачу.

— Пасля кожнага складанага моманту прыходзіць столькі пазітыўных думак. Мяне натхняюць людзі, якія пражываюць у пансіянаце. Я разумею, што толькі з добрым настроем і добрымі ідэямі магу прынесці радасць. Без любові да людзей працаваць у пансіянаце немагчыма, — прызнаецца Эльміра Шарметава.

Пры гэтым дырэктар дадае, што яе жыццёвы і прафесійны шлях наўрад ці склаўся б у адзіночку. Побач з ёй — каманда аднадумцаў. Усяго ў штаце пансіяната амаль 300 чалавек, якія сваёй штодзённай працай і стаўленнем да работы заслугоўваюць глыбокай павагі.

 

Пансіянат магчымасцей 

У кастрычніку мінулага года на вуліцы Ангарскай адкрыўся новы сучасны корпус пансіяната «Гармонія». У будынку прасторныя і светлыя пакоі. Таксама тут ёсць утульныя зоны для адпачынку і творчасці. Такія ўмовы даюць магчымасць пастаяльцам не проста жыць у камфорце, але і займацца тым, што цікава.

— У пансіянаце рэалізуюць 22 сацыяльныя праекты — пражываючыя могуць выбраць занятак даспадобы і адчуваць сябе патрэбнымі ў гэтым свеце. А гэта адзін з самых галоўных этапаў сацыялізацыі і інтэграцыі інвалідаў у грамадства, — сцвярджае Эльміра Шарметава. — Мы стараемся ўключыць у тую ці іншую сферу дзейнасці ўсіх падапечных.

У лік найбольш паспяховых праектаў пансіяната ўваходзіць швейная майстэрня «Пярсцёнак», дзе пастаяльцы самастойна шыюць пасцельную бялізну і адзенне. У будучым чакаецца подыумная выстаўка ўбораў падапечных. Вялікай папулярнасцю карыстаецца ганчарная майстэрня, фатаграфічная студыя «Я анлайн», а таксама мноства іншых праектаў у аркестравай, вакальнай і мастацкай дзейнасці.
Выдзеліць нейкае адно асаблівае месца ў пансіянаце наша гераіня не можа. Кожны квадратны метр сацустановы ёй дарагі — ва ўсё было ўкладзена шмат сіл, энергіі і душы. Эльміра Алабергенаўна вельмі любіць бываць у мастацкай галерэі, дзе знаходзяцца работы ўдзельнікаў праекта «Аўтсайдар арт». Карціны падапечных выстаўляюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і розных галерэях Мінска, прадстаўляюцца ў іншых гарадах, а таксама на штогадовым фестывалі для людзей з інваліднасцю ў Маскве. Дырэктару пансіяната падабаецца прыходзіць і ў аркестравы клас, дзе праводзіць рэпетыцыі музычны калектыў «Аляксандр бэнд Мінск». У ім прымаюць удзел людзі, пазбаўленыя дзеяздольнасці.

 

— У гэтым месцы бачу каласальную шматгадовую работу ўсяго калектыву. Гэта вельмі вялікі аркестр, дзе людзі, якія да гэтага нічога не ведалі аб нотнай грамаце цяпер віртуозна валодаюць практычна любым музычным інструментам. Дзякуючы выкарыстанню колеравай сістэмы яны змаглі навучыцца і цяпер выступаюць на многіх значных пляцоўках. З 22 праектаў пансіяната аркестр «Аляксандр бэнд Мінск» — наш брэнд, — з гордасцю гаворыць Эльміра Шарметава.

Акрамя сацыяльных праектаў для інтэграцыі падапечных у грамадства важную ролю адыгрывае рэлігійны складнік. Унутры пансіяната ёсць свой Дамавы храм, які ў сакавіку гэтага года благаславіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і падарыў пастаяльцам набор для хрышчэння, малітваслоў і абраз.

— З праваслаўным духавенствам у нас наладжана шматгадовае супрацоўніцтва. У Дамавым храме праводзяцца не толькі літургія і прычасце, але і хрышчэнне. Некаторыя з пастаяльцаў не праходзілі гэты абрад у дзяцінстве. Таксама арганізуюцца духоўныя гутаркі з падапечнымі, што вельмі важна. Людзі ж прыйшлі да нас са сваім веравызнаннем, жыццёвым вопытам, і мы стараемся падтрымаць кожнага, хто жыве ў пансіянаце, — гаворыць Эльміра Алабергенаўна. 


«Калі пастукаеш, табе абавязкова адкрыюць»

У «Гармоніі» знаходзяцца зусім розныя па сваім стане здароўя пастаяльцы. На першым, другім і трэцім паверхах пражываюць ляжачыя і маларухомыя людзі. Для іх у пакоях устаноўлены функцыянальныя ложкі з поўнасцю электронным кіраваннем. Для дадатковага камфорту яны аснашчаны сістэмай для прадухілення з’яўлення пролежняў.

— Гэты від ложка знаходзіцца ў рэанімацыях устаноў аховы здароўя. Гэта вельмі дарагое абсталяванне, якое было складана атрымаць. Але ўсё атрымліваецца, калі ёсць вялікае жаданне ісці да мэты. Калі пастукаеш, табе абавязкова адкрыюць, — упэўнена дырэктар сацустановы.

На чацвёртым і пятым паверхах пражываюць больш мабільныя людзі. Для іх у пакоях створаны камфортныя ўмовы, набліжаныя да дамашніх.

— Наша дзяржава шмат робіць для людзей, якія маюць патрэбу ў абароне і падтрымцы. Іншыя краіны могуць павучыцца таму, як трэба клапаціцца аб людзях. Мне ёсць з чым параўнаць. Я была ва ўстановах Еўропы і Азіі, бачыла іх сістэму сацыяльнай абароны. Магу сказаць, што такой, як у нас, нідзе няма, — расказвае гераіня нашага праекта.
Адзінокія падапечныя знаходзяцца на поўным дзяржаўным утрыманні, кошт якога на аднаго чалавека ад 2 тыс. рублёў у месяц. У той час як платнае ўтрыманне сваякам пажылога грамадзяніна абыходзіцца ў два разы танней. Паводле слоў Эльміры Шарметавай, гэта сведчыць аб тым, што дзяржава праяўляе вялікі клопат аб маючых патрэбу, родныя якіх не могуць даглядаць іх. Таму, калі яна была дэлегатам на VI Усебеларускім народным сходзе ў 2021 годзе, узнімала пытанне аб адказнасці людзей, якія абавязаны ўтрымліваць маючых патрэбу ў дапамозе сваякоў.

— Мяне як дэлегата хвалявала вырашэнне пытанняў сацыяльнай падтрымкі, умацаванне здароўя пажылых і людзей з інваліднасцю, а таксама іх дастойная сацыяльная адаптацыя ў грамадстве. І я ганаруся, што жыву і працую ў вышэйшай ступені сацыяльна арыентаванай дзяржаве, дзе з кожным годам абнаўляюцца і паляпшаюцца напрамкі ў развіцці сацыяльных гарантый, — з гордасцю адзначае Эльміра Алабергенаўна.


«Няхай у кожнага будуць дом і сям’я» 

Па выніках 2022 года за ўклад у сферу сацыяльна-эканамічнага развіцця Эльміры Шарметавай была ўручана ўзнагарода «Мінчанін года». Па прызнанні гераіні, прысваенне звання стала для яе нечаканасцю.

— Гэта быў вельмі хвалюючы і адказны момант не толькі для мяне, але і для ўсяго нашага калектыву. З вялікай гордасцю прыняла гэту ўзнагароду. Лічу, яна — вынік працы ўсіх супрацоўнікаў пансіяната. Ва ўстанове няма цякучасці кадраў, а гэта значыць, што людзі працуюць тут з любоўю і адкрытым сэрцам. Таксама радуюся і ганаруся дасягненнямі сваіх падапечных. Тыя ж эмоцыі зведваю і тады, калі бачу ўдзячнасць іх сваякоў, — дзеліцца Эльміра Алабергенаўна.
За гады работы ў сацыяльнай сферы, дзе штодзённа даводзіцца сутыкацца з чалавечым горам, дырэктар пансіяната «Гармонія» вельмі шмат новага даведалася як пра сябе, так і пра людзей.

— Чалавечыя рэсурсы бязмежныя. Калі ты ставіш перад сабой мэту, то абавязкова яе дасягнеш. Людзям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў падтрымцы і клопаце, хочацца сказаць, што яны не адзінокія і жывуць у той краіне, дзе ў любой сітуацыі іх змогуць падтрымаць і даць тое, аб чым яны мараць, — гаворыць Эльміра Шарметава і дзеліцца сваімі пажаданнямі: — Хочацца, каб вакол быў мір і ў кожнага чалавека былі дом і сям’я.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю