Top.Mail.Ru

Як развіваецца беларуска-кітайскае стратэгічнае партнёрства?

Кітай нязменна разглядае адносіны з Беларуссю са стратэгічнай вышыні і з доўгатэрміновай перспектывай. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань падчас брыфінгу ў пасольстве КНР у Мінску.


Трывалы фундамент

«Пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны выйшлі на хуткасную траекторыю развіцця, дасягнуўшы гістарычна найвышэйшага ўзроўню і стаўшы ўзорам узаемнай павагі, даверу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — У апошні час кітайска-беларускія адносіны дэманструюць мноства яркіх момантаў, практычнае супрацоўніцтва прыносіць багаты плён, асаблівы характар кітайска-беларускага ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства становіцца ўсё больш відавочным».

Як адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі, лідары дзвюх краін устанавілі выдатныя рабочыя адносіны і асабістае сяброўства, заклаўшы трывалы палітычны фундамент для двухбаковых адносін і вызначаючы вектар развіцця кітайска-беларускага супрацоўніцтва з высокай ступенню палітычнай мудрасці і стратэгічнай рашучасці. 

«Аляксандр Лукашэнка — адзін з лідараў замежных дзяржаў, якія найбольш часта наведвалі Кітай. Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у многіх буйных дыпламатычных мерапрыемствах, арганізаваных Кітаем, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Гэта ў поўнай меры дэманструе асаблівую ўвагу, якую абодва бакі надаюць кітайска-беларускім адносінам, і наглядна адлюстроўвае высокі ўзровень і ўнікальнасць двухбаковых адносін». 

posol.jpg

1.jpg

Насуперак вятрам і хвалям

Узаемадзеянне паміж Беларуссю і КНР мае стратэгічны характар, паглыбленаму развіццю двухбаковых адносін садзейнічаюць дамоўленасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаў. «Кітай і Беларусь нязменна падтрымліваюць адна адну па пытаннях, якія закранаюць іх карэнныя інтарэсы, а супрацоўніцтва будуецца на высокай ступені ўзаемнага даверу», — адзначыў пасол.

Па меркаванні кіраўніка дыпмісіі, двухбаковае супрацоўніцтва мае вялікі патэнцыял для пашырэння: «Кіруючыся прынцыпамі сумесных кансультацый, сумеснага будаўніцтва, нашы краіны прасоўваюць будаўніцтва ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“, бесперапынна пашыраючы практычнае супрацоўніцтва ў такіх новых сферах, як высокія тэхналогіі і мадэрнізацыя прамысловасці. Акрамя гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, бакі развіваюць узаемадзеянне ў галіне бяспекі, гуманітарных абменаў і на міжнароднай арэне, фарміруючы ўсёабдымную і шматузроўневую архітэктуру партнёрства». 

Кітайска-беларускае супрацоўніцтва не схільнае да ўплыву знешніх фактараў і не змяняецца пад уздзеяннем часовых акалічнасцяў. «Якія б вятры і хвалі ні бушавалі на міжнароднай арэне, абодва бакі будуць упэўнена весці карабель двухбаковага ўзаемадзеяння па курсе стабільнага і доўгатэрміновага развіцця, бесперапынна ўмацоўваць шматвяковае сяброўства, прыносіць росквіт народам дзвюх краін і нязменна ўносіць уклад у глабальную стабільнасць», — падкрэсліў дыпламат.

2.jpg

Інвестыцыі і лічбавыя калідоры

«Лета сёлета ў Мінску выдалася неспякотным, аднак адносіны паміж Кітаем і Беларуссю, асабліва кантакты на высокім узроўні і супрацоўніцтва ў розных сферах, літаральна „кіпяць“, — заўважыў Чжан Вэньчуань. — Практычнае ўзаемадзеянне дэманструе дынамічнае развіццё з выхадам на перспектыўна новыя напрамкі».

Як паведаміла саветнік пасольства КНР Ван Жуйцзюань, сёлета за першае паўгоддзе аб’ём двухбаковага тавараабароту перавысіў $4 млрд., што на 3,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Напрыканцы мая ў Мінску падчас шостага пасяджэння кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве бакі падпісалі пратакол пасяджэння і дакументы аб узаемадзеянні ў сферы лічбавай эканомікі і навукі і тэхналогій, а таксама дасягнулі пагаднення аб стварэнні новай камісіі па прамысловым супрацоўніцтве.

У кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» ужо зарэгістраваны 152 рэзідэнты з 15 краін з агульным аб’ёмам заяўленых інвестыцый звыш $1,5 млрд, створана больш за 3100 працоўных месцаў. У маі адбыўся афіцыйны запуск грузавога цягніка па маршруце Пекін — Мінск. У чэрвені ў Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Нацыянальнага футбольнага стадыёна, які пабудаваны пры падтрымцы Кітая.

4.jpg

Як адзначыў саветнік пасольства КНР Ся Гуаньюань, Беларусь з яе багатай гісторыка-культурнай спадчынай і цудоўнай прыродай уяўляе вялікую цікавасць для кітайскіх турыстаў. Па меркаванні дыпламата, нам неабходна засяродзіцца на паглыбленні супрацоўніцтва ў вобласці лічбавага турызму. Напрыклад, сумесна ствараць праекты ў сферы воблачных тэхналогій, такія як музеі віртуальнай рэальнасці і лічбавыя калідоры культурнай спадчыны, якія дазволяць зацікавіць патэнцыйных турыстаў і закласці аснову для будучых рэальных падарожжаў.

Сям’я на трох кантынентах

Апошні год стаў насамрэч знакавым у развіцці Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Як вядома, летась падчас саміту ў Астане Беларусь стала паўнаважкім членам ШАС. Сімвалічна, што на гэтым жа форуме да Кітая перайшло старшынства ў арганізацыі. Як заўважыў саветнік пасольства КНР Янь Фэн, зараз «вялікая сям’я ШАС» аб’ядноўвае 26 дзяржаў на трох кантынентах, стаўшы самай маштабнай па тэрыторыі і колькасці насельніцтва рэгіянальнай міжнароднай арганізацыяй у сучасным свеце і ўзорам новай мадэлі шматбаковага супрацоўніцтва. «Як дзяржавы-члены ШАС, нашы краіны актыўна ўдзельнічаюць у рабоце арганізацыі, сумесна арганізуюць важныя мерапрыемствы, уключаючы саміт кіраўнікоў дзяржаў, і падтрымліваюць цесны дыялог па ключавых пытаннях развіцця ШАС і рэгіянальнай бяспекі, уносячы важкі ўклад у прасоўванне «Шанхайскага духу», — адзначыў Чжан Вэньчуань.

5.jpg

З 31 жніўня па 1 верасня ў Цяньцзіні адбудзецца саміт ШАС, на якім чакаецца ўдзел лідараў больш як 20 дзяржаў і 10 міжнародных арганізацый. А 3 верасня ў Пекіне на плошчы Цяньаньмэнь урачыста пройдзе памятны сход і парад з нагоды 80-годдзя Перамогі кітайскага народа ў Вайне супраціўлення японскім захопнікам і заканчэння Другой сусветнай вайны. Як вядома, у гэтых мерапрыемствах па асабістым запрашэнні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна возьме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў паcол КНР, нашыя краіны гатовыя разам адстойваць сапраўдную гістарычную праўду аб Другой сусветнай вайне і цвёрда абараняць пасляваенны міжнародны парадак. «Коштам неймаверных ахвяр і перажытых нягод мы абаранілі святыя паняцці незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таму асабліва востра ўсведамляем сапраўдную цану мірнага неба над галавой, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — І сёння, праз 80 гадоў, аднапалярны свет, гегемонія, запалохванне і цкаванне працягваюць наносіць велізарную шкоду. Чалавецтва зноў апынулася на ростанях, дзе вырашаецца: абраць шлях адзінства ці расколу, дыялогу ці канфрантацыі, узаемнай выгады ці гульні з нулявой сумай».

Мікалай ЛІТВІНАЎ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю