Шматлюдна, урачыста і творча, можна сказаць, адсвяткавалі новае месца прапіскі аднаго з двух раяляў, якія «вандравалі» і былі часткай галоўных канцэртаў «Час выбраў нас» на «Марафоне адзінства». Інструмент у падарунак ад Федэрацыі прафсаюзаў атрымаў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі. Перадача адбылася ў Вялікай зале навучальнай установы з удзелам высокіх гасцей, выкладчыкаў і студэнтаў.
— Мне невыказна прыемна знаходзіцца ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. І. Глінкі, з якога выйшла шмат нашых легендарных музыкантаў і кампазітараў. Мне радасна, што ўжо сто гадоў вы годна перадаяце нашу музычную традыцыю наступным пакаленням цудоўных музыкантаў. Дзякуй вам за гэта і нізкі паклон. Вялікую ўдзячнасць я таксама хачу выказаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, бо дзякуючы іх дапамозе ў вашага каледжа ёсць цяпер такі цудоўны інструмент, — сказаў міністр культуры Беларусі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан ЧАРНЕЦКІ. — Інструмент ужо мае сваю ўнікальную гісторыю. Гэта раяль-«марафонец», які праехаў па ўсёй краіне з 17 верасня да 24 студзеня ў рамках акцыі «Марафон адзінства». Менавіта на ім была выканана ў тым ліку кампазіцыя «Славянскае сузор’е», якую музыканты добра ведаюць. Упэўнены, што гэты інструмент дапаможа і вашым студэнтам стаць майстрамі сваёй справы.
Другі раяль будзе перададзены ў Магілёўскі каледж мастацтваў. На раялях будуць вучыцца будучыя віртуозы фартэпіяннай музыкі. А ў тым выпадку, калі акцыя «Марафон адзінства» атрымае працяг, інструменты будуць чакаць новыя вандроўкі па Беларусі.
— Я ўпэўнены, што сённяшняя падзея таксама дасць старт і задасць добрую планку тым студэнтам, хто будзе іграць на гэтым інструменце, выступаючы на канцэртах, а таксама стане сімвалам імкнення да мэты і сімвалам адзінства, што сёння ўжо закладзена ў гэтым раялі, — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр ШЧАКОВІЧ. — І дазвольце мне ўсіх вас падзякаваць ад імя Федэрацыі прафсаюзаў за тое, што вы несяце культуру, прыгажосць і мастацтва, духоўнасць у людзі. Робіце гэта штодня, прымнажаючы прыгажосць і натхняючы іншых.
— Для каледжа вялікая радасць — пашыраць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Гэта незаменны інструментарый, які дазваляе нам рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для сферы культуры нашай краіны. І сённяшні дзень знакавы, паколькі у нас з’явіўся першы раяль айчыннай вытворчасці і ён мае сваю слаўную гісторыю, — падзяліўся дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Аляксей СНІТКО. — Мы ўпэўнены, што той энергетычны запал, які мае гэты інструмент, будзе натхняць на новыя дасягненні нашых адораных студэнтаў.
Атрымліваць такія падарункі заўсёды прыемна. І Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі прымае яго ў год стагадовага юбілею, што па-свойму адметна і сімвалічна. Сёння ў навучальнай установе вучацца парадку 350 студэнтаў. Сюды прыходзяць па адукацыю са знакам якасці. А вось займацца на новым інструменце найперш будзе магчымасць у музыкантаў спецыяльнасці «Фартэпіяннае выкананне». Студэнтка 1 курса менавіта гэтай спецыяльнасці Анастасія Васюкевіч якраз апынулася ў ліку першых, хто змог на новым інструменце прадэманстраваць свой талент і здольнасці, выконваючы 24-ы Эцюд Шапэна. Перад выхадам на сцэну яна сказала:
— Сёння вельмі значны для мяне дзень, таму што іграць на новым інструменце, які падарылі нашаму каледжу, — гэта асаблівае задавальненне. Прыемна ўсведамляць, што да цябе на ім выконвалі музыку знакамітыя людзі, а цяпер такая магчымасць ёсць у нас — тых, хто толькі ступіў на шлях самастойнага прафесійнага навучання.