Беларусь гатова абмяркоўваць з Літвой любыя праблемныя пытанні, але без якіх-небудзь папярэдніх умоў. Аб гэтым заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў, адказваючы на пытанне агенцтва РІА Навіны адносна заяў прэм’ер-міністра і Прэзідэнта Літвы, паведаміла БелТА.
Журналісты звярнулі ўвагу на заяву прэм’ер-міністра Літвы Інгі Ругінене аб тым, што Вільнюс разгледзеў бы магчымасць сустрэчы з беларускімі прадстаўнікамі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў толькі пры выкананні Мінскам трох умоў: спыненне палётаў метэазондаў праз граніцу, вяртанне затрыманых у Беларусі фур без штрафаў і спыненне патоку нелегальных мігрантаў. Пры гэтым прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсліваў у сваіх заявах, што дыялог магчымы толькі пры праяўленні Беларуссю «добрасуседскай добрай волі». Журналісты пацікавіліся, як у МЗС Беларусі ацэньваюць гэту прапанову і вылучаныя літоўскім бокам умовы.
«У Мінску неаднаразова і максімальна выразна заяўлялі: мы гатовы абмяркоўваць любыя праблемныя пытанні без якіх-небудзь папярэдніх умоў. Гэта базавы прынцып, які зразумелы ўсім, уключаючы нашых партнёраў за акіянам: нядаўні візіт спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла гэта наглядна пацвердзіў», — звярнуў увагу Руслан Варанкоў.
«Штучныя ж ультыматумы, якія спрабуе выстаўляць Вільнюс, не маюць нічога агульнага ні з добрасуседствам, ні з нармальнай дыпламатычнай практыкай», — падкрэсліў ён.
Прэс-сакратар МЗС указаў на тое, што Беларусь ні да якіх трэціх бакоў за пасрэдніцтвам не звярталася. Ініцыятывы, якія гучаць ад знешніх партнёраў, — гэта іх уласнае бачанне. «Мы гатовы такія прапановы разглядаць, але не па чыёйсьці ўказцы», — сказаў ён.
«Калі ўжо гаварыць аб „добрасуседскай добрай волі“, то сёння ў літоўскага боку назбіралася нямала пытанняў, адказаў на якія патрабуе літоўскае грамадства. Ад работы граніцы і магчымасці наведваць сваякоў, даглядаць магілы блізкіх да разбураных бізнес-сувязей з Беларуссю. І вырашаць гэтыя пытанні паасобку мы не збіраемся. Тым больш што яны знаходзяцца ў плоскасці інтарэсаў самой Літвы. Адказваць за гэта перад сваім народам давядзецца іх жа кіраўніцтву», — прадоўжыў Руслан Варанкоў.
Наконт нежадання літоўскіх калег цяпер весці раўнапраўную размову з беларускім бокам і іх публічнага абвяшчэння патрабаванняў замест таго, каб садзіцца за стол перагавораў, прэс-сакратар МЗС заўважыў: «Што ж, нежаданне вырашаць пытанні, якія назбіраліся, застаецца на іх сумленні. З нашага ж боку адкрытасць да канструктыўнага дыялогу захоўваецца».