Кіраўнік МЗС нагадаў пра постчарнобыльскі перыяд у жыцці нашай краіны: «З цягам часу, нягледзячы на той факт, што Чарнобыльская аварыя мае доўгатэрміновы негатыўны эфект, цікавасць да гэтай тэмы з боку міжнароднай супольнасці стала зніжацца, міжнародная дапамога была мінімізавана, у тым ліку і па палітычных матывах. Сітуацыя пагоршылася з распадам Савецкага Саюза, у склад якога ўваходзілі тры пацярпелыя рэспублікі. У той момант маладая, яшчэ неакрэплая Беларусь, па сутнасці, засталася сам-насам са сваёй праблемай. Пераадоленне наступстваў чарнобыльскай аварыі стала задачай дзяржаўнай значнасці і практычна цалкам лягло на плечы дзяржавы».
Максім Рыжанкоў звярнуў увагу — дастаткова толькі параўнаць, які працэнт у той час складала замежная дапамога ў параўнанні з тым аб’ёмам рэсурсаў, якія наша маладая дзяржава выдаткоўвала для пераадолення наступстваў аварыі.
«Пытанні жыццядзейнасці насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях былі ўзятыя на асабісты кантроль кіраўніка дзяржавы і застаюцца ў сферы яго асаблівай увагі да гэтага часу, — адзначыў ён. — Кожны год у гэты дзень Прэзідэнт наведвае адзін з рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі, разглядаючы пытанні іх развіцця, аказання дапамогі ў рэалізацыі праектаў і, самае галоўнае, захавання гэтых зямель як зямель, на якіх жывуць людзі, ідзе жыццё, якія ўключаны ў гаспадарчы абарот».

Міністр таксама канстатаваў, што Беларусь набыла новы вопыт у радыяцыйнай медыцыне і па праве знаходзіцца сярод лідараў у барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі. «Мы атрымалі каласальны вопыт у мінімізацыі наступстваў і адраджэнні забруджаных тэрыторый. У беларускім грамадстве назаўжды выкаранены феномен „чарнобыльцы“, якім калісьці называлі беларусаў, адселеных з забруджаных радыяцыяй тэрыторый. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы гэтая катэгорыя грамадзян пераадолела цяжкасці, што ўзніклі, атрымаўшы сур’ёзную дапамогу і здолеўшы адаптавацца на новых тэрыторыях без нейкіх праблем. Сёння беларускімі навуковымі напрацоўкамі па ўплыве радыяцыі на жыццядзейнасць карыстаюцца вядучыя сусветныя навукоўцы».
Беларусь ганарыцца сваімі поспехамі ў вырашэнні экалагічных праблем, развіцці інфраструктуры, будаўніцтве жылля, медыцынскай рэабілітацыі, стварэнні ўмоў для камфортнага пражывання на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
«Чарнобыльская тэма асабліва сёння з’яўляецца добрым стрымліваючым урокам з мінулага ва ўмовах небывалага канфлікту ў свеце. Наступствы той страшнай аварыі ўсё яшчэ патрабуюць не раз’яднання, геаграфічных спрэчак і гістарычных фэйкаў, а сумесных дзеянняў», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

Кіраўнік ведамства звярнуў увагу, што вялікае садзейнічанне Беларусі ў падтрымцы і аднаўленні пацярпелых рэгіёнаў аказала ААН, асабліва на фоне скарачэння аб’ёмаў замежнай дапамогі.
Міністр падзякаваў ПРААН, СААЗ, МАГАТЭ за рэалізацыю ў Беларусі і сёння адпаведных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі па тэме Чарнобыля, таксама з кітайскім і расійскім фінансаваннем.
«Беларусь карпатліва і паслядоўна захоўвала чарнобыльскую тэму ў ААН, разумеючы, што яе нельга аддаць забыццю, — працягнуў ён. — Прычым мы неслі гэты цяжар практычна ў адзіночку. Нам удалося паспяхова рэалізаваць на міжнароднай арэне шэраг найважнейшых „чарнобыльскіх ініцыятыў“, якія ўсім добра вядомыя, пачынаючы ад абвешчаных ААН дзесяцігоддзяў чарнобыльскага супрацоўніцтва і Міжнароднага дня, прысвечанага памяці пацярпелым ад чарнобыльскай аварыі».
Максім Рыжанкоў адзначыў, што ніхто да нядаўняга часу нават не аспрэчваў права Беларусі на гэтую тэму ў міжнародным кантэксце, разумеючы значнасць аварыі і асаблівы сэнс чарнобыльскай тэмы для беларускага грамадства.
«Але апошнім часам мы сутыкнуліся з некаторымі палітычнымі маніпуляцыямі. Я, магчыма, пра гэта і не казаў бы сёння, але нядаўна адбылася падзея, якая нас не пакінула абыякавымі і нават у пэўным палітычным плане закранула да глыбіні душы, — падкрэсліў міністр. — Груба парушаючы дыпламатычную этыку, нашы паўднёвыя суседзі ў мінулым годзе, як мы лічым, аспрэчылі права Беларусі на чарнобыльскую тэму, матывуючы тым, што Чарнобыль знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, і, значыць, яны павінны займацца гэтым пытаннем у плане ўзняцця градуса ўвагі да тэмы на палях міжнародных арганізацый».

Максім Рыжанкоў заўважыў: «Мы — не супраць, калі хтосьці хоча зрабіць лепш, і калі гэтым займаюцца ад душы, робячы нешта для рэабілітацыі пацярпелых рэгіёнаў і людзей, падтрымліваючы градус увагі да гэтай тэмы менавіта для таго, каб людзі разумелі, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб падобнае не паўтаралася, каб міжнародная адказнасць павялічвалася, а міжнароднае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ўмацоўваліся».
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што Беларусь у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС за 40 гадоў прайшла доўгі шлях ад краіны-рэцыпіента гуманітарнай дапамогі да паўнапраўнага партнёра і нават краіны-эксперта, якая мае вопыт пераадолення наступстваў самай маштабнай тэхнагеннай аварыі ў гісторыі чалавецтва.
Ён канстатаваў, што чарнобыльскае рэха будзе гучаць яшчэ доўга. Беларусь захавала сусветную памяць, але пры гэтым ператварыла Чарнобыль у жывы ўрок, назапасіўшы ўнікальны вопыт у Палескім запаведніку, які сёння адкрыты для супрацоўніцтва з МАГАТЭ.
«Мы абавязаны разумець, што пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС — гэта не пра палітыку, а перш за ўсё пра жыццё людзей. Беларусь гатовая працягваць прасоўваць чарнобыльскую тэму на міжнароднай арэне», — рэзюмаваў міністр замежных спраў.