Паводзіны заходніх краін выглядаюць як самаізаляцыя. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 19 сакавіка ў час наведвання пунктаў пропуску «Брэст» і «Казловічы» на беларуска-польскай граніцы, паведамляе БелТА.
Паводле слоў Максіма Рыжанкова, Беларусь гатова да больш прадметнага дыялогу з заходнімі суседзямі. «Пакуль з іх боку бачым толькі гатоўнасць развіваць тэхнічны дыялог на ўзроўні ўпаўнаважаных па граніцы, па вырашэнні прыватных нейкіх пытанняў. Але вы ж разумееце, каб вырашыць такія маштабныя рэчы, вярнуцца да нармальнага функцыянавання (дапандэмійнага) пунктаў пропуску і аднаўлення работы іншых пунктаў пропуску, якія закрыты, патрэбны больш сур’ёзныя кансультацыі, на больш сур’ёзным узроўні. Мы да гэтага гатовы і заклікаем польскі бок. Мяч на іх баку», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што час не на баку Захаду. «Таму што кожны дзень такой сітуацыі больш збліжае Беларусь з еўразійскім вектарам», — растлумачыў кіраўнік МЗС і прывёў наглядны прыклад. Раней значная колькасць грамадзян Беларусі ездзіла на адпачынак у Заходнюю Еўропу, па пакупкі, паглядзець славутыя мясціны. Цяпер сітуацыя выглядае інакш. «З улікам таго рэжыму граніцы, які ўстанавілі нашы суседзі, нейкіх абмежаванняў, пастаяннага „сюрпрызу“ (можа закрыцца граніца, могуць паўдня яе не абслугоўваць) людзі трацяць вельмі шмат часу, не могуць своечасова дабрацца да аэрапортаў, забраніраваных гасцініц. Ідзе вельмі вялікая пераарыентацыя і чалавечых патокаў, і грузавых. Мы вымушаны шукаць іншыя калідоры», — канстатаваў Максім Рыжанкоў.
Міністр акцэнтаваў увагу на тым, што самы кароткі і найлепшы шлях з усходу на захад і назад праходзіць цераз Беларусь. «Уласна кажучы, еўрапейскі вектар — наш агульны. А сёння што атрымліваецца? Брастаўчаніну лягчэй сесці на чартарны самалёт і паляцець кудысьці на ўсход адпачываць, чым стаяць на граніцы. І чэргаў вялікіх няма, але не назіраецца вялікага жадання выехаць на захад з такімі мэтамі», — заўважыў кіраўнік МЗС Беларусі.
На яго погляд, паводзіны заходніх краін выглядаюць як самаізаляцыя. «Закрываючыся, яны закрываюцца ад усяго, што далей за намі, — да Кітая, В’етнама, Індыі, Сярэдняй Азіі. Яны — санкцыі ў адносінах да Беларусі, але мы ж тут вялікай прасторай без іх пражывём. А вось для іх, улічваючы, як геапалітычная сітуацыя складваецца, забяспечваць сваю бяспеку, транспартны складнік, дастаўку тавараў і ўсё астатняе будзе вельмі цяжка», — рэзюмаваў Максім Рыжанкоў.