Навальнічныя дажджы з мора
Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, пачатак другой дэкады ліпеня абяцае быць дастаткова вільготным і свежым. Найбольш моцныя дажджы і навальніцы пройдуць у аўторак, а следам чакаецца істотнае паніжэнне тэмпературнага фону.
Навальнічная небяспека захаваецца і ў сераду. У гэты дзень умовы надвор’я будзе вызначаць тылавая частка цыклона, цэнтр якога перамесціцца на Ленінградскую вобласць. Чакаецца воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі нашай краіны пройдуць дажджы, днём месцамі з навальніцамі. Вецер заходняй чвэрці парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад 7 да 14 °C, максімальная днём — ад 14 °C па поўначы да 23 °C па паўднёвым захадзе Беларусі.
У чацвер наша краіна будзе знаходзіцца ў полі паніжанага атмасфернага ціску. Днём адаб’ецца ўплыў франтальнай сістэмы, якая ссоўваецца з поўдня Балтыйскага мора. Воблачна з праясненнямі, ноччу месцамі, днём у многіх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень месцамі прагрымяць навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу — ад 6 да 13 °С цяпла. Днём тэмпературны фон пачне паволі павялічвацца. Максімальная тэмпература ў сярэдзіне дня будзе дасягаць 16–23 °C, па паўднёвым усходзе краіны да 25 °C. Лета працягваецца.
Сяргей КУРКАЧ