Лістапад для члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алега Кузьміна ў Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11 выдаўся насычаным і шматгранным. На першым плане, па словах парламентарыя, былі сустрэчы з людзьмі і ўвага да іх патрэб. Карэспандэнт «МС» распытала, якімі менавіта падзеямі быў насычаны дэпутацкі тыдзень «у палях».
Даніна памяці і гістарычнай праўдзе
— Пачатак месяца адзначыўся важнай датай — 109-й гадавінай Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Разам з жыхарамі Івацэвічаў я ўзяў удзел у мітынгу і ўскладанні кветак да помніка Уладзіміру Ільічу Леніну. Для нас, беларусаў, сёмага лістапада — не проста дата, а напамін пра лёсавызначальныя старонкі гісторыі, права народа на самавызначэнне і стваральную працу.
Асабліва сімвалічным стаў дзень у Белаазёрску, дзе мы адзначылі 50-годдзе з дня ўстанаўлення помніка савецкім лётчыкам, воінам і партызанам. У брацкай магіле спачываюць 49 герояў, у тым ліку 19 лётчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Аддаючы даніну павагі мінуламу, мы будуем будучыню. Вельмі сімвалічна, што ў гэты дзень разам з гараджанамі і ўдзельнікамі аўтапрабегу мы не толькі ўшанавалі памяць загінулых, але і ўзялі ўдзел у карыснай справе — высадцы дрэў на Алеі сям’і. Упэўнены, што захаванне гістарычнай памяці і клопат пра будучыню — падмурак нашага развіцця, — адзначыў парламентарый.
Мясцовы бізнес набірае абароты
Рэальны сектар эканомікі — гэта лакаматыў развіцця, лічыць дэпутат.
— Прыемна бачыць, як мясцовы бізнес набірае абароты, — падзяліўся думкамі ён. — У Івацэвічах паўдзельнічаў у адкрыцці другой лініі цэха па вытворчасці будаўнічай шпількі ў ТАА «Ізамат-камплект». Наведаў ПСУП «Грэнбуд», дзе вырабляюць бетонныя карпусы для трансфарматарных падстанцый. Яго кіраўнік Павел Пякарскі — дасведчаны спецыяліст, які здолеў стварыць узорныя бытавыя ўмовы для работнікаў і ўкараніць энергаэфектыўныя тэхналогіі. Прадпрыемства плануе будаўніцтва другога цэха, што сведчыць пра ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Раніца аднаго з дзён у акрузе пачалася на Целяханскай лыжнай фабрыцы. Абмеркавалі з дырэктарам мадэрнізацыю вытворчасці і пераход на глыбокую перапрацоўку драўніны. Фабрыка выпускае да 20 тысяч пар лыж у год, займае 80 % беларускага рынку і запусціла новую лінейку прадукцыі.
У Белаазёрску наведаў прыватнае прадпрыемства «ГутэрБел». За няпоўныя 10 гадоў яно стала прыкметным вытворцам вадасцёкавых сістэм і дахавых матэрыялаў у Брэсцкай вобласці. Тут робіцца стаўка на сучасныя тэхналогіі і строгі кантроль якасці, якія прыносяць свае вынікі. У планах — маштабны праект: размяшчэнне новых цэхаў на плошчах былой фермы. Гэта не проста рост магутнасцяў, а новыя працоўныя месцы для рэгіёна, — падкрэсліў дэпутат.
Падчас работы ў акрузе Алег Аляксеевіч таксама наведаў ААТ «Івацэвічырайагратэхсэрвіс», дзе абмеркаваў з кіраўніцтвам якасць абслугоўвання сельгастэхнікі. Акрамя таго, парламентарый пабываў у каўбасным цэху Івацэвіцкага райспажыўтаварыства. Асартымент налічвае больш за 70 найменняў, і ён увесь час абнаўляецца. Прадукцыя запатрабавана ў гандлёвых сетках і экспартуецца ў Казахстан.
Клопат пра людзей і сацыяльная інфраструктура
Дэпутацкая дзейнасць — гэта перш за ўсё сустрэчы з людзьмі і ўвага да іх патрэб, упэўнены Алег Кузьмін.
— У вёсцы Рудня мяне чакала заяўніца, чыя сітуацыя была крытычнай, але яе ўдалося вывесці з тупіка. Калі побач шчырыя людзі, любыя сцены бурацца, — лічыць парламентарый.
Прыемна бачыць, як захоўваецца інфраструктура ў малых вёсках. Так, у будынку закрытай школы ў Рудні размясціліся фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка і пошта. Усюды адчуваецца гаспадарскі падыход. У мясцовым ФАПе ёсць нават ЭКГ, а фельчар на электравеласіпедзе гатовая прыйсці на дапамогу ў любы час.
У Сакалоўскім сельвыканкаме я правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію. Аграгарадок сустрэў мяне абноўленым асфальтам і гулам тэхнікі — практычна па ўсіх асноўных вуліцах вядзецца кладка асфальту! Жыццё ў вёсцы становіцца больш камфортным, і гэта радуе.
Таксама наведаў дзіцячы сад № 4 у Целяханах і Хадакоўскі сельскі Дом культуры. Усюды — чысціня, парадак і людзі, шчыра адданыя сваёй справе.
Сакалоўскі дзіцячы садок, у якім я таксама пабываў, уразіў прадуманасцю дэталяў: новыя веранды, горкі, дзіцячыя машынкі службаў 102 і 112, месца для агарода і нават метэапляцоўка, з якой дзеткі самі здымаюць паказанні! У садку ўсяго дзве групы, але 36 чалавек — больш, чым у іншых сельскіх садках. Думаю, пры такіх адносінах да выхавання колькасць выхаванцаў дакладна не паменшыцца!
Справа лясная, карысная
Уражанні ў Алега Аляксеевіча засталіся і ад візіту ў Івацэвіцкі доследны лясгас.
— Комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай — гэта падмурак зялёнай будучыні краіны, — адзначыў ён. — Калектыў усяго з сямі чалавек паспявае даглядаць тысячу раслін. Начальнік комплексу Іна Ягніш правяла для мяне сапраўдны адкрыты ўрок — ад насення да саджанца. Ужо на падыходзе другая лінія цяпліц, якая дазволіць цалкам закрыць патрэбы Брэсцкай вобласці.
Перадаваць памяць нашчадкам
— Асабліва дарагой сэрцу тэмай для мяне, чалавека, які адпрацаваў у школе 33 гады, стала 60-годдзе Велікагацкай сярэдняй школы, — падзяліўся дэпутат. — Мы ўшаноўвалі педагогаў-ветэранаў, цяперашні калектыў і вучняў. Радуе, што ўстанова застаецца цэнтрам прыцягнення ў вёсцы.
У цэнтры населенага пункта Вялікая Гаць мы ўрачыста адкрылі пляцоўку гістарычнай памяці «Захоўваючы, ствараем» — музей пад адкрытым небам, створаны па ініцыятыве мясцовых жыхароў. Тут сабрана каля сотні рарытэтаў: ад ткацкага станка да макета паравоза вузкакалейкі. Гэты праект — прыклад таго, як у мірнай краіне можна ствараць і перадаваць памяць нашчадкам.
У рамках праекта «Школьніку пра важнае» сустрэўся са старшакласнікамі сярэдняй школы № 1 у Івацэвічах. Гаварылі пра патрыятызм, прафесіі і любоў да сваёй зямлі. Пытанні моладзі, шчыра скажу, здзівілі глыбінёй, а гледзячы на гэтых дзяўчат і хлопцаў, я разумею: у нашай краіны цудоўная будучыня.
У аграгарадку Хадакі наведаў былы будынак школы, які атрымаў другое жыццё дзякуючы маладой прадпрымальніцы Таццяне Снітко. Яна стварыла тут творчую студыю, зрабіла рамонт сваімі рукамі і развівае турызм.
У Белаазёрску сустрэўся з навучэнцамі адзінаццатых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 3». Адразу дамовіліся: ніякага афіцыёзу. Размова «без гальштука» атрымалася сумленнай і адкрытай. Было цікава назіраць, як змяняецца фокус пытанняў: ад разважанняў аб будучай прафесіі да цалкам дарослых заканадаўчых ініцыятыў.
У ДУА «Агароднікаўская сярэдняя школа» педагогі і навучэнцы арганізавалі дыялогавую пляцоўку «25 пытанняў дэпутату». Пытанні былі глыбокімі: ад школьнага жыцця да разважанняў пра куміраў і пераадоленне цяжкасцяў.
Завяршыў месяц сустрэчамі з дырэктарамі школ раёна і старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі Васілём Разумейчыкам. Абмяркоўвалі надзённыя праблемы сістэмы адукацыі, падтрымку ветэранаў педагагічнай работы і абарону інтарэсаў тых, хто працуе. Я лічу, што толькі ў адкрытым дыялогу нараджаюцца рашэнні, якія сапраўды працуюць.
Завяршыўся месяц балем прысвячэння ў ліцэісты ў ДУА «Ліцэй Івацэвіцкага раёна». Дзяўчаты і хлопцы творча прадставілі класы і профілі, выканалі класічныя бальныя танцы.
І гэта — далёка не ўвесь пералік мерапрыемстваў, якімі быў насычаны тыдзень у Івацэвіцкай выбарчай акрузе № 11.
— Галоўнае, што я вынес з гэтых дзён: мясцовасць жыве, развіваецца і зберагае свае традыцыі. Усюды — на вытворчасці, у школе, дзіцячым садку — працуюць людзі, якія любяць сваю справу і сваю зямлю. Удзячны ўсім, хто побач і шчыра дзеліцца і радасцямі, і праблемамі, — адзначыў Алег Кузьмін.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота з асабістага архіва Алега КУЗЬМІНА