Top.Mail.Ru

На Гомельшчыне ў гарадскім пасёлку Лельчыцы фестываль-кірмаш «Дажынкі-2025» сабраў найлепшых аграрыяў паўднёва-ўсходняга рэгіёна

Аграалімп на гомельскі лад

Яркая кульмінацыя жніва — свята ўраджаю і павагі да працы земляробаў у Лельчыцах супала з адкрыццём у гарпасёлку дзясяткаў новых і рэканструяваных аб’ектаў, якія яшчэ доўгія гады будуць нагадваць аб гонары райцэнтра быць у шэрагу сталіц «Дажынак». 

Час вынікаў і старту да новых здабыткаў 

Прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі задаў урачысты тон ураджайнаму фестывалю «Дажынкі-2025» у Лельчыцах. З галоўнай сцэны яго зачытаў кіраўнік спраў Прэзідэнта, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў. У звароце беларускі лідар высока адзначыў самаадданую працу аграрыяў Гомельшчыны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гомельская зямля штогод уносіць значны ўклад у хлебны каравай краіны. «Вось і ў бягучым годзе, нягледзячы на раннюю пасяўную кампанію і дажджлівае лета, палі ўбраны, свірны загружаны, перапрацоўчыя прадпрыемствы забяспечаны сыравінай. Гэта галоўная ацэнка работы аграпрамысловага комплексу вобласці, найлепшая ўзнагарода за вашы намаганні», — адзначыў у прывітальным адрасе Прэзідэнт Беларусі. 

Кіраўнік спраў Прэзідэнта асабліва падкрэсліў стратэгічнае значэнне для нашай краіны аграрнага сектара: «Беларусь цалкам забяспечыла сябе ўласнымі прадуктамі. Не кожная дзяржава можа гэтым пахваліцца. Мы абавязаны тым ганарыцца. І людзям, якія гэта зрабілі, павінны заўсёды гаварыць вялікі дзякуй». Юрый Назараў таксама адзначыў неабходнасць захавання такой важнай традыцыі сельгасгода, бо правядзенне «Дажынак» у райцэнтрах — сапраўды знакавая падзея, якая надае гарадскім пасёлкам «зусім іншае гучанне».

Далейшых поспехаў, развіцця і руху толькі наперад, да перадавых пазіцый у краіне аграрыям Гомельшчыны пажадаў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак. Ён уручыў на галоўнай фестывальнай сцэне заслужаныя ўзнагароды хлебаробам за іх шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.

Новыя аб’екты — падарункі

Да галоўнага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025» Лельчыцы падышлі сапраўды абноўленымі. За год у райцэнтры рэалізавалі больш за 180 праектаў па рамонце і будаўніцтве. Адным з найбольш значных стаў пуск у эксплуатацыю цэнтральнай кацельні на мясцовых відах паліва, якая не толькі дае істотную эканомію, але і робіць энергетыку раёна больш устойлівай і незалежнай. Яшчэ адной важнай падзеяй для раёна стала адкрыццё пасля капітальнай рэканструкцыі хірургічнага аддзялення Лельчыцкай райбальніцы. Сацыяльная сфера Лельчыц таксама атрымала свой падарунак. Пасля поўнага рамонту адкрыўся абноўлены ТЦСАН. Істотнае абнаўленне закранула і транспартную сетку гарпасёлка. На вуліцы Чырвонаармейскай адкрылі мост пасля капітальнага рамонту. Абнавілі ў гарпасёлку і мясцовую аўтастанцыю: у будынку правялі поўную рэканструкцыю, замянілі ўсе інжынерныя сеткі і адрамантавалі залы чакання.

Асаблівы падарунак да вялікага свята, якое ўпершыню прымаюць Лельчыцы, — новы шматкватэрны дом. Дарэчы, ключы ад новенькіх кватэр атрымалі ў тым ліку спецыялісты, для якіх уласнае жыллё — асаблівая форма падтрымкі для замацавання ў раёне.

Вельмі яркай і кранальнай падзеяй для Лельчыц з нагоды «Дажынак» стала першае вяселле ў абноўленым аддзеле запісу актаў грамадзянскага стану. Таццяна Фіцнер і Данііл Чыжык зарэгістравалі шлюб менавіта ў дзень свята. 

Энергія, майстэрства і адданасць справе

Традыцыйна вельмі яркай часткай абласнога фестывалю стала шэсце дэлегацый аграрыяў усіх раёнаў Гомельшчыны. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падзякаваў працаўнікам вёскі вобласці за той вынік працы, які, нягледзячы на сур’ёзныя выклікі, удалося паказаць у гэтым сельскагаспадарчым сезоне: «Сёння мы ўшаноўваем чалавека працы — таго, хто са збожжа стварае хлеб, а з клопату аб зямлі — будучыню Гомельшчыны. Наша шчырая падзяка камбайнерам, кіроўцам, аператарам зернесушыльных комплексаў, усім працаўнікам палёў і млынкамбінатаў. Усім, хто ўдзельнічаў ва ўборачнай кампаніі. Няхай ваша энергія, майстэрства і адданасць справе вядуць нас да новых рэкордаў, да новых ураджаяў і да працвітання нашай роднай Гомельскай вобласці і любімай Беларусі».

Чэмпіёнамі па вытворчасці збожжа на Гомельшчыне сталі Буда-Кашалёўскі (больш за 105 тыс. т збожжа пры ўраджайнасці звыш 35 ц/га), Рэчыцкі і Рагачоўскі раёны (больш за 80 тыс. т кожны). Найлепшымі па ўраджайнасці — саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна, ААТ «Отар» Чачэрскага раёна, РУП «Беларуснафта-Асобіна» Буда-Кашалёўскага раёна, гаспадаркі «Антонаўка-Агра» са Жлобішчыны і «Тураўшчына» з Жыткавіцкага раёна. 

У дзень святкавання «Дажынак-2025» у Лельчыцах сапраўды адчувалася, што стаць сталіцай аграсвята — асаблівы гонар для невялікага райцэнтра. Жыхароў і гасцей Лельчыц чакалі на тэматычных падворках раёнаў Гомельскай вобласці. У кожнага была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з унікальнай прадукцыяй і культурай прадстаўнікоў розных куткоў рэгіёна. На свяце можна было ацаніць і, канешне, сфатаграфавацца на выставе караваяў і снапоў. Падворак Лельчыцкага раёна, дарэчы, стаў асабліва папулярнай фоталакацыяй. Тут выяву герба і сцяга роднай Беларусі вырабілі з уласнага ўраджаю гародніны. 

Наступнае абласное свята працаўнікоў вёскі прыме горад Калінкавічы. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю