Top.Mail.Ru

На чыіх плячах трымаецца свет, хто кіруе краінай і з кім лічацца ў глабальным кантэксце?

Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі пачаўся з прыгожай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод жанчынам у Палацы Незалежнасці і скончыўся выступленнем у Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, у звышнасычаным графіку кіраўніка дзяржавы былі найважнейшыя кадравыя прызначэнні, сяброўска-дзелавая сустрэча з губернатарам Прыморскага краю, цырымонія атрымання даверчых лістоў ад паслоў дзевяці краін, якія пачынаюць дыпламатычную місію ў Беларусі. Шырокая праграма беларускага лідара чакала падчас афіцыйнага візіту ў Расію.


1. «На жаночых далікатных плячах шмат у чым трымаецца гэты шалёны свет, бо без найдзейнага тылу нават армія добра ваяваць не зможа». Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка казаў у панядзелак, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды жанчынам, якія вызначыліся ў розных сферах, шматдзетным маці. Многія з узнагароджаных паспяхова сумяшчаюць прафесійнае развіццё і выхаванне дзяцей. Высокага прызнання былі ўдастоены больш як 30 жанчын.

2. «Новае пакаленне, як і абяцалі, сёння кіруе краінай». На мінулым тыдні Прэзідэнт закончыў фарміраванне ўрада. Шэраг кадравых рашэнняў былі прыняты раней, аднак трымалася інтрыга — заставалася вакантнай пасада кіраўніка ўрада. У панядзелак прэм’ер-міністрам Беларусі быў прызначаны Аляксандр Турчын (дагэтуль старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта). Раман Галоўчанка, які да яго займаў пасаду кіраўніка ўрада, рашэннем Прэзідэнта ўзначаліў Нацыянальны банк. 

3. «Мова павагі і адкрытасці ўніверсальная. Для яе не патрэбен перакладчык». У аўторак кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя лісты ад паслоў дзевяці краін. Дыпламатычную кадэнцыю ў Беларусі пачалі паслы з Босніі і Герцагавіны, Буркіна-Фасо, Грузіі, Індыі, Кеніі, Лаоса, Малайзіі, М’янмы, Пакістана. Па традыцыі, атрымліваючы ад паслоў гэтыя важныя дакументы, Аляксандр Лукашэнка вызначыў ключавыя вектары супрацоўніцтва з кожнай з дзяржаў, якія яны прадстаўляюць. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі заўсёды рады тым, хто настроены на прадуктыўную працу, бачыць у нашай краіне раўнапраўнага і перспектыўнага партнёра, пажадаў дыпламатам паспяховай работы ў нашай краіне.

4. «Усё, за што мы бяромся, вырашаем грунтоўна». Амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што першы свой міжнародны візіт ён здзейсніць у Расійскую Федэрацыю. 13 сакавіка Прэзідэнт Беларусі прыбыў з афіцыйным візітам у Маскву. Сустракалі беларускага лідара з урачыстымі атрыбутамі: з ротай ганаровай варты, выкананнем гімнаў... У Крамлі прайшлі перагаворы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў у фармаце адзін на адзін, а затым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння. У цэнтры ўвагі таксама была сумесная работа ў інтэграцыйных фарматах. Лідары краін абмяняліся меркаваннямі па пытаннях бягучай міжнароднай сітуацыі. Па выніках перагавораў быў падпісаны пакет дакументаў.

5. «Лічацца толькі з эканамічна ўстойлівымі, моцнымі дзяржавамі і саюзамі. Будзем па адным — з намі цырымоніцца не стануць». Падчас другога дня афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы ў Расію Аляксандр Лукашэнка выступіў перад сенатарамі ў Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Упершыню ў верхняй палаце расійскага парламента выступаў лідар замежнай дзяржавы.

У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы дэталёва абазначыў акцэнты развіцця Саюзнай Дзяржавы, выказаўся па пытаннях міжнароднай павесткі. Выступленне стала рэзанансным: яго цытавалі многія СМІ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю