Top.Mail.Ru

На быхаўскай зямлі папулярызуюць майстэрства саломапляцення

Вырабы з саломы — феномен беларускай культуры, аналагаў якому няма нідзе ў Еўропе. Саламяныя «павукі» — адны з самых старажытных абярэгаў. Лічылася, што яны ахоўвалі дом, прыносілі дабрабыт і шчасце ў сям’ю, убіраючы ў сябе ўсю негатыўную энергію. У 2017 годзе быхаўскія саламяныя «павукі» атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.


Адрадзіла гэтае старадаўняе рамяство на быхаўскай зямлі Ірына Генадзьеўна Кухціна, дырэктар Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава, народны майстар Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Ірына Генадзьеўна — вядомы на Быхаўшчыне майстар, яна з вялікай увагай ставіцца да захавання рамесных традыцый свайго краю. Жанчына здолела захапіць сваім майстэрствам і навучэнцаў, і калег, а таксама актыўна ўзаемадзейнічае з мясцовымі жыхарамі. Яе знакамітыя павукі-абярэгі вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У калекцыі больш чым 100 традыцыйных саламяных абярэгаў — вялікіх і маленькіх, простых і складаных, але заўсёды не падобных адзін на аднаго. Некаторыя з іх аб’яднаны ў калекцыі. Напрыклад, «Святочныя павукі», «Вялікія і маленькія», «Захавальнікі вясковых дамоў» і інш.

Даўняе сяброўства звязвае Гарадскую бібліятэку мікрараёна Быхаў-1 і Дзіцячую школу мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава. Установы цесна і плённа супрацоўнічаюць, сумесна праводзяць розныя асветніцкія мерапрыемствы, якія заўсёды дапаўняюцца майстар-класамі па розных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Зусім нядаўна бібліятэка арганізавала творчую сустрэчу народнага майстра Беларусі з навучэнцамі СШ № 2 г. Быхава, на якой Ірына Генадзьеўна з задавальненнем дзялілася сваімі ведамі і ўменнямі. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення саломапляцення, відамі і тэхналогіяй вырабу канструкцый з саломкі.

У канцы мерапрыемства Ірына Генадзьеўна правяла экскурсію па школе рамёстваў. Дзеці з задавальненнем разглядалі работы вопытных майстроў і іх вучняў. Бібліятэкары ў сваю чаргу пазнаёмілі дзяцей з кнігамі пра розныя віды народных рамёстваў Беларусі: пляценне з саломкі і лазы, ткацтва, разьба па дрэве, ганчарства, вышыўка, бондарства. Авалоданне рамяством для кагосьці можа стаць пасля прафесіяй.

Таццяна КАВАЛЁВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю