Top.Mail.Ru

На «Беларусьфільме» выбралі пераможцаў конкурсу сцэнарыяў

Чатыры праекты перамаглі ў конкурсе сцэнарных матэрыялаў для вытворчасці поўнаметражных і тэлевізійных фільмаў у ігравой форме ў 2027-2028 гадах Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Аб гэтым БелТА расказаў генеральны дырэктар кінастудыі Дзмітрый Сямёнаў.

«У гэтым годзе мы правялі конкурс сцэнарыяў, на які было пададзена прыкладна 250 заявак. Вядома, адбор быў вельмі складаны, журы дэталёва падыходзіла да разгляду кожнай работы. У нас была задача не толькі выбраць сцэнарый, які стане пераможцам, а знайсці цікавых пішучых аўтараў. Мы цяпер падбіраем новыя каманды і актыўна супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Студэнты акадэміі ёсць і ў здымачнай камандзе фільма „19.91“, над якім мы цяпер працуем. Яны выйшлі з вучэбных кабінетаў і прыйшлі да нас на пляцоўку, каб прымяніць свае веды і атрымаць вопыт, бо здымачны працэс — гэта складана як тэхналагічна, так і арганізацыйна. Думаю, такі вопыт супрацоўніцтва са студэнтамі — вялікая перспектыва атрымаць высокакваліфікаваных спецыялістаў на выхадзе з Акадэміі мастацтваў. У кінаіндустрыю прыйдуць ужо гатовыя работнікі», — сказаў Дзмітрый Сямёнаў.

Паводле яго слоў, на другім этапе конкурсу прайшло 16 сцэнарыяў. Пасля дэталёвага абмеркавання члены журы вызначылі чатыры праекты-пераможцы, якія атрымаюць рэкамендацыю для далейшай распрацоўкі: «Па слядах Белай маланкі» Аляксандра Шышова, «Ванькава лета» Андрэя Бурыма, «Вужовая карона» Маі Ветравай і «Кумаха — дэман Восені» Вячаслава Яфрэмава.

«У бліжэйшы час мы правядзём цырымонію ўзнагароджвання і падзякуем аўтарам за работу, а таксама будзем дэталёва працаваць з нашымі здымачнымі групамі, бо, каб здымкі прайшлі зладжана, трэба ўдзяліць максімальную колькасць часу этапу падрыхтоўкі. Думаю, такая практыка будзе прымяняцца ў нас і ў далейшым, каб сфарміраваць партфель сцэнарыяў і былі гатовымі да рэалізацыі цікавых праектаў па рознай тэматыцы», — дадаў гендырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Ён падкрэсліў, што тэм вельмі шмат, а разнастайныя сцэнарыі паступалі на конкурс не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Цікавасць да нацыянальнай кінастудыі толькі ўзрастае, і Дзмітрый Сямёнаў упэўнены, што гэта заслуга ўсяго калектыву, які прадоўжыць рух наперад.

«Падобныя конкурсы сцэнарыяў і кастынгі ставяць перад сабой глабальную задачу — раскрыць таленты. Магчыма, чалавек наогул не сцэнарыст, але ён валодае майстэрствам слова і ў далейшым зможа рэалізаваць сябе ў розных праектах. Кіно адкрыта для ўсіх. Мы разглядаем такія праекты яшчэ і з пункту гледжання прафарыентацыі, каб зацікавіць нашу моладзь у кінапрафесіях, бо на здымачнай пляцоўцы занята вялікая колькасць людзей — ад рэжысёраў і аператараў да тэхнічных супрацоўнікаў», — растлумачыў Дзмітрый Сямёнаў.

Ён дадаў, што ў далейшым будуць праводзіцца конкурсы, звязаныя не толькі з ігравым кіно, але і з анімацыйным, дакументальным. Кінастудыя заўсёды знаходзіцца ў актыўным пошуку, таму што зрабіць добрае, якаснае кіно, якім будзе ганарыцца беларускі глядач, выходзячы з кінатэатра, — іх звышзадача.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю