Top.Mail.Ru

На экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пабывалі работнікі СЭЗ «Мінск»

Каб трапіць у Палац Незалежнасці, проста купіць квіток не атрымаецца — гэта аб’ект дзяржаўнага значэння. Аднак дзякуючы распараджэнню Прэзідэнта зрабіць палац даступным для жыхароў краіны, гэта магчыма, і ахвотных пабываць тут усё больш. Калі на пачатковым этапе экскурсіі ўспрымалі як адзінкавы эксперымент, то сёння графік наведвання фарміруецца на тыдні наперад. Чарговую магчымасць убачыць знакавыя залы і інтэр’еры атрымалі прадстаўнікі СЭЗ «Мінск» і кампаній-партнёраў — людзі, якія сваёй працай ствараюць эканамічную моц краіны.


Нагодай стала 30-годдзе ўтварэння свабоднай эканамічнай зоны. У Палацы Незалежнасці сабралася каля 80 гасцей — прафесіяналаў у сферы машынабудавання, металаапрацоўкі, фармацэўтычнай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, электронікі, паліграфіі і ўпакоўкі. Іх прадукцыя экспартуецца ў больш чым 45 краін свету.

Асаблівую ўрачыстасць моманту надало тое, што падчас экскурсіі ўзяў слова чалавек, які непасрэдна датычны да стварэння палаца. Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Мінск» Анатоль Калінін, які ў свой час на пасадзе віцэ-прэм’ера адказваў за будаўніцтва гэтага аб’екта, падзяліўся ўспамінамі: «Ведаю гэты аб’ект ад першага каменя. Адчуваў усю адказнасць за маштабы і тэмпы, асабліва калі будаўнікі скарацілі тэрміны ў два разы, хоць тады яшчэ не мелі патрэбных кампетэнцый. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць».

Уражанні тых, хто пабываў у Палацы Незалежнасці, вельмі красамоўныя. Людзі, якія штодня працуюць на розных прадпрыемствах, адзначаюць не толькі эстэтычную прыгажосць, але і глыбокі сімвалічны сэнс гэтага месца.


Для дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «ІВЦ Мінаблвыканкама» Вікторыі Сарокінай, як і для многіх іншых, асаблівае значэнне мае тое, што ўсё ў палацы створана беларусамі: «Грандыёзна, цудоўна! Даўно хацелася пабываць у палацы, паглядзець яго вачыма замежных гасцей. І самае галоўнае: усё зроблена рукамі беларусаў, з нашых матэрыялаў. Гэта сапраўды ўражвае. У нас жывуць здольныя і працавітыя людзі, таму і вынік такі».

Падобныя ўражанні і ў кіраўніка кампаніі «Пнеўматэх» Аляксандра Матвейчава. Ён прызнаўся, што экскурсія стала для яго выкананнем даўняй мары, а ўбачанае натхняе на новыя здзяйсненні: «Я інжынер-будаўнік і ведаю, як узводзяцца гэтыя будынкі. Праязджаў міма яго 10 ці 15 гадоў таму і думаў: „Што гэта за будынак, як туды трапіць?“ І сёння з рэзідэнтамі СЭЗ „Мінск“ атрымалася ўбачыць усё знутры. Самае галоўнае, што мяне тут уражвае, — гэта тое, што ўсё зроблена з беларускіх матэрыялаў, беларускімі рукамі, і кожная зала, па якой мы зараз ходзім, спраектавана і прадумана з душой. Усюды ёсць нейкія дэталі. Гэтая гісторыя ўражвае, хочацца працаваць яшчэ больш».

Асабліва кранальным стаў каментарый вядучага спецыяліста адміністрацыі СЭЗ «Мінск» Аляксандра Касперука. Былы ваеннаслужачы ўбачыў залу, дзе калісьці ўзнагароджвалі яго сяброў па ваеннай службе: «Самае галоўнае ўражанне — гэта гонар за людзей. Асабліва кранула Зала для ўзнагароджання: па тэлебачанні я бачыў сваіх калег, якіх у свой час там узнагароджвалі. Было вельмі прыемна. Даўно марыў трапіць у гэтыя сцены — і вось дзякуючы калектыву адміністрацыі, маім новым грамадзянскім калегам гэта магчымасць з’явілася. Мы разам прыйшлі сюды, і я адчуваю такі ж дух адзінства, як у арміі. Ужо падзяліўся эмоцыямі ў сацсетках — сябры і блізкія радуюцца. Калі б была магчымасць, я б сюды запрасіў усіх».


Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Зубрык убачыў у гэтай экскурсіі яшчэ адзін важны сэнс — далучэнне кожнага беларуса да галоўных сімвалаў краіны: «Гэта цудоўна, вышэйшы пілатаж. Тут такія падзеі разгортваюцца, мы бачым усё, што зрабілі беларусы сваімі рукамі».

Экскурсія ў Палац Незалежнасці — гэта не проста пашырэнне кругагляду. Для працоўнага калектыву ці студэнцкай групы такі візіт становіцца актам грамадзянскай салідарнасці і патрыятызму. Гэта магчымасць убачыць знутры дзяржаўную машыну, зразумець эстэтыку і лагістыку пратаколу. Пасля наведвання многія адзначаюць з’яўленне пачуцця асабістай далучанасці да гістарычных падзей, якія адбываюцца ў краіне.

Як адзначыў адзін з удзельнікаў экскурсіі, «такое месца, такая падзея натхняюць». І гэта, бадай, самае галоўнае — калі людзі вяртаюцца на свае працоўныя месцы з новымі сіламі, гонарам за сваю краіну і жаданнем рабіць яшчэ больш для яе росквіту.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю