Першая кроў вайны пралiлася ў Пiнску ранiцай нядзелi 22 чэрвеня 1941 года. Нямецкiя самалёты скiнулi некалькi бомб на тэрыторыю сударамонтнага завода. Загiнуў малады рабочы Дзмiтрый Паўлiкоўскi, двое яго таварышаў атрымалi раненнi. Тым часам немцы ўжо бамбiлi самы блiзкi ад Пiнска аэрадром — у населеным пункце Жабчыцы. Акрамя баявых машын быў знiшчаны i ваенны гарадок, у якiм жылi лётчыкi, iх сем’i i абслуговы персанал.
Ад невялiкай групы — да цэлага злучэння
У гэты ж дзень патрыёты Пiнска ўсталi на абарону свайго горада i дзейнiчалi да самага яго вызвалення. Вечарам 22 чэрвеня ў Пiнску пачалося фармiраванне аднаго з першых у гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны партызанскiх атрадаў. Яго ўзначалiў загадчык сектара абласнога камiтэта партыi Васiль Корж. У атрад увайшлi камунiсты i камсамольцы горада. Сярод iх былi Сяргей Карнiлаў i яго жонка Вера Харужая, Рыгор Карасёў, Эдуард Нордман. Са зброi атрад меў некалькi вiнтовак, па 5-10 пачкаў патронаў на чалавека, гранаты i пару пiсталетаў. Але праз тры днi, 26 чэрвеня, партызаны затрымалi нямецкiх разведчыкаў-парашутыстаў, а 28 чэрвеня на дарозе Пiнск-Лагiшын устроiлi засаду на нямецкiя лёгкiя танкi, здабылi боепрыпасы, карты працiўнiка, узялi палонных. Гэты бой, у якiм партызаны, дарэчы, не страцiлi нiводнага байца, лiчыцца першым у гiсторыi партызанскага руху СССР. Тая маленькая перамога мела найбольш псiхалагiчны эфект, захопнiкi такога яўна не чакалi.
Ужо праз год актыўнай баявой работы злучэнне Каржа мела свой аэрадром, шпiталь для лячэння раненых, у лясной друкарнi выходзiла газета «Палеская праўда». У вераснi 1943 года партызанскаму камандзiру прысвоiлi званне генерал-маёра.
Партызанскi камбрыг Корж
Варта сказаць, што герой вайны адначасова быў i народным героем. Нездарма ж яго памяць так беражлiва шануюць землякi. Усе названыя факты яшчэ раз згадвалiся пры ўрачыстым адкрыццi помнiка Герою Савецкага Саюза Васiлю Каржу ў чэрвенi 2023 года. Начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы i па справах моладзi Пiнскага райвыканкама Юрый Бушык падкрэслiвае несумненны аўтарытэт партызанскага камбрыга: «Сваiм падначаленым ён гаварыў: „Мы ваюем за народ. Наша апора i надзея — мясцовае насельнiцтва. Галодны — папрасi, людзi апошнiм падзеляцца. Сiлай возьмеш — нiколi не даруюць. Не крыўдзiць, а баранiць насельнiцтва — наша задача!“ Засталiся сведчаннi таго, як жорстка абыходзiўся ён з рабаўнiкамi, мог i застрэлiць такога перад строем».
Дарэчы, з пачатку вайны Корж узяў псеўданiм Камароў, а яго падшэфных называлi камароўцамi. Дык вось камароўцы старалiся своечасова атрымлiваць разведданыя пра планы карных аперацый у вёсках i загадзя выводзiлi жыхароў у лес. Такiм чынам было выратавана нямала людзей. Да Каржа ў злучэнне iшлi людзi. Народныя мсцiўцы не давалi спакойна жыць акупантам.
Зверствы, якiх не бачыла i сярэднявечча... Але вернемся ў Пiнск. Вораг заняў яго 4 лiпеня. З гэтага дня вядзе адлiк трагедыя яўрэйскага насельнiцтва горада, якое да вайны складала большасць. Па гэтай тэме найлепшым экспертам, несумненна, з’яўляецца Iрына Яленская, кандыдат гiстарычных навук, дацэнт кафедры эканомiкi i бiзнесу Палескага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Iрына Эдуардаўна расказвае, што ў жнiўнi 1941-га ўсе яўрэi Пiнска прайшлi рэгiстрацыю, а ў маi 1942-га яны былi змешчаны ў гета. Акрамя 18 640 пiнчукоў туды трапiлi яўрэi з еўрапейскiх краiн, а таксама з блiжэйшых мястэчак. Па часе стварэння пiнскае гета стала апошнiм на тэрыторыi Беларусi. Яно было агароджана калючым дротам, мела тры выхады, якiя ахоўвалi. Вязнi працавалi на прадпрыемствах i ў майстэрнях горада, выконвалi iншую цяжкую працу. У гета ад самага пачатку стваралiся падпольныя групы. Немцы гэта ведалi i апасалiся яўрэйскага супрацiву. Таму яны iмкнулiся ў першую чаргу знiшчаць яўрэяў-мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў, нягледзячы на тое, што такiм чынам пазбаўлялiся найбольш працаздольных вязняў. У архiўных дакументах паведамлялася, што да другой паловы 1942 года ў гета амаль не заставалася вязняў-мужчын.
Iрына Яленская прыводзiць успамiны вiдавочцаў. Вось што гаварыў Уладзiмiр Юльянавiч Кротаў: «28 кастрычнiка 1942 года пачалося канчатковае знiшчэнне вязняў. Гета было акружана атрадамi немцаў СС, былi пастаўлены кругом кулямёты. Вайскоўцы атрадаў СС, узброеныя дадаткова палкамi i дубiнамi, з розных бакоў увайшлi ў гета i сталi выганяць усiх агулам — старых, жанчын, дзяцей, мацi з немаўлятамi, хворых, усiх палкамi зганялi на яўрэйскiя могiлкi паблiзу бальнiцы. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалi альбо забiвалi ўдарамi палак па галаве на месцы. На могiлках таксама праз пабоi аддзялялi групы па некалькi сот чалавек i накiроўвалi, увесь час збiваючы, праз Шчытавую i Ляшчынскую вулiцы за горад на ўчастак былога аэрадрома ў Добрую Волю, дзе былi падрыхтаваныя вялiзныя ямы-магiлы. Людзям загадвалi распранацца, уводзiлi ў ямы, укладвалi радамi i забiвалi. Бацькi павiнны былi ўводзiць альбо ўносiць у ямы сваiх дзяцей, каб разам памерцi. Патокi i цэлыя лужыны крывi стаялi на вулiцах гета i па шляху людзей за горад. Гэта было страшэнна. На свае вочы бачыў на вулiцы трупы людзей у лужынах крывi, раскiданыя па дарозе адзенне, пасмы валасоў, парваныя грошы, хатнiя рэчы...»
Даследчык прыводзiць сведчаннi яшчэ аднаго жыхара Пiнска Уладзiмiра Адамавiча Вербановiча. Вось што ён напiсаў у 1944 годзе: «Тая жудасная трагедыя, якая адбылася ў нашым параўнальна невялiкiм горадзе, не можа быць апiсана цi ахарактарызавана ў поўным сэнсе слова. Няма тых слоў, якiмi можна выразiць тое, што адбылося ў ХХ стагоддзi, калi культура i цывiлiзацыя дасягнулi найбольшага росквiту... Вiноўнiкi, якiх нельга назваць людзьмi, асмельвалiся заяўляць, што па культуры сваёй стаяць вышэй за ўсе iншыя нацыi... Калi б да вайны з’явiўся нейкi прарок, якi б расказаў, што будзе, як гэта будзе адбывацца, яму б нiхто не паверыў. Аднак гэта адбылося...» У Пiнску было знiшчана двое з трох жыхароў. Такiх страт горад не ведаў за ўсю сваю гiсторыю.
Подзвiг палескага Сусанiна
У адказ на гэтыя зверствы, якiх не бачыла нават самае змрочнае Сярэднявечча, людзi сталi ствараць падпольныя арганiзацыi i групы. Антыфашысцкае падполле, якое складалася фактычна з моладзi, iснавала ў Пiнску з верасня 1942 да пачатку 1944 года, — расказалi ў Музеi Беларускага Палесся.
Адважныя камсамольцы нарыхтоўвалi харчы, адзенне, медыкаменты для партызан, збiралi боепрыпасы, дапамагалi акружэнцам-чырвонаармейцам, хавалi іх ад немцаў i лячылi параненых. Удзельнiкi падпольных груп узарвалi будынак СД, у вынiку акцыi загiнула некалькi гестапаўцаў. Затым прагучалi выбухi ў нямецкай краме, у мадзьярскай казарме, у лазарэце. Восенню 1942 года падпольшчыкi спалiлi дзве падсобныя гаспадаркi акупантаў.
Вораг адцягваў вялiкiя сiлы на барацьбу з партызанамi. Для гэтага зiмой 1943-га з фронту былi зняты тры дывiзii. Яны iмкнулiся ўзяць народных мсцiўцаў у акружэнне i знiшчыць. Але дзякуючы патрыётам план гiтлераўцаў стаў вядомы, i камандаванне злучэння загадзя выводзiла атрады з-пад удару.
Непакорныя палешукi давалi адпор ворагу нават тады, калi ведалi, што iдуць на смерць. Прыклад таму — подзвiг братоў Цуба з вёскi Навiны. Акупанты шукалi праваднiкоў. Калi яны зайшлi ў вёску, Iван Цуба выганяў з хлява карову. Яго павялi да дома, з якога ўжо паспелi выцягнуць яго 75- гадовага брата Мiхаiла. Апошнi адразу адмовiўся паказваць дарогу да партызан. Яго застрэлiлi на парозе дома. А Iван пагадзiўся стаць правадніком. I завёў фашыстаў у багну Грачылаўскiх балот, з якой тыя ўжо не выбралiся.
У кнiзе «Партызанскiя збройнiкi» ёсць цiкавыя звесткi пра кiраўнiкоў збройных майстэрняў атрада iмя Катоўскага. Паведамляецца, што многiя партызаны былi ўзброены новымi аўтаматамi тыпу ППШ. Iх выраблялi былы пiнскi кiнамеханiк Якаў Менкiн, былы гадзiннiкавы майстар Васiль Нягрэй, ваентэхнiк Якаў Цемякоў. Названымi аўтаматамi быў узброены амаль увесь камандны склад брыгады iмя Будзённага. Такi ж аўтамат меў i Васiль Корж. З ворагам змагалiся ўсiмi даступнымi сродкамi.
Пiнск быў вызвалены 14 лiпеня 1944 года. А ў 2010-м горад узнагароджаны вымпелам «За мужнасць i стойкасць у гады Вялiкай Айчыннай вайны».
Фота з адкрытых крынiц