На пасяджэнні ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты далейшага развіцця ЕАЭС.
На пасяджэнні ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты далейшага развіцця ЕАЭС.
Больш прадметна пра задачы і перспектывы ЕАЭС гаварылі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе. Да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС далучыліся лідары Кубы і Узбекістана, якія маюць статус дзяржаў-назіральніц пры ЕАЭС. Таксама ў пасяджэнні ўзялі ўдзел Наследны прынц Абу-Дабі, першы намеснік Прэм’ер-міністра Манголіі. Па відэаканферэнцсувязі з удзельнікамі пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе звязаўся Прэзідэнт Ірана (краіна ўпершыню прыняла ўдзел у пасяджэнні ЕАЭС у статусе паўнавартаснага назіральніка).
«ЕАЭС здольны стаць ядром канкурэнтаздольнай і паспяховай прасторы «інтэграцыі інтэграцый»
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз прывітаў ўсіх удзельнікаў і гасцей саміта на мірнай беларускай зямлі. Пры гэтым падкрэсліў, што магчымасць адкрыта і, галоўнае, у сяброўскай, спакойнай абстаноўцы абмяркоўваць любыя, нават самыя складаныя праблемы з’яўляецца сапраўднай раскошай у сучасным свеце. У Беларусі такая магчымасць, па яго словах, беражліва захоўваецца.
«Геапалітычная напружанасць, якая расце, і фрагментацыя сусветнай эканомікі дысануюць з запытам глабальнай большасці, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны ўсё-ткі імкнуцца адкінуць убок дэструктыўны парадак, які навязвае так званы „залаты мільярд“ (хоць ужо ён ніякі не залаты). Трэба павышаць канкурэнтаздольнасць эканомік, развіваць прамысловасць, дабівацца тэхналагічнага суверэнітэту, забяспечваць харчовую бяспеку, ствараць умовы для мірнага і спакойнага жыцця нашых народаў».
Беларускі лідар падкрэсліў, што Саюз паспяхова прайшоў этап станаўлення і дэманструе добрыя тэмпы развіцця. Ëн праінфармаваў, што ў 2024 годзе ВУП аб’яднання вырас амаль на 4,5%, перавысіўшы 2,5 трлн. долараў, рост прамысловасці склаў 4,5%, інвестыцый у асноўны капітал — 7,5%. «Пагадзіцеся, годны вынік, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Дай бог на гэтым узроўні ўтрымацца».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ЕАЭС здольны стаць ядром канкурэнтаздольнай і паспяховай прасторы «інтэграцыі інтэграцый», на якой еўразійскі эканамічны патэнцыял быў бы спалучаны з велізарнымі магчымасцямі ШАС, БРІКС, АСЕАН і іншых аб’яднанняў Глабальнага Поўдня і Усходу.
«У перыяд нашага старшынства, як і заўсёды, Беларусь будзе прымаць усе неабходныя меры для ўзмацнення эканамічнага патэнцыялу ЕАЭС, умацавання яго міжнароднага аўтарытэту, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
— Зыходзім з таго, што механізмы паглыбленага супрацоўніцтва Саюза з дзяржавамі-назіральніцамі будуць планамерна развівацца і дазволяць маштабіраваць еўразійскія праекты на больш шырокі інтэграцыйны контур.
Разглядаем як трывалую аснову эфектыўнага эканамічнага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі інстытут свабоднага гандлю. Задаволены ўступленнем у сілу ў бягучым годзе поўнамаштабнага пагаднення ЕАЭС аб свабодным гандлі з Іранам і настроены на яго актыўную рэалізацыю».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Прэзідэнт Ірана павінен быў прысутнічаць на саміце (упершыню ў якасці прадстаўніка дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС), аднак з прычыны вядомых абставін не змог.
«Нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана, якія знаходзяцца пад кантролем МАГАТЭ, самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і Жэнеўскія канвенцыі 1949 года, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Не буду нават казаць аб пачуццях, якія такія дзеянні выклікаюць у Беларусі — краіне, якая найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тады радыеактыўныя ападкі былі зафіксаваны нават у Вялікабрытаніі, Германіі і Швецыі. Думаюць, напэўна, што цяпер не накрые. Асабліва краіну, якая здзейсніла падобныя дзеянні».
«Свае ўнутраныя рынкі дзяржавы-члены ЕАЭС павінны абараняць»
«Вітаем падпісанне ў рамках бягучага саміту гандлёвых пагадненняў з Манголіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — З улікам двухбаковых і асабістых адносін мне прыемна, што падпісанне дакументаў адбудзецца менавіта ў Мінску. Сукупны ВУП краін і рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў, з якімі ў нашага Саюза ўстаноўлены і фармалізаваны адносіны, складае 72 трлн. долараў. Гэта палова сусветнай эканомікі і палова насельніцтва ўсёй планеты — больш за 4 млрд. чалавек. Уявіце, які патэнцыял, калі мы правільна ім распарадзімся. Вынік добры. Міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС павінна заставацца прыярытэтным напрамкам намаганняў. Аб гэтым мы дамовіліся, абмяркоўваючы праблемы ў вузкім складзе».
Аляксандр Лукашэнка спыніўся літаральна на некалькіх аспектах работы, якім, зыходзячы з вастрыні бягучага моманту, неабходна надаць асаблівую ўвагу.
• Першае. Функцыянаванне ўнутранага рынку ЕАЭС
«Ва ўмовах тарыфнай вайны і перафарматавання міжнароднага гандлю неабходна ўважліва паглядзець, ці не скажаюцца ўмовы канкурэнцыі ў Саюзе для нашых вытворцаў з-за чужых тарыфных „эксперыментаў“, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Ці не падтрымліваем мы сваім рублём бізнес з трэціх краін ва ўрон нашым прадпрымальнікам і кампаніям? Чакаем ад Камісіі ацэнкі рызык для эканомік краін-членаў з прапановамі аб канкрэтных сумесных дзеяннях». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што гэта пытанне становіцца ўсё больш актуальным. Ëн падкрэсліў, што свае ўнутраныя рынкі дзяржавы-члены ЕАЭС павінны абараняць — так, як гэта робяць іншыя, не грэбуючы ўласнымі інтарэсамі
Другое. Развіццё прамысловага патэнцыялу Саюза
«Аб’ём унутранага рынку апрацоўчай прамысловасці ЕАЭС перавысіў 1 трлн. долараў, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Лічба добрая, але што за ёй стаіць? У мінулым годзе мы запусцілі механізм падтрымкі прамысловай кааперацыі, выдзелілі сродкі, але, на жаль, пакуль няма вынікаў. У студзені, нарэшце, адобрана ажно два праекты на 17 млн. долараў — выпуск стрэлак для чыгунак і кабін для камбайнаў. Ажно смешна называць гэтыя праекты».
Прэзідэнт перакананы, што патрэбны больш рашучыя крокі па стварэнні перадавых вытворчасцяў, асабліва ў сферах засілля заходніх карпарацый: фармацэўтыка, авія-, суда- і аўтамабілебудаванне, мікраэлектроніка.
Трэцяе (без чаго не можа існаваць ні адна з краін). Харчовая бяспека
«У гэтым годзе ў нашых краінах вызначылася трывожная сітуацыя, калі для стабілізацыі цэн па асобных таварах даводзіцца прыадкрываць рынак ЕАЭС для імпарту, — сказаў беларускі лідар. — Для ўхілення праблемы індыкатыўнага планавання недастаткова. Дарэчы, па тых таварах, якія мы з лішкам можам вырабляць у сябе і прадаваць па ўсім свеце. Камісіі трэба падумаць над варыянтамі сістэмнага рашэння, каб не займацца мітуснёй і надзвычайшчынай, забяспечваючы людзей гароднінай, яблыкамі, маслам, цукрам, мясной прадукцыяй». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што сёння масла столькі, што яго дзяваць няма куды.
***
Рэзюмуючы, Прэзідэнт адзначыў, што пералік задач ЕАЭС можна працягваць. «Патрэбны вынік у пытаннях лічбавага развіцця Саюза — той жа праславуты электронны подпіс павінен, нарэшце, запрацаваць, — паставіў задачу ён. — Трэба больш актыўна заняцца тэматыкай агульнай біржавай прасторы, паставіць кропкі над „і“ ў асобных пытаннях у сферы тэхнічнага рэгулявання. Разам з тым такая дэталізацыя на ўзроўні лідараў краін не павінна падмяняць ініцыятыўную работу нашай эканамічнай камісіі».
Прэзідэнт заўважыў, што пра гэта вельмі шмат казалі (аб эфектыўнасці Камісіі, штатным раскладзе, заработнай плаце членаў ЕЭК) і прынялі па гэтых пытаннях рашэнні. «У гэтым плане лакмусавай паперкай стане якасная падрыхтоўка Камісіяй „дарожнай карты“ па рэалізацыі Дэкларацыі „Еўразійскі эканамічны шлях“ (як мы называем ЕАЭС 2.0), — дадаў ён. — Таксама паказальным будзе годнае завяршэнне работы па Стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Асаблівая ўвага гэтаму была ўдзелена: мы вычленілі з трох соцень паўтара дзясятка пытанняў, якія мы абавязкова павінны да канца года рэалізаваць, вырашыць іх. Такое запэўненне з боку Камісіі мы атрымалі»
У завяршэнні Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на пасяджэнні Вышэйшага савета ў канцы гэтага года разлічвае на грунтоўны даклад Старшыні Калегіі ЕЭК. «Беларусь мае намер прыкладаць усе намаганні для прасоўвання ідэй еўразійскай эканамічнай інтэграцыі,» — падкрэсліў беларускі лідар. Ён яшчэ раз падзякаваў усім прысутным за тое, што яны прыехалі ў Беларусь. «Думаю, вы аб гэтым не шкадуеце,— заўважыў ПРэзідэнт. — Любы прыезд, перагаворы (ці будзе гэта ў агульным складзе або на пляцоўках нашага Саюза, двухбаковыя кантакты) абавязкова прынясуць свой вынік».
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў Рэспубліку Куба. Па яго словах, прысутнасць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Прэзідэнта гэтай краіны, які не першы раз прымае ўдзел у гэтым мерапрыемстве, абавязкова прынясе кубінскаму народу свае плённыя вынікі. «Мы для гэтага будзем усё рабіць», — запэўніў беларускі лідар.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў быў падпісаны шэраг дакументаў. Сярод іх — Пагадненне аб эканамічным партнёрстве паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Часовае гандлёвае пагадненне паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі і Манголіяй.
Валерыя СЦЯЦКО.
Вераніка КАНЮТА.
Фота БелТА.