«Свята ўраджаю, якое мае глыбокую гісторыю і глыбокі сэнс»
Самая доўгачаканая падзея — урачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых працаўнікоў вёскі на абласных «Дажынках» у Чашніках — стала цэнтрам прыцягнення гасцей з усіх куткоў Віцебшчыны. Хлебаробы вобласці былі па праве адзначаны за свой важкі ўнёсак ва забяспечэнне харчовац бяспекі краіны.
Віцебская вобласць упершыню з 2022 года, больш спрыяльнага для раслінаводства, пераадолела мільённую мяжу і атрымала ўраджайнасць больш за 30 ц / га. Аб гэтым паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін: «Свята заканчэння жніва, ушанаванне хлебаробаў з даўніх часоў адзначаецца на нашай зямлі. І гэта правільна, бо праца аграрыяў — гарант харчовай бяспекі краіны, ён фарміруе адзін з найважнейшых артыкулаў беларускага экспарту. Ад становішча спраў у сельскай гаспадарцы шмат у чым залежыць устойлівае развіццё эканомікі рэгіёна».
Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, анамаліі надвор’я гэтага года паказалі, што на Віцебшчыне працуюць людзі асаблівай загартоўкі, якіх адрозніваюць працавітасць і адданасць справе. І на гэты раз самаадданыя працаўнікі вёскі, выяўляючы прыклады сапраўднага гераізму, выйгралі ў капрызнага надвор’я бітву за ўраджай «Лічым, што атрыманыя вынікі былі максімальна магчымымі ў экстрэмальных умовах надвор’я. Вобласць зноў з 2022 года, больш спрыяльнага для раслінаводства, пераадолела мільённую мяжу і атрымала ўраджайнасць больш за 30 ц / га. Па аб’ёмах збору масласямян упершыню з 2020 года пераадолены 100-тысячны рубеж, па ўраджайнасці Віцебскі рапс устанавіў рэкорднае значэнне — больш за 18 ц / га. Збіраць мільён на Віцебшчыне становіцца добрай традыцыяй. Гэта мая чацвёртая пасяўная і ўборачная кампанія, і мы другі раз збіраем мільён», — падкрэсліў Аляксандр Субоцін.
- У свята «Дажынкі» глыбокая гісторыя, сэнс, а таксама гэта магчымасць сказаць дзякуй людзям цяжкай сельскай працы. Такім меркаваннем з журналістамі на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі, які праходзіць у Чашніках, падзяліўся першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў. Ён адзначыў, што традыцыя праводзіць восеньскае свята збору ўраджаю патрэбна народу і краіне: «Па-першае, мы працягваем і шануем традыцыі нашых продкаў. Гэта свята ўраджаю, якое мае глыбокую гісторыю і глыбокі сэнс. Мы разумеем, што ідзём у зіму, наступны год фактычна з ураджаем, хлебам, будзем сытыя, а значыць, будзем вясёлыя, будзем жыць. Па-другое, гэта магчымасць сказаць дзякуй людзям цяжкай сельскай працы».
Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што для працаўнікоў хлебнай нівы ў Чашніках зладзілі годнае свята: «Я праехаў па Чашніках. І вуліцы, і фасады будынкаў, і пешаходныя дарожкі змяніліся. Новыя аб’екты — гэта таксама вельмі добра. Ну і потым, мы без святаў жыць не можам. І калі ў свята ёсць такі глыбокі сэнс, калі ёсць гісторыя, нагода сабрацца — гэта добра, гэта робіць наша жыццё мірным і паказвае ўсім нашым суседзям, што мы арыентаваны на мір і стваральную працу, а такія святы — на тое, каб быць з ураджаем і дзяліцца нашым ураджаем з суседзямі».
Гаворачы аб выніках аграрнага сезона і агульным намалоце рэгіёна па збожжавых і зернебабовых, якія перавысілі мільён тон, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што такі вынік аграрыі выканалі дзякуючы агульным намаганням: «Залог поспеху — у працы і высокай арганізацыі гэтай працы, паколькі цяпер сельская гаспадарка на 80 % не залежыць выключна ад надвор’я, хоць спачатку ўсе скардзіліся на дажджлівае лета. Гэта таксама тэхналогіі і захаванне гэтых тэхналогій. Натуральна, шмат сучаснай тэхнікі, якой у нас хапае, у тым ліку айчыннай вытворчасці ў першую чаргу. Ну і праца — нялёгкая, ад світання да заходу, праца вяскоўцаў».
На ўрачыстай цырымоніі ўшанавання першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўручыў заслужаныя ўзнагароды аграрыям, якія ўнеслі дастойны ўклад у каравай вобласці. «Дазвольце вас павіншаваць і сказаць, што ўсе словы ў ваш адрас — заслужаныя і справядлівыя, — сказаў Уладзімір Пярцоў. — Усё, што прыбрана, нарыхтавана, захаваем, перапрацуем, а лішкі, якія не запатрабуем, прададзім на экспарт, гэта таксама важны артыкул у бюджэце нашай краіны».
Уборачную гэтага года ў Віцебскай вобласці Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка назваў сапраўднай бітвай за ўраджай. «Лёгкага хлеба не бывае, кажуць у народзе. І тут не паспрачаешся. Працаваць у вёсцы ва ўсе часы было няпроста, а ва ўмовах гэтага года — архіскладана. Бываючы ў раёнах і на канкрэтных прадпрыемствах, я на свае вочы бачыў, як складана было не тое што працаваць — увайсці на палі»
Ён параўнаў прыроду з самым суровым экзаменатарам, падкрэсліўшы, што асабліва актуальна гэта для Віцебшчыны, паўночнага рэгіёна Беларусі. А такіх умоў, якія былі сёлета, не ўзгадаюць ні старажылы, ні ветэраны сельгасгаліны. Тым не менш жорсткую праверку аграрыі Віцебшчыны вытрымалі, супрацьпаставіўшы капрызам прыроды дакладную арганізацыю працы, высокую культуру земляробства, дысцыпліну, зладжанасць дзеянняў усіх звёнаў АПК.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў ад імя дэпутацкага корпуса ўсёй краіны падзякаваў аграрыям, асабліва вылучыўшы сельгаспрадпрыемствы, якія сталі маякамі ўборачнай — 2025 і ветэранаў працы, якія прыйшлі на дапамогу сваім гаспадаркам. Шэрагу працаўнікоў сяла спікер уручыў узнагароды Прэзідэнта і Палаты прадстаўнікоў.
Віншуючы аграрыяў Віцебскай вобласці са святам працы і ўраджаю «Дажынкі», першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў назваў зробленае імі працоўным подзвігам і простым чалавечым цудам. Ён пацвердзіў гэта лічбамі: «У ліпені было 18 дажджлівых дзён, у жніўні — 25. Тым не менш Віцебская вобласць на 40 % палепшыла валавы збор збожжа да ўзроўню мінулага года, сабрала больш за 1 млн тон збожжа і рапсу». Ён шчыра падзякаваў аграрыям і ўручыў урадавыя ўзнагароды.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота БелТА