Top.Mail.Ru

На карысць чалавека і грамадства ў цэлым

Падчас першага ў новым годзе пасяджэння другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання дэпутаты прынялі шэраг важных заканадаўчых рашэнняў, якія накіраваны на паляпшэнне кадравай сітуацыі ў сельскагаспадарчай сферы, даступнасць спажывецкага крэдытавання і спрашчэнне банкаўскіх працэдур, удасканаленне крымінальнага заканадаўства. Прынятыя законапраекты міжнароднага характару сведчаць аб шматвектарнасці знешняй палітыкі Беларусі, нашай адкрытасці да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.


Больш мяккія віды пакарання

Праект закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Беларусі, атрымаў шырокае грамадскае абмеркаванне. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы праведзена маштабная работа ва ўсіх рэгіёнах краіны. Змяненні, абумоўленыя індывідуальным падыходам да крымінальнай адказнасці, падтрыманы як зацікаўленымі органамі, так і простымі грамадзянамі.

Гуманны падыход — да асоб, якія ўпершыню здзейснілі злачынства. У прыватнасці, пазбаўленне волі не будзе прызначацца жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама інвалідам І групы. Пры гэтым злачынства не павінна ўяўляць вялікай грамадскай небяспекі. У шэрагу выпадкаў гэта правіла прымяняцца не будзе. Напрыклад, пры здзяйсненні злачынстваў, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Датычыцца гэта і тых, хто здзейсніў злачынства экстрэмісцкай накіраванасці. Аналагічныя нормы замацаваны ў адносінах да асоб, якія ўпершыню парушылі крымінальнае заканадаўства ва ўзросце да 18 гадоў.

Як патлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй ЛІС, мяняюцца санкцыі ў 97 саставах злачынстваў. Яны дапаўняюцца больш мяккімі і прамежкавымі па цяжкасці відамі пакарання. «Дагэтуль 24 саставы злачынстваў прадугледжвалі ў якасці пакарання толькі пазбаўленне волі без усялякай альтэрнатывы, — удакладніў ён. — Гэта не дае магчымасці судам больш гнутка падыходзіць да прызначэння пакарання з улікам і асобы вінаватага, і ступені грамадскай небяспекі дзеяння. Мне самому ў перыяд працы ў следчых органах нярэдка даводзілася сутыкацца з сітуацыямі, калі і асоба вінаватага, і асаблівыя абставіны здзяйснення злачынства ўказвалі на тое, што пазбаўленне волі з’яўляецца занадта суровым пакараннем за ўчыненае, аднак гэтага патрабаваў закон. Цяпер гэты дысбаланс будзе ліквідаваны».

Новаўвядзенні закрануць і крымінальную адказнасць за нарказлачынствы. Замацоўваюцца альтэрнатыўныя, больш мяккія, пакаранні ў выглядзе арышту (за набыццё або захоўванне наркотыкаў) і абмежаванні волі (за разавыя выпадкі збыту наркотыкаў). Ніжняя мяжа пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы зніжаецца з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Па словах Андрэя Ліса, гэтыя навелы сталі аднымі з самых дыскусійных, але ў цэлым былі падтрыманы. «Пад дзеянне гэтага артыкула трапляюць не толькі закаранелыя злачынцы, а і маладыя людзі, якія не да канца разумеюць, што яны здзяйсняюць, — заўважыў дэпутат. — Таму пашырэнне магчымасці дыферэнцыравана падыходзіць да прызначэння пакарання за такія злачынствы апраўдана». Пры гэтым, як падкрэсліў парламентарый, верхняя мяжа пакарання за нарказлачынства не змяняецца: яна застаецца ранейшай — да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Захоўваецца крымінальная адказнасць для грамадзян, якія распаўсюджваюць рэквізіты чужых банкаўскіх картак. Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць для асоб, якія прадстаўляюць рэквізіты ўласных банкаўскіх картак. Шэраг злачынстваў пераводзіцца ў справы прыватна-публічнага абвінавачвання. Гэта датычыцца злачынстваў, звязаных з парушэннем Правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што па неасцярожнасці прывяло да цялесных пашкоджанняў. Злачынствы, здзейсненыя блізкімі асобы, якая пацярпела, таксама будуць адносіцца да спраў прыватна-публічнага абвінавачвання. Пашыраны пералік злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі будуць несці адказнасць пры іх здзяйсненні за межамі нашай краіны. У прыватнасці, гэта датычыцца злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасці.

Камбайнеры — са школьнай лаўкі

У першым чытанні дэпутаты адобрылі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху». Цяпер атрымаць права кіравання самаходнай машынай сельскагаспадарчага прызначэння (катэгорыя «F») можна будзе не з 18 гадоў, як гэта было раней, а з 17 гадоў. Павялічваецца максімальна дапушчальная магутнасць рухавіка для колавых трактароў і самаходных машын катэгорый «C», «D», «E», «F». Пры гэтым замена раней выдадзеных вадзіцельскіх пасведчанняў на права кіравання колавым трактарам, самаходнай машынай не спатрэбіцца. Пасведчанні захаваюць дзеянне на працягу тэрміну, на які яны былі выдадзены.

Як адзначыў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Сяргей ДАВЫДАЎ, галоўная мэта распрацоўкі законапраекта — паляпшэнне забяспечанасці кадрамі ў сельскагаспадарчай галіне. Атрыманне маладымі людзьмі права кіравання самаходнай машынай сельскагаспадарчага прызначэння з 17 гадоў, па яго словах, будзе садзейнічаць таму, што навучэнцы аграпрамысловых каледжаў ужо з другога курса змогуць браць удзел у пасяўной і ўборачнай кампаніях.

«Гэты падыход адпавядае патрабаванням Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у частцы ўзмацнення практыкаарыентаванасці прафесійнай адукацыі, — патлумачыў дэпутат. — Прымяненне тэарэтычных ведаў непасрэдна на зямлі маладым людзям спатрэбіцца ў далейшай прафесійнай дзейнасці».

З улікам цяжкай жыццёвай сітуацыі

У другім чытанні прыняты законапраект «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы». Як падкрэсліў член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Аляксей РАЙКО, гэта інавацыйны дакумент для нашай краіны. «Законапраект выраўноўвае адносіны паміж мікрафінансавымі арганізацыямі і банкамі, — паведаміў ён. — Інфармаванне заяўніка аб перавышэнні памеру ўстаноўленых паказчыкаў пазыковай нагрузкі (забяспечанасці крэдыту) будзе ажыццяўляцца да заключэння дагавора спажывецкага крэдыту або спажывецкай мікрапазыкі і пасля для прыняцця заяўнікам узважанага рашэння. Нашы грамадзяне фактычна будуць праінфармаваныя на ўсіх стадыях: да моманту заключэння фінансавай здзелкі, у працэсе выканання сваіх абавязацельстваў і пасля выканання сваіх фінансавых абавязацельстваў».

У прыватнасці, да моманту заключэння дагавора грамадзяне змогуць азнаёміцца з агульнымі ўмовамі спажывецкага крэдыту, спажывецкай мікрапазыкі на сайце банкаўскай установы, непасрэдна ў пункце выдачы ўжо з канкрэтнымі ўмовамі. Для мікрафінансавых арганізацый уводзіцца абавязацельства аб бясплатным інфармаванні грамадзян аб наяўнасці запазычанасцяў. Уводзіцца норма, якая прадугледжвае, што мікрапазыкі могуць заключацца толькі ў беларускіх рублях.

«Уводзіцца паняцце цяжкай жыццёвай сітуацыі, — патлумачыў Аляксей Райко. — Да такіх будуць адносіцца страта працы, смерць мужа ці жонкі крэдытаатрымальніка, часовая непрацаздольнасць звыш 40 дзён, а таксама прызнанне інваліднасці ў адпаведнасці з заканадаўствам».

Грамадзяне змогуць звярнуцца ў банк або мікрафінансавую арганізацыю для таго, каб прадоўжыць тэрмін, атрымаць адтэрміноўку па выплаце сваіх абавязацельстваў. Аднак, як звярнуў увагу дэпутат, гэта не здымае абавязкі нашых грамадзян па выкананні сваіх абавязацельстваў. Адтэрміноўка прадастаўляецца не менш як на тры месяцы.

У другім чытанні разгледжаны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах». Дэпутаты ратыфікавалі Пагадненне паміж урадам Беларусі і ўрадам Кітая аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый, Пратакол да Пагаднення паміж урадам Беларусі і ўрадам Кубы аб узаемных пастаўках ад 24 чэрвеня 2014 года, Пагадненне паміж урадам Беларусі і ўрадам Егіпта аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю. Таксама зацверджаны пагадненні аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах паміж урадам Беларусі і ўрадамі Нікарагуа, Індыі.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю