Top.Mail.Ru

Мяняюцца падыходы і віды аказання фінансавай падтрымкі ад дзяржавы

У пачатку мая ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта № 177 «Аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы». Расказваем, што прадугледжвае дакумент.


Яго распрацоўшчыкі і эксперты ў сферы эканомікі і фінансаў у першую чаргу адзначаюць, што новы ўказ пашырыў віды дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, якія могуць быць аказаны камерцыйным юрыдычным асобам індывідуальна. Разам са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіславам Татарыновічам дэталёва разбяром, хто і калі можа разлічваць на фінансавую падтрымку дзяржавы.

Пра якія інструменты ідзе гаворка?

Па словах эксперта, да іх аднесены прадастаўленне бюджэтных трансфертаў на пакрыццё часткі затрат па інвестыцыйных праектах; унясенне ўкладаў у статутныя фонды юрыдычных асоб за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (па рашэнні Прэзідэнта Беларусі), за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў (па рашэнні адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў); выдача бюджэтных пазык па рашэнні Прэзідэнта за кошт бюджэтных сродкаў; у іншым выглядзе (таксама па рашэнні кіраўніка дзяржавы).

Варта сказаць, што па раней дзейным Указе № 106 «Аб дзяржаўных праграмах і аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі» суб’екты гаспадарання маглі прэтэндаваць на аказанне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі толькі ў выпадку рэалізацыі інвестпраектаў у рамках дзяржпраграм і толькі ў выглядзе кампенсацыі за кошт бюджэтных сродкаў на ўмовах конкурсу часткі расходаў для набыцця тэхналагічнага абсталявання і запчастак, а таксама ў выглядзе прадастаўлення Банкам развіцця крэдытаў на ўмовах конкурсу.

— Калі суб’ект гаспадарання не з’яўляўся выканаўцам мерапрыемстваў дзяржаўных праграм, Указам № 106 дапускалася магчымасць аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў іншым выглядзе і парадку ў выключных выпадках па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці такой падтрымкі, — растлумачыў суразмоўца.

Дарэчы, новы ўказ быў выдадзены дзеля ўпарадкавання падыходаў да прыняцця рашэнняў па аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі юрасобам з улікам назапашанай практыкі прававога рэгулявання гэтых пытанняў.

У сувязі з чым, звяртае ўвагу сенатар, пры аналізе палажэнняў Указа № 177 неабходна таксама ўлічваць наступныя важныя моманты.

Па-першае. У нашай краіне паслядоўна рэалізоўваецца прынцып устанаўлення льгот і прэферэнцый у сферы падаткаў і фінансаў пераважна на катэгарыяльнай аснове.

— Падатковы кодэкс вызначае льготы па падатках, зборах (пошлінах) як перавагі, якія прадастаўляюцца асобным катэгорыям плацельшчыкаў у параўнанні з іншымі плацельшчыкамі, уключаючы магчымасць не выплачваць падатак, збор альбо выплачваць іх у меншым памеры, — тлумачыць суразмоўца. — Таму льготы для катэгорый плацельшчыкаў устанаўліваюцца ў выглядзе вызвалення ад падатку, збору; дадатковых у адносінах да агульных для ўсіх плацельшчыкаў падатковых вылікаў ці іншага змяншэння падатковай базы альбо сумы падатку і іншых прэферэнцый.

Паводле яго слоў, у бюджэтным заканадаўстве агульнае паняцце «падтрымка» прадугледжвае накіраванне асобным катэгорыям юрыдычных асоб, ІП і фізічных асоб бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Па-другое. У рамках кадыфікацыі падатковага заканадаўства пытанні змянення ўстаноўленага тэрміну выплаты падаткаў, збораў (пошлін), пені рэгулююцца Падатковым кодэксам.
Старшыня профільнай камісіі адзначыў, што гэты тэрмін можа быць зменены. Як?

Напрыклад, прадастаўленнем:

  • адтэрміноўкі з аднаразовай выплатай сум падаткаў, збораў (пошлін), пені — на тэрмін не больш за адзін год;
  • растэрміноўкі з паэтапнай выплатай (штомесяц або штоквартальна роўнымі долямі) сум запазычанасці падаткаў, збораў (пошлін), пені — таксама на тэрмін не больш за адзін год;
  • адтэрміноўкі з наступнай растэрміноўкай — не больш за 2 гады;
  • падатковага крэдыту з аднаразовай альбо паэтапнай выплатай (штомесяц або штоквартальна роўнымі долямі) сум падаткаў, збораў (пошлін), пені ў перыяд дзеяння гэтага крэдыту — на тэрмін ад аднаго года да 3 гадоў.

— Такія рашэнні для плацельшчыкаў індывідуальна прымаюцца Прэзідэнтам Беларусі, а па падатках, зборах (пошлінах), якія цалкам выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, — мясцовымі Саветамі дэпутатаў абласнога або базавага ўзроўняў альбо па іх даручэнні мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, — тлумачыць старшыня профільнай камісіі.

Па-трэцяе. Указам № 177 вызначана паўнавартасная сістэма пацвярджэння абгрунтаванасці накіравання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі канкрэтнай юрыдычнай асобе. Што гэта значыць?

Напрыклад, на стадыі падрыхтоўкі праекта рашэння Прэзідэнта Беларусі аб аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі неабходна наяўнасць станоўчага заключэння Мінэканомікі аб канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якая выпускаецца, а таксама эканамічнага абгрунтавання фінансавага стану юрасобы і перспектыў яе развіцця, прынятых (планаваных да правядзення) мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў і павышэнні эфектыўнасці работы.

На стадыі рэалізацыі прынятага рашэння аб аказанні такой падтрымкі вядзецца кантроль выканання асноўных паказчыкаў дзейнасці юрасобы, дасягненне якіх з’яўляецца ўмовай аказання такой падтрымкі. Дарэчы, іх карэкціроўка на працягу каляндарнага года не дапускаецца. Таксама для юрасоб, якія атрымалі дзяржаўную падтрымку (акрамя бюджэтных трансфертаў на пакрыццё часткі выдаткаў па інвестпраектах), устаноўлены абавязак штоквартальна даваць свайму міністэрству або аблвыканкаму справаздачу аб эфектыўнасці і кірунках выкарыстання выдзеленай падтрымкі.

Што датычыцца наступстваў невыканання ўмоў прадастаўленай фінансавай падтрымкі, то кіраўніку юрасобы, якому яна аказана, «свеціць» прыцягненне да адказнасці, уключаючы поўнае альбо частковае зніжэнне памеру прэмій. У выпадку выдачы бюджэтных пазык памер працэнтаў за карыстанне імі павялічваецца на 1 працэнтны пункт з 1 студзеня года, што надыходзіць за годам, у якім не забяспечана выкананне ўстаноўленых асноўных паказчыкаў дзейнасці юрасобы.

— У цэлым па выніках мінулага каляндарнага года вышэйстаячым міністэрствам або аблвыканкамам у залежнасці ад падпарадкаванасці юрасобы ўносяцца прапановы на разгляд Саўміна аб магчымасці далейшага аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, прадастаўленай на падставе рашэння Прэзідэнта Беларусі, — дапаўняе Уладзіслаў Татарыновіч.

Па-чацвёртае. Указ № 177 забяспечвае пераемнасць ужо сфарміраваных і запатрабаваных на практыцы рашэнняў па падтрымцы такіх катэгорый, як суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (да іх, дарэчы, адносяцца і індывідуальныя прадпрымальнікі), сельгасвытворцы. Аказанне падтрымкі гэтым катэгорыям індывідуальна будзе ажыццяўляцца па раней дзейным парадку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю