Напрыканцы снежня ў Мінскім гарвыканкаме прайшоў фінал маладзёжнага праекта «Кіраўнік будучыні». У ім узялі ўдзел 30 студэнтаў БДУ. Восенню на працягу тыдня яны знаёміліся з работай дзяржслужачых па самых розных кірунках. Удзельнікі ўзаемадзейнічалі з кіраўніцтвам горада, задавалі пытанні і распрацоўвалі практыка-арыентаваныя праекты, якія ім неабходна было абараніць перад журы. Карэспандэнты «Чырвонкі» далучыліся да мерапрыемства, даведаліся аб новых праектах і іх аўтарах.
Ініцыятыва і камандная работа
Прыняць удзел у маладзёжным праекце «Кіраўнік будучыні» — ініцыятыва студэнтаў БДУ, яе агучылі падчас сустрэчы са старшынёй Мінскага гарвыканкама Уладзімірам Кухаравым. Аб гэтым расказала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Вольга Чамаданава: «Напярэдадні мы запланавалі дадзенае мерапрыемства, і 30 студэнтаў універсітэта актыўна ўзялі ўдзел у праекце, дзе на працягу тыдня працавалі, можна сказаць, нароўні з намеснікамі старшыні Мінскага гарвыканкама і непасрэдна са старшынёй. Маладыя людзі выязджалі на аб’екты, вывучалі ўсе кірункі, якія мы сёння прапануем у рамках рэалізацыі розных праграм і праектаў горада Мінска. Пяць кірункаў былі асноватворнымі. Гэта і архітэктура, і эканоміка, і сацыяльна-эканамічнае развіццё горада, а таксама ідэалогія, ахова здароўя і іншае», — сказала яна.
І потым прэзентавалі пяць праектаў. «Мы яшчэ раз звярнулі ўвагу на работу дзяржаўных служачых, на ініцыятывы, якія ўжо рэалізуюцца ў рэальным жыцці. І ёсць вельмі вялікі патэнцыял і вялікае жаданне сёння ў моладзі як мага больш удзельнічаць у такіх праектах і ўносіць свае ініцыятывы. Мы гатовыя ахапіць, напэўна, студэнтаў кожнай ВНУ. Праектная дзейнасць становіцца ўсё больш папулярнай у студэнтаў. Гэта і магчымасць самарэалізацыі, і выдатная пляцоўка для моладзі не толькі сустрэцца, але і абмеркаваць актуальныя тэмы», — дадала Вольга Чамаданава.
Падтрымка і рэалізацыя
Праект «Адзіны рэестр зваротаў грамадзян» прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці работы са зваротамі. Анлайн-платформа «Мы разам» павінна спрыяць падтрымцы маладых спецыялістаў. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў прапанаваў рэалізаваць гэты праект на базе бізнес-інкубатара. Гэта дазволіць значна знізіць выдаткі, паколькі не спатрэбіцца плаціць за арэнду, і маладым людзям акажуць дапамогу бухгалтары, юрысты і праграмісты. Праект «ЖКГ і энергетыка» накіраваны на распрацоўку комплексу мерапрыемстваў па папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі.
Цікавасць старшыні Мінскага гарвыканкама выклікаў праект «Транспартная навігацыя». Студэнты распрацавалі і прадставілі схему трамвайных ліній для размяшчэння на прыпыначных пунктах. Уладзімір Кухараў прапанаваў маштабаваць праект на іншыя віды транспарту і стварыць інтэрактыўную карту руху гарадскога транспарту. Ён даў даручэнне сабраць усіх зацікаўленых і пачаць рэалізацыю праекта. Мэр горада адзначыў, што ў найбліжэйшых планах — размяшчэнне ў сталіцы спецыяльных інтэрактыўных прылад, якія дапамагаюць арыентавацца ў Мінску. І праект маладых людзей можа стаць часткай гэтай вялікай праграмы.
Пасля абароны прадстаўнікі Мінскага гарвыканкама прааналізавалі студэнцкія праекты, далі рэкамендацыі па іх дапрацоўцы і абяцалі дапамагчы ў рэалізацыі.
Высокая практычная арыентаванасць
Студэнт 3 курса БДУ Яраслаў Ланько. «Я ўспрымаю праект „Кіраўнік будучыні“ як новае ўліванне ў магчымасць развіцця маладзёжнай палітыкі. Прыемна, што БДУ з’яўляецца родапачынальнікам сумеснага праекта Мінгарвыканкама і нашага ўніверсітэта, які адкрывае новыя магчымасці развіцця маладзёжнага руху па розных кірунках дзейнасці», — адзначыў Яраслаў.
Кіраўніком Яраслава па праекце стала першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Надзея Лазарэвіч. «Мне было цікава наведаць розныя прадпрыемствы ў Мінску, у прыватнасці „Мотавелазавод“, паглядзець на тое, як ён развіваецца, якія праблемы вырашае. Ну і, вядома, зрабіць свой праект у галіне эканомікі, — падзяліўся Яраслаў. — Мы распрацавалі сімулятар уплыву адных эканамічных паказчыкаў на іншыя. Карыстальнік можа змяняць, напрыклад, падатковыя стаўкі і ў рэальным часе сачыць за тым, як гэта ў гіпатэтычнай сітуацыі паўплывала б на ВУП краіны».
Студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта БДУ Варвара Парфёнава. «На працягу тыдня мы пабывалі ў Мінскім гарвыканкаме і іншых сталічных аб’ектах. Я была ў секцыі па архітэктуры і горадабудаўніцтве. Наведалі рэканструкцыю кінатэатра „Масква“, новую будоўлю ў раёне Сухарава, мелі зносіны з вышэйшымі службовымі асобамі Мінгарвыканкама, атрымалі бясцэнны вопыт, — адзначыла дзяўчына. — Мы маем шырокае ўяўленне пра тое, як працуюць нашы адміністрацыйныя органы, а цяпер паглядзелі на ўсё знутры. Самае галоўнае ў студэнцкія гады — удзельнічаць у любых ініцыятывах, якія прапануе ўніверсітэт. А БДУ і наша дзяржава сёння дазваляюць моладзі цалкам рэалізаваць сябе ў любой сферы».
Разам з іншымі студэнтамі Варвара распрацавала праект «Транспартныя камунікацыі», які прадугледжвае ўдасканаленне транспартных зносін у сталіцы. «Спадзяемся, што ў выніку вуліцы Мінска стануць больш напоўненыя маршрутнымі лістамі, дадатковымі трамваямі і іншым наземным транспартам», — заключыла дзяўчына.