Як было адзначана ў эфіры, галоўная задача праведзенага рабочага візіту міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова ў Індыю — перавесці палітычную дружбу ў эканоміку. Гаворачы аб тым, як хутка заключаныя пагадненні, дамоўленасці, якія былі зроблены ў час рабочай паездкі, паўплываюць на эканоміку і ўзаемаадносіны дзвюх краін, пасол адзначыў: «Мы падышлі ўжо да рэалізацыі доўгатэрміновых праграм. Мы завяршылі ў бягучым годзе трохгадовую праграму работы, дарожную карту і ўжо з наступнага года будзе дзейнічаць новая дарожная карта на пяцігадовы тэрмін».
Міхаіл Касько звярнуў увагу і на тое, што былі перагаворы з бізнесам, пры гэтым даволі прадметныя. «Я разлічваю, што шэраг праектаў, якія доўга не маглі знайсці сваёй дынамікі, атрымаюць новы імпульс у развіцці», — сказаў ён.
«Былі праведзены сустрэчы на самым высокім узроўні з кіраўніцтвам кампаній, з якімі мы плануем рабіць зборачную вытворчасць на тэрыторыі Індыі. Мы таксама правялі шэраг сустрэч з індыйскімі бізнес-асацыяцыямі. У суме ўсе тыя крокі, якія адбываліся на працягу гэтых двух дзён, дадуць дадатковы імпульс, паляпшэнне дынамікі двухбаковага гандлю ў першую чаргу», — упэўнены дыпламат.
У эфіры звярнулі ўвагу, што індыйскі рынак няпросты, ён абаронены высокімі пошлінамі. Але, як адзначыў пасол, станоўчыя прыклады двухбаковага супрацоўніцтва ёсць. «Калі зборачныя вытворчасці адкрываюцца ў нішавых галінах. Даволі даўно наша фармацэўтычная галіна працуе з індыйскімі кампаніямі. Мы закупляем абсталяванне, тэхналогіі і вырабляем з індыйскіх субстанцый гатовыя лекавыя прэпараты і гэтыя лекавыя прэпараты рэалізуем на тэрыторыі Беларусі, а таксама на тэрыторыі еўразійскай прасторы», — канкрэтызаваў Міхаіл Касько.
Дыпламат зрабіў акцэнт, што бакам удалося вырашыць пытанне па правядзенні банкаўскіх плацяжоў. «Мы паступова адыходзім ад разлікаў у доларах і еўра ў нацыянальныя валюты. Мы спрабуем, і нам удаецца знайсці новыя нішы. Пастаўляем у Індыю тое, што раней ніколі не пастаўлялі. Мы апошнія гады сталі намнога больш паспяхова супрацоўнічаць у пастаўцы лёну. Мы таксама знаходзім нішы ў пастаўцы сухой малочнай сыроваткі і малочных прадуктаў», — пералічыў пасол.
«Але самае галоўнае, што імпульс ідзе ад лідараў нашых дзяржаў. Паміж лідарамі ёсць разуменне і падабенства палітычных поглядаў і супадзенне пазіцый па міжнародных пытаннях. (Гэта. — Заўвага БелТА) абавязана проста прыносіць значна больш істотныя эканамічныя дывідэнды нашаму супрацоўніцтву. Часткова гэта атрымліваецца, але разумеем, што многае яшчэ наперадзе», — рэзюмаваў Міхаіл Касько.