Аператыўнікі БЭЗ Гомельскай вобласці ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі абласнога Камітэта дзяржкантролю выявілі схему крадзяжу грашовых сродкаў на адным з дзяржпрадпрыемстваў лёгкай прамысловасці вобласці.
Міліцыя высветліла, што генеральны дырэктар у змове з кіраўніком камерцыйнай структуры арганізаваў фіктыўную пастаўку сыравіны ў адрас сваёй арганізацыі. Ён даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб падрыхтоўцы падробленых дакументаў па правядзенні працэдур закупак камплектуючых, прызнанні пераможцы тэндараў, прыёмцы тавару на склад, а таксама аб выкарыстанні матэрыялаў у вытворчасці і далейшай рэалізацыі гатовай прадукцыі.
Па словах намесніка начальніка УБЭЗ УУС Гомельшчыны Аляксандра Пашкоўскага, такім спосабам менш чым за тры гады саўдзельнікі выкралі каля 1,4 мільёна рублёў. Грошы трацілі на асабістыя патрэбы: набыццё дарагіх аўто, абсталявання, добраўпарадкаванне і будаўніцтва прыватных домаўладанняў.
Следчымі распачата крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Фігуранты арыштаваны, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.