Успамін пра лета
Бабіна лета — усё ж такі не сапраўднае лета, а толькі яго прывід. І хоць сонейка на гэтым тыдні было шмат, аднак летнім дзённае цяпло можно назваць умоўна.
А ночы і зусім ужо не летнія. Затое ўслед за адукацыйнымі і сацыяльнымі ўстановамі пачалі ўключаць ацяпленне і ў жылым фондзе. Якога надвор’я чакаць у выхадныя, даведаліся ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1–6 °C вышэй за нуль, месцамі замаразкі да мінус 4 °C. Днём будзе 11–18 °C цяпла.
У нядзелю — пераважна без ападкаў, толькі днём у асобных раёнах па поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–7 °C вышэй за нуль, па паўночным захадзе — да плюс 9 °C, у асобных раёнах будуць замаразкі да мінус 3 °C. Днём паветра прагрэецца да 12–19 °C цяпла.
Асцярожна — туман
У сувязі з перападамі тэмператур у МНС папярэдзілі аб фактарах небяспекі ў туман, які ў гэтыя дні раніцай назіраецца ў многіх раёнах Беларусі. Асноўныя фактары небяспекі пры тумане — зніжэнне бачнасці і цяжкасць руху транспарту. У такіх умовах таксама павялічваецца верагоднасць дарожна-транспартных здарэнняў. Будзьце ўважлівыя!
Пляжны сезон закрыты
А вось купацца ў вадаёмах, як летам, ужо не атрымаецца. Па інфармацыі Белгідрамета, тэмпература вады ў рэках складае ад плюс 9,3 да 15 °C, у іншых вадаёмах — ад 13 да 16 °C цяпла. Па прагнозах гідролагаў, да канца гэтага тыдня на большасці рэк краіны будзе назірацца спад узроўняў вады і роўны іх ход.
Віктар ЛЮБІМАЎ