Top.Mail.Ru
249

На БУТБ знізіліся цэны на імпартны вугаль

У II квартале 2025 года на таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы для ўнутранага рынку назіралася зніжэнне цэн на самыя запатрабаваныя ў айчынных спажыўцоў віды вугалю, паведамілі БелТА.



У прыватнасці, энергетычны вугаль марак Д і Т у параўнанні з пачаткам папярэдняга квартала патаннеў на 19 працэнтаў. У выніку ў красавіку-чэрвені яго сярэдні кошт знаходзіўся ў дыяпазоне Br250-260 за тону (без ПДВ).

Як растлумачылі ў прэс-службе БУТБ, сыходны цэнавы трэнд абумоўлены, з аднаго боку, залішнім прапанаваннем вугалю на сусветным рынку, а з другога — глабальным скарачэннем спажывання гэтага віду паліва ў сувязі з развіццём зялёнай энергетыкі і актыўным пашырэннем экалагічнага парадку дня.

«На працягу ўсяго першага паўгоддзя глабальная перавытворчасць і рост складскіх запасаў вугалю аказвалі значны націск на цэны, вымушаючы пастаўшчыкоў карэкціраваць прэйскуранты ў бок змяншэння. Напрыклад, у Расіі, адкуль у Беларусь паступаюць асноўныя аб’ёмы энергетычнага вугалю, гэта прадукцыя патаннела на 19 працэнтаў са студзеня бягучага года. Адпаведна, і беларускія ўдзельнікі біржавых таргоў маглі разлічваць на аналагічны дысконт пры закупках вугалю расійскага паходжання», — пракаменціравалі ў прэс-службе біржы.

Паводле даных БУТБ, у красавіку-чэрвені 2025 года беларускія прадпрыемствы цэментнай, металургічнай і харчовай прамысловасці набылі на біржавой пляцоўцы 197 тыс. т каменнага вугалю, што ў 1,3 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У параўнанні з I кварталам аб’ём здзелак прадэманстраваў яшчэ больш высокі тэмп росту — у 1,6 раза. Найбольшыя аб’ёмы вугалю былі рэалізаваны прадпрыемствамі Кемераўскай вобласці і Рэспублікі Хакасія.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю