Top.Mail.Ru
238

На Буйніцкім поле ўзгадаюць ахвяр вайны і дадуць старт міжнароднаму праекту «Дарогамі Памяці і Славы»

22 чэрвеня ў 4.00 раніцы на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» пад Магілёвам прагучыць журботны «Звон смутку» па тых, хто ў 1941 годзе прыняў на сябе першыя ўдары нямецкай арміі. На гэтым полі быў развенчаны міф аб непераможнасці ворага і зроблены першыя здымкі палаючых нямецкіх танкаў, якія трапілі на галоўныя старонкі савецкіх газет. Удзел у абласной маладзёжнай патрыятычнай акцыі прымуць прадстаўнікі ўлады вобласці і горада, дэпутаты, грамадскасць. Яны ўшануюць хвілінай маўчання памяць абаронцаў і ўскладуць кветкі да мемарыялу. 


Тут жа будзе дадзены старт маладзёжнаму міжнароднаму патрыятычнаму праекту «Дарогамі Памяці і Славы». Першым раёнам, куды адправяцца яго ўдзельнікі, стане Шклоўскі. Моладзь наведае ў Александрыі клас-музей першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пабывае на Трафімавай крыніцы, прыме ўдзел у мітынгу-рэквіеме каля памятнага знака землякам у аграгарадку Гарадзец. У праграме знаходжання ў Шклоўскім раёне запланавана наведванне Гарадзецкага дома-рамёстваў і знаёмства з экспазіцыяй музея «Баявой і працоўнай Славы» ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец». 

На базе Гарадзецкай сярэдняй школы адбудзецца тэматычны, інтэрактыўны занятак «Сімвал Памяці». У гэты ж дзень удзельнікі праекта пабываюць у Горках, а з панядзелка пачнецца іх знаёмства з месцамі баявой славы расійскіх гарадоў Смаленск, Цвер, Ржэў, Масква, Бранск. 27 чэрвеня ўдзельнікі вернуцца ў Беларусь і праедуць па райцэнтрам вобласці ад Хоцімска да Магілёва. 3 ліпеня яны будуць у Магілёве разам з жыхарамі горада адзначаць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

  • Як паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме, усе дні падарожжаў будуць насычаныя культурнымі і патрыятычнымі падзеямі, сустрэчамі і знаёмствамі. Праект закліканы дапамагчы моладзі як мага глыбей прасякнуцца гісторыяй ваеннага часу, прычыніцца да тых месцаў, дзе адбыліся знакавыя падзеі, і захаваць гістарычную праўду пра вайну. У праекце прымае ўдзел моладзь з Магілёўскай вобласці і 20 расійскіх рэгіёнаў. 
Сімвалам праекта сёлета стане «Агонь памяці», які запаляць на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», і будуць перадаваць у кожным пункце маршруту. Моладзь будуць суправаджаць дзве перасовачныя музейныя экспазіцыі — «Агонь памяці. Галасы Эпохі», дзе сабраныя экспанаты розных эпох, і «80 рэліквій Перамогі», дзе можна будзе датыкнуцца да сапраўдных франтавых рэліквій. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю