Усё часцей дзяўчаты робяць прафесійны выбар на карысць міліцэйскай службы. Сваёй мэтанакіраванасцю, упартасцю, стараннасцю, адказнасцю і нават не ўласцівай жанчынам мужнасцю яны даказваюць, што недарэмна носяць пагоны і стаяць у адным страі з мужчынамі. Марыя Ілюшына яшчэ толькі на шляху да сваёй мары, але шанцы вялікія. Нягледзячы на няўдалую спробу трапіць у Акадэмію МУС з першага разу, яна рызыкнула і паступіла з другога. Цяпер Марыя — упрыгажэнне факультэта міліцыі грамадскай бяспекі галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны, адзіная дзяўчына сярод некалькіх сотняў будучых вартавых правапарадку.
Ці не складана вучыцца разам з аднымі хлопцамі і спасцігаць асновы мужчынскай прафесіі, чаму вырашыла служыць менавіта ў міліцыі і хто паказаў прыклад адданасці Айчыне, даведаліся падчас сустрэчы з курсантам Марыяй у сценах яе альма-матар.
Прага справядлівасці
З будучай прафесіяй Марыя Ілюшына вызначылася яшчэ ў восьмым класе. З самага дзяцінства яна была ўпэўнена ў тым, што будзе насіць пагоны. Нягледзячы на сваю знешнюю далікатнасць, унутраны моцны стрыжань рухаў дзяўчыну наперад да сваёй мары. Тым больш было на каго раўняцца. Бацька — афіцэр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у той час начальнік Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цяпер — падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы. Брат — курсант Універсітэта грамадзянскай абароны, затым ратавальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР».
«Паступаць у Акадэмію МУС і звязаць жыццё з органамі ўнутраных спраў — быў выключна мой выбар: ніхто не ўгаворваў, а тым больш не накіроўваў, — расказвае курсант Ілюшына. — Магла б разгледзець Універсітэт грамадзянскай абароны, але душа ляжала да міліцыі».
«З самага дзяцінства было жаданне дапамагаць людзям. І цяпер так — мне ўвесь час і ва ўсім неабходна дабівацца справядлівасці».
Яна не моцна перажывала, калі ў 2023 годзе не паступіла ў Акадэмію МУС: у ВНУ сілавога блока заўсёды быў вялікі конкурс, асабліва для дзяўчат. Падаць духам, а тым больш збочыць са шляху да мары — не ў характары Марыі. А таму як толькі ёй споўнілася 18 гадоў, звярнулася ў аддзел кадраў Стаўбцоўскага РАУС (з гэтага горада яна родам) з заявай аб працаўладкаванні. Заяву разгледзелі і праз некаторы час запрасілі дзяўчыну на навучанне ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС.
Тры з паловай месяца Марыя вывучала асновы будучай прафесіі, трэніравала вынослівасць, прызвычайвалася жыць па распарадку, працавала над самадысцыплінай. Прызнаецца, не ўсё давалася лёгка, але нават у такія моманты ніколі не засумнявалася, што ідзе па правільным шляху.
Любімы прадмет — агнявая падрыхтоўка
Пасля паспяховага праходжання навучання Марыя Ілюшына была накіравана для праходжання службы ў ізалятар часовага ўтрымання. Там служыла нядоўга — набліжалася чарговая ўступная кампанія. Дзяўчына не страчвала надзеі атрымаць афіцэрскія пагоны. Як супрацоўнік органаў унутраных спраў, яна мела права паступаць на любы факультэт — як Акадэміі МУС, так і Магілёўскага інстытута МУС — па-за конкурсам. Марыя Ілюшына зрабіла выбар на карысць факультэта міліцыі грамадскай бяспекі.
«На гэтым факультэце больш спецыяльнасцяў, якія падыходзяць дзяўчатам, — аргументуе свой выбар курсант. — Тут вучацца і будучыя ўчастковыя інспектары міліцыі па справах непаўналетніх, інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі, супрацоўнікі Дэпарта-
мента аховы, аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі. Ды і Дзяржаўтаінспекцыя ўсё часцей становіцца папулярнай у дзяўчат».
Марыя пакуль не вызначылася, якая спецыялізацыя ёй па душы. Хацела б паспрабаваць свае сілы і ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі, і ў рабоце з непаўналетнімі, не супраць складаць адміністрацыйныя пратаколы на парушальнікаў Правілаў дарожнага руху, забяспечваць бяспеку на дарогах. Не выключае і службу ўчастковым інспектарам міліцыі. Яшчэ ёсць час падумаць. На першым курсе курсантам выкладаюць тыя дысцыпліны, якія важна ведаць усім міліцыянерам, дзе б яны ні служылі. Затым профільных прадметаў стане больш.
Чалавеку, які амаль усё сваё жыццё займаўся танцамі, нескладана было прызвычаіцца да фізічнай нагрузкі.
«Даводзіцца рабіць усё тое, што і хлопцы, — ніякіх паблажак! — прызнаецца яна. — Мне ніколі не было складана ў мужчынскім калектыве».
«Калі трэба, заўсёды магу звярнуцца да аднакурснікаў па дапамогу. Яны, у сваю чаргу, прыходзяць да мяне па параду: пытаюцца, напрыклад, што падарыць дзяўчыне на тое ці іншае свята».
Адным словам, агульную мову з аднагрупнікамі знайшла хутка. Сябруе і з курсантамі іншых курсаў: як правіла, іх аб’ядноўваюць агульныя творчыя праекты.
Як не дзіўна, любімы прадмет Марыі — агнявая падрыхтоўка. Яе не пужаюць гучныя выстралы і цяжар зброі.
Па рэкамендацыі выкладчыкаў курсант будзе наведваць секцыю па практычнай стральбе.
Культурная праграма і практычныя аспекты
Свой пакой у інтэрнаце Марыя Ілюшына дзеліць яшчэ з дзвюма дзяўчатамі з іншых факультэтаў. Паколькі на тэрыторыі факультэта грамадскай бяспекі, на якім яна вучыцца, інтэрнат разлічаны толькі на хлопцаў, штодзень даводзіцца ездзіць у раён галоўнага корпуса акадэміі. Марыя не лічыць гэта складанасцю. Наадварот, такога роду прагулку перад сном успрымае за бонус. На факультэце яна праводзіць большасць свайго часу (з самай раніцы да вечара), а таму некалькі прыпынкаў пераадольвае толькі для таго, каб пераначаваць.
«А калі не вячэраць, можна раней паехаць у інтэрнат?» — удакладняю ў суразмоўніцы.
Пасля заняткаў у курсантаў — дзве гадзіны самападрыхтоўкі. Затым у іх — вячэра. Калі справіліся раней і застаўся час да прыёму ежы, ідуць займацца спортам (на факультэце абсталявана сучасная трэнажорная зала) або ў бібліятэку.«Можна, але есці ж хочацца. Тым больш тут так смачна кормяць!» — кажа Марыя.
Дома Марыя бывае нячаста. І справа не ў парушэнні парадку — з дысцыплінай у яе акурат усё добра. Больш таго, дадатковымі звальненнямі дзяўчына заахвочваецца і за ўдзел у шматлікіх конкурсах. Справа ў тым, што ёй хочацца наведаць тыя месцы, выезды ў якія па выхадных рэгулярна арганізоўваюць выкладчыкі факультэта: гэта і храмы, і культурныя ўстановы сталіцы, і розныя мерапрыемствы.
Паколькі Марыя накіроўвалася на вучобу са Стаўбцоўскага РАУС, то па размеркаванні трапіць на радзіму. Як складзецца яе лёс далей, пакуль не загадвае. Але ўжо сёння дакладна ведае адно: шлях да палкоўніцкіх пагон (а менавіта пра гэта яна марыць, не менш!) будзе няпросты, але курсант Ілюшына гатова прайсці яго з гонарам і годнасцю.Дзяўчыне не церпіцца даведацца тонкасці прафесіі на практыцы. З сакавіка курсанты разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў будуць задзейнічаны ў патруляванні горада. Марыя не баіцца цяжкасцяў. Яна цудоўна разумее: прафесія, якую выбрала, спалучана з небяспекай, а таму дзяўчына гатова і да форс-мажорных сітуацый. Па словах курсанта, людзі, нават агрэсіўна настроеныя, добра рэагуюць на дзяўчыну ў пагонах, дзесьці нават больш давяраюць, чым мужчынам.
Фота Лізаветы ГОЛАД.