У студзені-чэрвені больш як 180 тыс. беларускіх турыстаў рабілі падарожжы па краіне, арганізаваныя прафсаюзным тураператарам. Гэта прыкладна на 10 тыс. чалавек больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, расказаў БелТА генеральны дырэктар «Беларустурыста» Аляксандр Касоўскі.
Традыцыйна найбольшым попытам карыстаюцца аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, аўтэнтычныя лакацыі і маляўнічыя сядзібна-паркавыя ансамблі. Акрамя таго, у сістэме «Беларустурыста» распрацавана больш за 50 маршрутаў па мясцінах баявой славы, мемарыялах і аб’ектах, звязаных з трагедыяй беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А ў сферы прамысловага турызму найбольшая папулярнасць у ювелірных і вінаробных заводаў, прадпрыемстваў па вытворчасці бытавой тэхнікі, а таксама ў кандытарскіх фабрык. Такія туры адкрываюць для гасцей тэхналагічнае закуліссе ўнікальных айчынных вытворчасцей.
«Акрамя пазнавальнага і падзейнага турызму ў Беларусі развіваецца актыўны адпачынак. На турысцка-аздараўленчых базах асабліва запатрабаваны веласіпедныя, пешыя, водныя і лыжныя маршруты, рэгулярна праводзяцца турыстычныя злёты, квесты і спартыўныя мерапрыемствы», — дадаў Аляксандр Касоўскі.
Павелічэнню турыстычнага патоку садзейнічае і распрацоўка новых праграм адпачынку. Сярод навінак — камбінаваныя wellness-туры, калі экскурсійная праграма спалучаецца з медыцынскімі і рэабілітацыйнымі працэдурамі на базе прафсаюзных здраўніц.
У Год беларускай жанчыны распрацавана больш за 20 новых экскурсій, якія раскрываюць жыццё і асобу вядомых беларусак, якія сваёй працай і дасягненнямі праславілі краіну далёка за яе межамі. Напрыклад, Ефрасіння Полацкая, Настасся Слуцкая, Настасся Купрыянава, Сафія Слуцкая, Стафанія Станюта, Алаіза Пашкевіч. А сярод тэматычных фарматаў, прымеркаваных да значных святочных дат, прызнанне гасцей атрымалі «Дранік-паці», «Легенды трох азёр», «Масленіца», «Купалле», дапоўненыя інтэрактывамі, анімацыяй, народнымі гуляннямі і дэгустацыяй страў беларускай кухні.
Варта адзначыць, што прафсаюзы традыцыйна ўдзяляюць асаблівую ўвагу пытанням адпачынку і аздараўлення працоўных. Сёння кожны член прафсаюза можа скарыстацца скідкай у памеры 25% на пражыванне і адпачынак ва ўсіх прафсаюзных аб’ектах. Акрамя таго, рэалізуецца маштабны комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі інфраструктуры, рэканструкцыі і будаўніцтве, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, што дасць магчымасць значна павысіць якасць адпачынку.