Мінск не адмаўляецца ад шматвектарнасці, але Расія застаецца стратэгічным партнёрам. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта заявіў у інтэрв’ю нямецкай газеце Berliner Zeitung, паведамляе БелТА.
«Узаемазалежнасць паміж Беларуссю і Расіяй, безумоўна, ёсць. І гэта зразумела: мы бліжэйшыя партнёры і саюзнікі. Але сітуацыі падпарадкавання няма. Мінск захоўвае поўны суверэнітэт у прыняцці ўнутры і знешнепалітычных рашэнняў і кіруецца выключна нацыянальнымі інтарэсамі», — падкрэсліў Ігар Сякрэта.
Разам з тым звярнуў ён увагу, нацыянальныя інтарэсы Беларусі ўключаюць і паступальнае паглыбленне інтэграцыі з Расіяй — у рамках Саюзнай дзяржавы і ў іншых фарматах. Гэта заканамерны і ўзаемавыгадны працэс. Нашы краіны цесна звязаны шматвяковымі традыцыямі добрасуседства, узаемнай падтрымкі, агульнымі культурнымі і духоўна-маральнымі каштоўнасцямі. На гэтым этапе збліжэнню дадаткова садзейнічаюць і ваенная істэрыя ля нашых заходніх граніц, і беспрэцэдэнтны санкцыйны націск на Беларусь і Расію, — сказаў намеснік кіраўніка МЗС.
Адказ Беларусі і Расіі на гэта, паводле яго слоў, ляжыць у першую чаргу ў эканамічнай плоскасці. За апошнія пяць гадоў тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас у 1,4 раза; экспарт Беларусі на расійскі рынак — у 1,7 раза. Беларусь уваходзіць у пяцёрку ключавых гандлёвых партнёраў Расіі. Як следства, ВУП Беларусі з 1995 года вырас больш як у пяць разоў і дасягнуў у 2025 годзе рэкордных за ўсю гісторыю значэнняў.
«Мінск не адмаўляецца ад шматвектарнасці. Мы адкрыты для раўнапраўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі. Пры гэтым цалкам відавочна: Расія была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам. З Расіяй мы будзем дакладна рэагаваць на любыя выклікі, забяспечваць абараназдольнасць і ўмацоўваць тэхналагічны суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, павышаць дабрабыт нашых грамадзян», — рэзюмаваў Ігар Сякрэта.