У Першамайскім РУУС сталіцы прайшло прафілактычнае мерапрыемства ў рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Побыт».
У Першамайскім РУУС сталіцы прайшло прафілактычнае мерапрыемства ў рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Побыт».
У актавай зале раённага ўпраўлення сабраліся грамадзяне, якія здзейснілі гвалт у дачыненні да сваякоў. Сярод іх — тыя, хто не працуе, ім удзяляецца асаблівая ўвага з боку органаў унутраных спраў.

Перад прысутнымі выступілі супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага ўпраўлення.
«Дамашні гвалт і злоўжыванне алкагольнымі напоямі нярэдка прыводзяць да цяжкіх наступстваў, — расказаў інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Павел Дагатар. — Часта тое, што адбываецца, становіцца вядома праваахоўнікам толькі ў выпадках з трагічнай развязкай. Яшчэ раз хачу звярнуць увагу прысутных на незаконнасць гвалтоўных дзеянняў у быце. Адзначу, што мы ўдзяляем асаблівую ўвагу сацыялізацыі раней судзімых асоб і правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на іх уцягванне ў грамадскае жыццё і працоўную дзейнасць. Прыцягненне да працы — адна з дзейсных форм кантролю і папярэджання супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку і ў сферы дамашняга гвалту».
Адна з прыярытэтных задач супрацоўнікаў органаў унутраных спраў — працаўладкаванне грамадзян, якія раней траплялі ў поле зроку міліцыі. Ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі службамі праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы па ўключэнні іх у працоўную дзейнасць. Сумесна з прадстаўніком цэнтра занятасці насельніцтва міліцыянеры расказалі пра вакансіі, алгарытм працаўладкавання і выдалі накіраванні для працаўладкавання.

На мерапрыемстве таксама выступілі прадстаўнікі пракуратуры і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага забеспячэння насельніцтва.
Калі вы сталі ахвярай дамашняга гвалту, то не маўчыце пра гэта, звярніцеся ў міліцыю асабіста, па тэлефоне 102, у чат-бот мінскай міліцыі ці да свайго ўчастковага падчас прыёму грамадзян кожную сераду з 17:00 да 20:00.

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Першамайскага РУУС г. Мінска.