З пачатку лістапада ў Беларусі набудуць моц новыя памеры бюджэту пражытковага мінімуму. Ад гэтай велічыні напрамую залежаць многія сацыяльныя выплаты, таму разам з БПМ выраслі і дапамогі сем’ям з дзецьмі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
БПМ: колькі цяпер
У сярэднім на душу насельніцтва бюджэт пражытковага мінімуму ўстаноўлены ў памеры 535,70 рубля. Для працаздольнага насельніцтва ён складае 574,47 рубля, для пенсіянераў — 381,27 рубля. Для дзяцей памер залежыць ад узросту: да трох гадоў — 332,62 рубля, ад трох да шасці гадоў — 444,34 рубля, ад шасці да 18 гадоў — 525,44 рубля.
Гэта ўжо чацвёрты пераразлік БПМ у 2026 годзе. З пачатку года нарматыў вырас на 9,1 %, тады як інфляцыя за дзевяць месяцаў склала 3,6 %. У Мінпрацы адзначылі: пакупніцкая здольнасць людзей, чые даходы прывязаныя да БПМ, не проста захавалася, а вырасла.
Дапамогі: новыя сумы
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 5 357 рублёў (10 БПМ). Пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 7 499,80 рубля (14 БПМ). Жанчынам, якія сталі на ўлік ва ўстановах аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, выплацяць 535,70 рубля (100 % БПМ).
Штомесячная дапамога на дзяцей ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да трох гадоў складзе 267,85 рубля (50 % БПМ). Для асобных катэгорый сем’яў на дзіцяці старэйшае за тры гады, акрамя дзіцяці-інваліда, — тыя ж 267,85 рубля. На дзіця-інваліда старэйшае за тры гады — 374,99 рубля (70 % БПМ).
Дапамога па доглядзе за дзіцем-інвалідам да 18 гадоў: 535,70 рубля (100 % БПМ) — пры I і II ступені страты здароўя да дасягнення 18 гадоў, а таксама пры III і IV ступені да трох гадоў; 642,84 рубля (120 % БПМ) — пры III і IV ступені пасля трох гадоў. На дзяцей да 18 гадоў, інфіцыраваных ВІЧ, — 374,99 рубля (70 % БПМ).
Новыя памеры будуць дзейнічаць па 31 студзеня 2027 года ўключна. Дапамогамі, якія вылічваюцца з БПМ, ахоплена 152,4 тысячы дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў.
Ягор ЧУРЫК