Гэту гісторыю з жыцця Вальдака — нядрэннага, але скупаватага чалавека — зласлівыя языкі прыгадваюць да сёння. Што зусім не дзіўна, бо мужчына, толькі адшукаўшы сабе работу, ледзьве яе не страціў.
Калі па парадку, то ўладкаваўся ён грузчыкам у сельпоўскую краму і ледзь не назаўтра паехаў на базу па прадукты.
Паехаў, вядома ж, не сам, а з шафёрам — лысаватым, мажным Томакам і прадавачкай Геленай — нетаропкай такой кабецінай, ледзь не пусці-павалюся. Яна ўсе паперы на базе афармляла, Вальдак паціху ў кузаў насіў каўбасы, цукар, крупы ды іншы правіянт.
Калі ўсё там было ўладкавана ды спарадкавана, шафёр падсадзіў ладную Гелену ў кабіну, заскочыў за руль сам і машына, як той конь, пакацілася ў бок вёскі.
Грузчык, як здагадаўся кемлівы чытач, кантаваўся ў кузаве.
Сумнавата было аднаму, ды і месца не сказаць каб ганаровае.
З тых прычын Вальдак акінуў яго позіркам і затрымаўся на скрынцы з каўбасамі. «Цікава, — падумаў, — а колькі іх там ляжыць?» Узяўся палічыць: " Адна, дзве, тры, чатыры... Але ж і пахнуць, заразы! Смачныя, відаць!"
Прызнацца, грузчык каштаваў і нешта смачнейшае, чым куплёная каўбаса, але ў скрыні (так, на вока) «палак» было — дзясяткі са два. «Прадавачка наўрад ці заўважыць, калі адна і «прападзе», — падумаў Вальдак і, троху павагаўшыся, упохапкі стаў церабіць-такі палку каўбасы.
«А нішто сабе, — прызнаў, — смачная, калі дармавая».
Грузавік тым часам каціўся далей, і ядок думаў, што селядцоў у бочцы — вялікіх, тлустых — таксама да халеры: калі адзін «сплыве», Гелена дакладна не прыкмеціць...
І памідораў лічыць не злічыць.
Яны добра «пайшлі» з каўбасою.
...Калі Томак спыніўся перад вясковай крамай і ладная Гелена, выбраўшыся з кабіны, падала каманду разгружаць правіянт, ёй не адказаў ніхто.
— Ой-ёй-ёй! Канец свету! — спужалася прадавачка, зірнуўшы, а пасля і сігануўшы ў кузаў. Вальдак (у адной руцэ — кавалак каўбасы, у другой — надкусаны памідор) ляжаў паміж скрынкамі і не варушыўся.
— Не дыхае! Ой, не дыхае! — стала галасіць жанчына, ухапіўшы Вальдака за нагу.
— У-у, у-у, — працяжна азваўся той.
— Жывы! Ой, жывы! — у радасці заверашчала Гелена.
— Халера яго не возьме! — плюнуў мажны Томак, які моўчкі назіраў за гэтымі дзеямі.
...Пасля іх грузчык атрымаў вусную вымову, заплаціў за з’едзены правіянт, але — на першы раз — пасады не страціў. Праўда, ездзіў цяпер не ў цёмным кузаве, а ў кабіне, побач з шафёрам. Як самы сапраўдны начальнік.
Юлія Хоміч,г. Мінск.