Top.Mail.Ru

На адным дыханні: у Мінск едзе легендарная капэла Валерыя Палянскага

У гэтыя выхадныя сталічная публіка пачуе музыку вялікай магутнасці і эмацыянальнай сілы: да нас з гастролямі прыязджае Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі пад кіраўніцтвам Валерыя Палянскага. Гэты ўнікальны калектыў, вядомы ў свеце проста як «капэла Палянскага», даўно стаў сімвалам бездакорнага густу, віртуознага майстэрства і глыбокага пранікнення ў сутнасць класічнай і сучаснай музыкі.


Галоўная адметнасць «капэлы Палянскага» — яе ўнікальны фармат. Пад адным дахам тут гарманічна суіснуюць сімфанічны аркестр, магутны хор і выдатныя салісты-вакалісты. Агулам на сцэну выходзяць да двухсот выканаўцаў, якія працуюць як адзіны жывы арганізм. За плячыма калектыву — сотні сусветных прэм’ер, прэстыжныя ўзнагароды і больш за сто запісаў, якія слухаюць на ўсіх кантынентах. 

Мінскіх меламанаў чакаюць два зусім розныя па настроі музычныя вечары. У суботу, 14 лістапада, на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучаць творы Дзмітрыя Шастаковіча, Гектара Берліёза, Аляксандра Давідзенкі. Саліраваць на фартэпіяна будзе Таццяна Палянская. 

А ў нядзелю, 15 лістапада, залу Вялікага тэатра Беларусі запоўніць сапраўдная музычная стыхія — прагучыць манументальны «Рэквіем» Джузэпэ Вердзі. На сцэну выйдуць салісты Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі Людміла Кузняцова (мецца-сапрана), Юлія Томіна (сапрана), Максім Сажын (тэнар), Руслан Разыеў (бас). Гэта ўнікальны твор, напісаны ў 1874 годзе ў памяць пра пісьменніка Алесандра Манцоні, у якім аўтар ператварыў памінальную імшу ў маштабную чалавечую трагедыю, аб’яднаўшы строгі каталіцкі канон з яркай італьянскай опернай драматургіяй, калі слухач чуе палкія маналогі, драматычныя дыялогі... Аркестр у «Рэквіеме» Вердзі не проста акампануе хору, а выступае паўнапраўным удзельнікам дзеяння. Складанасць выканання гэтага твора ў высокіх вакальных патрабаваннях, блізкіх да оперных, а таксама ў маштабах аркестравага і харавога складаў. Усё гэта спалучае ў сабе «капэла Палянскага». 

Яе гісторыя пачалася ў 1991 годзе, калі ў адзінае цэлае аб’ядналіся два славутыя калектывы: Дзяржаўны сімфанічны аркестр Міністэрства культуры СССР, якім у свой час кіраваў легендарны Генадзь Раждзественскі, і Дзяржаўны камерны хор СССР, створаны Валерыем Палянскім у 1971-м. Сёння капэла налічвае звыш 200 артыстаў: магутны сімфанічны аркестр, бліскучы хор і таленавітыя салісты-вакалісты. Такая рэдкая структура дазваляе выконваць самыя складаныя творы сусветнага рэпертуару — ад манументальных мес, араторый і рэквіемаў да канцэртных версій опер, дзе патрабуецца поўная гармонія голасу і інструмента. Пры гэтым і хор, і аркестр захоўваюць сваю творчую самастойнасць, рэгулярна выступаючы з сольнымі праграмамі. Нязменны мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор капэлы — народны артыст Расіі Валерый Палянскі. Яшчэ ў 1975 годзе, пасля трыумфу на міжнародным конкурсе ў Італіі, крытыкі назвалі яго «сапраўдным Караянам харавога дырыжыравання». Маэстра валодае рэдкім дарам тонка адчуваць стыль эпохі: пад яго кіраўніцтвам аднолькава пераканаўча гучаць і строгая поліфанія барока, і рамантычныя шэдэўры, і складаныя партытуры кампазітараў ХХ стагоддзя.

Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор капэлы народны артыст Расіі Валерый Палянскі з’яўляецца лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Маэстра неаднаразова выступаў за дырыжорскім пультам беларускіх аркестраў. Калектыў і яго кіраўнік з’яўляюцца ўдзельнікамі беларускіх музычных форумаў, у прыватнасці, фестывалю «Званы Сафіі» ў Полацку. Менавіта маэстра Палянскі ў 1988 годзе стаў ініцыятарам фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў полацкім Сафійскім саборы, падарыўшы краіне важную культурную традыцыю. Кожны візіт «капэлы Палянскага» — гэта не проста канцэрт, а глыбокая размова са слухачамі праз высокія вібрацыі. 

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю