Экс-кіраўнік Мінтранса Расіі і былы губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт пакончыў з сабой 7 ліпеня.
Старавойт здзейсніў самагубства на фоне крымінальнай справы аб крадзяжах пры будаўніцтве абарончых збудаванняў у Курскай вобласці. Па словах крыніцы Shot, на яго даў паказанні галоўны фігурант гэтай справы Аляксей Смірноў — былы намеснік і пераемнік Старавойта ў Курскай вобласці.
Старавойту магло пагражаць да 20 гадоў калоніі па двух артыкулах.
Цела экс-міністра знайшлі на паркоўцы каля парку Малевіча ў падмаскоўным Адзінцова. Па адной з версій, ён здзейсніў самагубства ў сваім аўтамабілі маркі Tesla, па іншай — непадалёк ад яго. Побач з целам Старавойта ляжаў узнагародны пісталет.
За некалькі гадзін да гэтага прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін звольніў Старавойта з пасады міністра транспарту і прызначыў часова выконваючым яго абавязкі былога кіраўніка Наўгародскай вобласці Андрэя Нікіціна. У Крамлі адзначалі, што адстаўка міністра не звязана са стратай даверу. Яшчэ 2 ліпеня Старавойт выступаў перад Пуціным з дакладам на тэму развіцця сеткі аэрапортаў.Былы віцэ-прэзідэнт Расіі і экс-губернатар Курскай вобласці Аляксандр Руцкой назваў Старавойта «добрым чыноўнікам» і выказаў меркаванне, што ён мог пакончыць з сабой «з гонару». Ён лічыць, што экс-кіраўніка Мінтранса ўцягнуў у крымінальную справу аб крадзяжы былы губернатар Аляксей Смірноў, які раней быў яго намеснікам. Прытым Руцкой не верыць, што Старавойтащ сапраўды мог пайсці на злачынства і вырашыўся звесці рахункі з жыццём, каб захаваць свой гонар.
Пры гэтым некаторыя расійскія аглядальнікі, у тым ліку ваенкары, не выключаюць і інсцэніроўку самагубства.