У Гомельскай вобласці набірае абароты новая ініцыятыва, накіраваная на развіццё ўнутранага турызму і захаванне духоўнай спадчыны. У Добрушскім раёне пры падтрымцы Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў рэалізаваны ўнікальны турыстычны маршрут, прысвечаны аднаму з самых шанаваных святых Беларускай праваслаўнай царквы — Іаану Кармянскаму.
Аграгарадок Карма Добрушскага раёна — вядомы духоўны цэнтр. Тут у Свята-Пакроўскай царкве знаходзяцца нятленныя мошчы святога праведнага Іаана Кармянскага. Яго імя носіць жаночы манастыр, адкрыты пры храме, а ў Кармянскай сярэдняй школе дзейнічае ўнікальны праваслаўны пакой-музей. Усе гэтыя святыні і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём святога, цяпер аб’яднаны ў адзіны экскурсійны маршрут — «Па святой зямлі Іаана Кармянскага».
Праект, распрацаваны педагогамі школы, атрымаў падтрымку мясцовых жыхароў і стаў пераможцам конкурсу праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаванага Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Неабходныя 10 % ад агульнай сумы праекта былі сабраны ініцыятыўнай групай за лічаныя дні. Мясцовыя жыхары падтрымалі ініцыятыву з энтузіязмам.
На шэсць тысяч рублёў прызавых сродкаў набылі планшэты для экскурсаводаў і аўдыя-апаратуру: мікшар, узмацняльнік, мікрафоны. Гэта дазволіць праводзіць экскурсіі для вялікіх груп паломнікаў і турыстаў.
Як звяртае ўвагу дырэктар Кармянскай сярэдняй школы Кацярына Балюнова, значную работу па каардынацыі намаганняў падчас рэалізацыі праекта правялі прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства, работнікі культуры і адукацыі. Дзякуючы ўзаемадзеянню на ўсіх узроўнях і актыўнаму ўдзелу жыхароў раёна праект удалося рэалізаваць у кароткія тэрміны.
— Гэта прыклад таго, як мясцовая ініцыятыва можа перарасці ў важнае пачынанне. Мы не толькі захавалі памяць аб вялікім чалавеку, але і стварылі турыстычны прадукт, цікавы для жыхароў усёй Беларусі, — пераканана Кацярына Балюнова.
Экскурсійны маршрут уключае ў сябе некалькі прыпынкаў. Ён пачынаецца з праваслаўнага пакоя школьнага музея, дзе захоўваюцца ўнікальныя кніжныя выданні, фатаграфіі і падарункі ад храма. Далей экскурсанты наведваюць месца пахавання святога праведнага Іаана Кармянскага ў вёсцы Агародня, а потым Свята-Пакроўскі храм і Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр у Карме.


Па словах члена ініцыятыўнай групы праекта грамадзянскай ініцыятывы, кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання Кармянскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Аляксандра Краўчанкі, важна, што экскурсійны маршрут «Па святой зямлі Іаана Кармянскага» выклікаў цікавасць у педагогаў і кіраўнікоў навучальных устаноў. У рамках пазакласнай работы з дзецьмі, патрыятычнага выхавання навучэнцы і педагогі змогуць наведаць экскурсіі па маршруце, даведацца аб жыцці святога, а таксама аб роднай зямлі, яе культуры, традыцыях, людзях. Так, духоўны змест маршруту спалучаецца з выхаваўчай місіяй.
У тым, што грамадзянскія ініцыятывы дапамагаюць жыхарам Гомельшчыны развіць сацыяльную, грамадзянскую адказнасць, пераканана член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
— Жыхары Гомельскай вобласці прадэманстравалі актыўнасць падчас адкрытых конкурсаў грамадзянскіх ініцыятыў. Гомельскі абласны Савет дэпутатаў накіраваў у Асацыяцыю мясцовых Саветаў больш за 160 праектаў-заявак па самых розных кірунках: гісторыі беларускай дзяржавы, адукацыі, культуры, духоўнага развіцця, добраўпарадкавання тэрыторый і іншых. Мы бачым вялікую цікавасць з боку насельніцтва, далучаюцца ўсе: ад дзяцей, юнакоў і дзяўчат да асоб залатога ўзросту, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — У развіцці руху грамадзянскіх ініцыятыў значным рэзервам з’яўляецца інфармацыйная работа. Рэальныя прыклады ініцыятыў могуць стымуляваць новыя ідэі і падыходы да вырашэння грамадскіх задач.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў