Top.Mail.Ru

На 22,3 тыс. бюджэтных месцаў у каледжы Беларусі пададзена больш за 30,2 тыс. заяў дзевяцікласнікаў

Аб папярэдніх выніках прыёму выпускнікоў 9-х класаў на бюджэтныя месцы ў каледжы Беларусі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі-начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ганна Бойка.



Каледжы Беларусі 6 жніўня завяршаюць залічэнне выпускнікоў 9-х класаў на бюджэтныя месцы ў каледжы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Усяго было пададзена 30 223 заявы пры планавым наборы 22 309 чалавек. Лічбы пацвярджаюць, што цікавасць да атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі застаецца стабільна высокай. Таксама 6 жніўня завяршаецца прыём дакументаў у абітурыентаў, якія паступаюць пасля 9-га класа на спецыяльнасці напрамкаў «Сельская гаспадарка» і «Ветэрынарыя», — адзначыла Ганна Бойка. 

Паводле яе слоў, самы высокі конкурс сярод гэтай катэгорыі паступаючых склаўся ў Мінску, Гомельскай і Віцебскай абласцях, дзе на шэраг спецыяльнасцяў ён перавышаў сярэднія паказчыкі па краіне. «Самая высокая канкурэнцыя склалася па спецыяльнасцях „Дызайн анімацыі“ — 7,8 чалавека на месца, „Архітэктурнае праектаванне“ — да дзевяці чалавек на месца. У ліку лідараў таксама спецыяльнасці „Дызайн мультымедыя“ і „Дызайн (графічны)“, дзе конкурс склаў ад трох да сямі чалавек на месца», — праінфармавала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення. 

Яна канстатавала, што высокую цікавасць абітурыенты праявілі і да спецыяльнасцяў напрамку аховы здароўя — да 3,3 чалавека на месца, а таксама напрамкі педагогікі, інжынерыі і IT, дзе на адно месца прэтэндавалі ад двух да трох абітурыентаў. Папулярнасцю карысталіся таксама спецыяльнасці «Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка», «Правазнаўства», «Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў», конкурс на якія склаў ад двух да трох чалавек на месца.

Выпускнікі 9-х класаў, якія плануюць навучанне ў каледжах на платнай аснове, могуць падаць дакументы па 10 жніўня. Залічэнне на навучанне для гэтай катэгорыі абітурыентаў пройдзе па 12 жніўня.

Для выпускнікоў, якія маюць агульную сярэднюю або прафесійна-тэхнічную адукацыю, дакументы на бюджэтныя месцы прымаюцца да 11 жніўня, на платныя — да 15 жніўня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю