Міністэрства замежных спраў пацвердзіла гібель грамадзяніна Беларусі ў Альпах. Аб гэтым паведамілі БелТА ў прэс-службе МЗС.
Як інфармуюць швейцарскія СМІ, няшчасны выпадак адбыўся 12 ліпеня на гары Матэргорн на вышыні каля 4030 м. Загінулі два альпіністы, у тым ліку беларус. У гэты час яны спускаліся ўніз.
Паводле слоў відавочцаў, альпіністы загінулі ў выніку каменяпаду. Аб гэтым гаворыцца ў інтэрв’ю са сваяком загінулага ізраільцяніна, якое публікуе партал Ynet. Паводле яго слоў, побач з целам грамадзяніна Беларусі быў знойдзены пашпарт.
Выратавальная аперацыя доўжылася некалькі гадзін, быў задзейнічаны верталёт. Аднак ратавальнікі змаглі толькі пацвердзіць смерць двух чалавек. Пракуратура пачала расследаванне для ўстанаўлення прычын няшчаснага выпадку.