Top.Mail.Ru

На кандытарскай фабрыцы «Камунарка» ведаюць, як стварыць народна любімы прадукт

Зусім нядаўна легендарная кандытарская фабрыка «Камунарка» адзначыла 120-гадовы юбілей з дня ўтварэння. З тых часоў змянілася шэсць пакаленняў, аднак вырабы не перастаюць карыстацца попытам і ў людзей сталага ўзросту, і ў моладзі. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні да юбілею, менавіта салодкая прадукцыя «Камунаркі» ў ліку першых сярод прадпрыемстваў краіны ўдастоена вышэйшай узнагароды — Дзяржаўнага знака якасці, які і стаў сапраўдным сімвалам усенароднага прызнання работы калектыву. Мы адправіліся на прадпрыемства, каб даведацца, як фабрыцы ўдалося аказацца ў ліку першых уладальнікаў узнагароды.



Высакаякасны вытворчы кантроль

Начальнік упраўлення па якасці Ганна КОЗЫР расказала, што якасць вырабаў з’яўляецца прыярытэтам і арыенцірам у рабоце прадпрыемства: «Прадукцыя, якую мы выпускаем, адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы харчовай прадукцыі, маркіроўцы, харчовых дабаўках, якія выкарыстоўваюцца, а таксама дзяржаўным стандартам Беларусі. Яна вырабляецца з захаваннем санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў, рэцэптур, тэхналагічных інструкцый вытворцы. Усе вырабы правяраюцца на ўтрыманне ГМА і маркіруюцца знакам «Не ўтрымлівае ГМА».

1. 045A4023.jpg

Але ж якасны прадукт пачынаецца задоўга да вытворчага працэсу. Як паведамілі на прадпрыемстве, яшчэ на стадыі маркетынгавых даследаванняў фарміруюцца чаканыя характарыстыкі вырабу ў залежнасці ад попыту. Пры складанні рэцэптуры прымяняюцца навукова абгрунтаваныя падыходы па падборы інгрэдыентаў. Важнымі этапамі з’яўляюцца выбар пастаўшчыкоў сыравінных кампанентаў і іх своечасовая дастаўка на прадпрыемства.

Гаворачы непасрэдна пра вытворчасць кандытарскіх вырабаў, звярнулі ўвагу, што выпрабаванні кожнай партыі праводзяцца па фізіка-хімічных і арганалептычных паказчыках лабарантам атэставанай вытворча-тэхналагічнай лабараторыі ў парадку, устаноўленым схемамі кантролю паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў.

2. 045A4036.jpg

Далей інжынерам-тэхнолагам праводзіцца кантроль кожнай партыі па тэхналагічных параметрах: у абавязковым парадку сочаць за тэмпературай, вагой кандытарскіх вырабаў. Вынікі кантролю выпрабаванняў уносяцца ў электронным выглядзе ў праграме SAP «Кіраванне вытворчасцю». Адначасова спецыялістам вытворча-тэхналагічнай лабараторыі і мікрабіёлагам ажыццяўляюцца кантроль і выпрабаванні кандытарскіх вырабаў у парадку, устаноўленым схемамі кантролю і графікам вытворчага кантролю. Таксама праводзіцца вызначэнне адпаведнасці партый прадукцыі па паказчыках бяспекі ў акрэдытаваных лабараторыях на дагаворнай аснове. Аддзел кантролю якасці ажыццяўляе заключную прыёмку кожнай партыі гатовай прадукцыі па арганалептычных паказчыках, якасці закруткі, упакоўкі, маркіроўкі і ў адпаведнасці з іншымі патрабаваннямі.

Як ужо было адзначана раней, прадпрыемства адно з першых у краіне атрымала Дзяржаўны знак якасці за лінейку шакалада «Прэзідэнт эксклюзіў». Але на гэтым спыняцца не збіраюцца. Сёлета былі прадастаўленыя дакументы на прысваенне Дзяржаўнага знака якасці шакаладу... Якому? Магчыма, даведаемся, калі будуць агучаныя спісы чарговых лаўрэатаў.

Вабіць водар...

Вывучаць тонкасці вытворчасці адпраўляемся ў цукерачна-шакаладны цэх. Тут шумна, нястомна кіпіць работа, рухаюцца канвееры з салодкай масай, а яшчэ адчуваецца водар малочнага шакаладу. Можна лічыць, удала зайшлі, бо трапілі на вытворчасць новага батончыка з арэхамі, карамеллю і «паветраным» рысам. «У склад карамелі ўваходзяць патака, натуральнае згушчонае малако, дробка солі для смаку...» — расказвае нам вядучы інжынер-тэхнолаг тэхналагічнага аддзела Віктар ШЭЛАЕЎСКІХ. — Следам ідуць больш буйныя дабаўкі. Далей усё змешваецца, і на выхадзе атрымліваецца салодкая маса, якая паступае ў варонку. Затым два барабаны (тэмпература кожнага складае мінус 20 °C) фармуюць пласт пэўнай даўжыні і вышыні — параметры наладжваюцца на маніторах.

3. 045A4035.jpg

Рухаемся далей і бачым вялікі белы тунэль — гэта астуджальная прылада. Маса праходзіць скрозь халадзільнік — ён хоць і адкрыты, але сваю задачу выконвае: астуджае ніз прысмакаў. Пасля гэты салодкі вялізны прамавугольнік паступае на дыскавыя нажы — з масы атрымліваецца, як правіла, 40 жгуцікаў, якія рэжуцца на роўныя адрэзкі. Далей батончыкі пакрываюцца малочным шакаладам і, нарэшце, адпраўляюцца на ўпакоўку.

4. 045A4994.jpg

Ад задумы да рэалізацыі

На прадпрыемстве асаблівая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі як аднаму з найважнейшых элементаў павышэння канкурэнтаздольнасці. Для гэтага ў пачатку кожнага года ствараецца план па распрацоўцы новых відаў прадукцыі. «Тэндэнцыі хутка мяняюцца, таму ў яго нярэдка ўносяцца карэкціроўкі, — расказала галоўны тэхнолаг Ірына МАЦЫГУД. — Пасля зацвярджэння плана мы вырабляем узоры. Далей выбіраем найбольш прыдатны смак з дзесяці, а часам і з пятнаццаці прапанаваных, дзеля гэтага праводзіцца дэгустацыя. Да меркавання спажыўца заўсёды прыслухоўваемся. Калі прадукт спадабаўся людзям, рэгіструем рэцэптуру. Ад задумы да рэалізацыі праходзіць каля паўгода, але бывае і хутчэй».

«За 2024 год у нас выйшлі 52 навінкі прадукцыі, сёлета — 31. І гэта не мяжа, — паведаміла вядучы інжынер-тэхнолаг Кацярына ВАРАБ’ЁВА. — Захоўваюцца і тыя найменні вырабаў, якія запатрабаваныя на працягу доўгіх гадоў. Да традыцый мы ставімся з павагай». Попыт на прадукцыю расце не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Прысмакі «Камунаркі» экспартуюць у Расію, Кітай, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан і іншыя краіны.

5. 045A4192.jpg

Не толькі смачна, але і карысна

Суразмоўца Кацярына Вараб’ёва расказала нам і пра той шакалад, які атрымаў Дзяржаўны знак якасці, — ён пазіцыянуецца як прадукт для здаровага ладу жыцця. «Чорны горкі шакалад без дабаўлення цукру не перастае карыстацца папулярнасцю. Ён быў створаны па даручэнні Прэзідэнта. У рэцэптуру ўваходзяць какава-бабы з чатырох краін: Калумбіі, Эквадора, Венесуэлы і Кот-д’Івуара. Сарты адрозніваюцца па смакавым профілі: ёсць кветкавы, з кіслінкай... Адрозненне новай лінейкі шакаладу таксама заключаецца ў выбары заменніка цукру. У гэтым вырабе выкарыстоўваецца лактыт — з ім зручна працаваць у плане тэхналагічных параметраў, а яшчэ, калі казаць з пункту гледжання ўплыву на здароўе, ён не выклікае карыесу і не павышае глікемічны індэкс», — патлумачыла вядучы інжынер-тэхнолаг.

6. 045A4247.jpg

Увогуле на дыетычнае харчаванне на прадпрыемстве робіцца асаблівы ўпор, паколькі расце попыт. Вырабляюцца пратэінавыя батончыкі без цукру, акрамя таго, створаны новы від ласункаў, у склад якіх уваходзяць пратэін і какава. Сёлета плануецца выпуск цукерак без утрымання цукру і пратэіну.

Калі праца ў радасць

У канцы чэрвеня кладаўшчык дапаможных матэрыялаў цукерачна-шакаладнага цэха Гаянэ Уладзіміраўна Язерская адзначыць 20-гадовы юбілей работы на «Камунарцы». Жанчына заўсёды марыла трапіць менавіта на гэту фабрыку, і калі з’явілася вакантнае месца ў ахове прадпрыемства, яна з радасцю пагадзілася на прапанову працаўладкавацца. Праз пяць гадоў тагачасны начальнік змены Таццяна Іванаўна Краснік прапанавала ёй паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. Дарэчы, гэта мудрая і дасведчаная жанчына стала для Гаянэ Уладзіміраўны сапраўдным прыкладам.

7. 045A4884.jpg

Апошнія 15 гадоў жанчына тут працуе кладаўшчыком, забяспечваючы бесперабойную работу вытворчасці. Яе працоўны дзень пачынаецца з падрыхтоўкі матэрыялаў: у залежнасці ад зменнага задання яна вызначае, што спатрэбіцца цэху — тара, этыкеткі, скотч, маркіроўкі, фольга для ўпакоўкі і многае іншае. У яе падпарадкаванні чатыры вытворчыя лініі. У канцы дня яна старанна звярае рэшткі і фарміруе заказы на наступны дзень: «Для мяне „Камунарка“ — не проста работа, а частка жыцця, дзе ўсё ўжо стала такім знаёмым і родным».

8. AX2I7379.jpg

9. 045A4570.jpg

10. 045A4524.jpg

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю