Наведаць Палац Незалежнасці гэтым разам выдалася магчымасць работнікам Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы — найстарэйшай дзіцячай бальніцы ў краіне — якраз учора споўнілася 105 гадоў з дня адкрыцця гэтай установы. Гасцямі Палаца таксама сталі ўдзельнікі ХХХ юбілейнай выстаўкі-форуму «Ахова здароўя Беларусі», а менавіта гродзенскія ўрачы анка- і кардыядыспансераў, урачы і спецыялісты Віцебскай і Мінскай бальніц хуткай медыцынскай дапамогі, якія выратавалі людзей пасля пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску, а таксама прадстаўнікі трох унікальных РНПЦ — дзіцячай хірургіі, кардыялогіі, неўралогіі і нейрахірургіі, на рахунку якіх сотні ўнікальных аперацый.
Экскурсія пачалася традыцыйна ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут гасцям расказалі гісторыю ўзвядзення рэзідэнцыі Прэзідэнта. Рашэнне аб будаўніцтве Палаца Незалежнасці было прынята Аляксандрам Лукашэнкам у 2011 годзе. Пастаўленую Прэзідэнтам задачу беларускія майстры выканалі хутка, і, што не менш важна, якасна: замест запланаваных 57 месяцаў яго пабудавалі за 30 — ужо ў кастрычніку 2013-га пляцоўка адчыніла свае дзверы для першых высокіх гасцей, а некалькі гадоў таму па распараджэнні Прэзідэнта — і для звычайных беларусаў.
Падчас экскурсіі намеснік галоўнага ўрача Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандр ДЗЯЖУРКА расказаў, што неаднаразова бачыў Палац Незалежнасці здалёк, але на экскурсію прыехаў разам з калегамі ўпершыню: «Яна для нас знакавая, таму што прымеркаваная да 105-годдзя адкрыцця бальніцы — 15 красавіка 1920 года яна прыняла сваіх першых пацыентаў». Паводле слоў госця, сёння штат бальніцы налічвае больш за 1 100 работнікаў, якія неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі галіновых спаборніцтваў — «Лепшая медыцынская сястра», «Лепшая арганізацыя аховы здароўя па развіцці інстытута настаўніцтва» і не толькі.
На пытанне аб першых уражаннях ад наведвання рэзідэнцыі Прэзідэнта, гамяльчанін адказаў так: «У Беларусі, нашай маладой у параўнанні з іншымі дзяржаве, абавязкова павінна быць такая велічная пляцоўка. Тут адчуваецца беларускі дух, стыль». Асабліва госцю спадабалася, што ўбачыць палац не толькі звонку, але і наведаць вядомыя для многіх залы, ёсць магчымасць у кожнага беларуса. Гэта зноў падкрэслівае: хоць рэзідэнцыя Прэзідэнта — пляцоўка цэнтральная, статусная, але ні ў якім разе не адасобленая.
Госці былі прасякнуты атмасферай усіх залаў, якія наведалі. Іх увагу прыцягвалі нацыянальныя матывы, якія прасочваюцца паўсюль, нягледзячы на тое, што ўсе інтэр’еры Палаца Незалежнасці выкананы ў класічным стылі, што абумоўлена афіцыйнасцю пабудовы.
Маштаб, веліч і ўвага да дэталяў — вось што асабліва ўразіла падчас экскурсіі старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Вольгу ВОЗЧЫКАВУ: «Ганаруся яшчэ і тым, што гэта прыгажосць створана рукамі беларусаў», — адзначыла жанчына.
У першы раз у Палацы Незалежнасці ўчора пабывала вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Людміла НОВІКАВА: «Я вельмі шчаслівая прадстаўленай магчымасці трапіць у такі значны для краіны будынак, дзе прымаюцца найважнейшыя рашэнні, праходзяць мерапрыемствы з удзелам нашага Прэзідэнта. Вельмі ганаруся тым, што пабывала тут. Палац здзіўляе сваёй прыгажосцю, архітэктурай, інтэр’ерам. Ён унутры прасякнуты нашым нацыянальным духам», — с захапленнем адзначыла жанчына.
Для гамяльчанкі Святланы таксама гэты дзень запомніцца надоўга: «Нарэшце мы прыехалі ў Мінск! У палацы так светла, утульна, сонечна, што экскурсія праляцела, здаецца, як адно імгненне. Ганаруся, што пабывала тут, ды яшчэ і калі — у дзень юбілею адкрыцця нашай бальніцы! Дзякуй Прэзідэнту за магчымасць!».
фота аўтара