У нашай краіне — парадку 118 тысяч шматдзетных сем’яў. У топ-3 з такой катэгорыяй сем’яў уваходзяць сёння Брэсцкі рэгіён, Мінская вобласць і Гомельшчына. Паколькі менавіта сям’я з’яўляецца асновай грамадства, то падтрымка мацярынства адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні здаровага пакалення. У рамках дзяржаўнай палітыкі нашай краіны рэалізоўваецца шмат праграм і ініцыятыў, накіраваных на падтрымку сем’яў з дзецьмі.
На нядаўняй сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ГА «Беларускі саюз жанчын» расказалі пра меры падтрымкі і рэалізацыю разнастайных мерапрыемстваў, якія нацэлены на папулярызацыю мацярынства.
Падтрымка і роўныя правы
Як адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА, дзяржаўная падтрымка сем’яў, у якіх нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці, у нас вельмі шматгранная:
— Сямейная палітыка ахоплівае і сацыяльна-эканамічны кірунак (адукацыю, ахову здароўя, працоўныя адносіны і гарантыі, якія прадастаўляюцца), і выхаванне маладога пакалення, стварэнне мікраклімату ў сям’і, фарміраванне сямейных каштоўнасцяў і захаванне традыцый. І ўсё гэта — у фокусе ўвагі дзяржавы... Меры дзяржаўнай падтрымкі дыферэнцыраваныя і адаптуюцца пад патрэбы сучаснага грамадства, таму што мы сёння разумеем, што сапраўды стварэнне сям’і — гэта адказны крок. І сучасная моладзь крыху адкладае гэтую знакавую падзею ў сваім жыцці, бо ў яе ў прыярытэце рэалізацыя ў кар’еры. Але, напрыклад, Працоўны кодэкс адаптаваўся і пад гэта. Там сёння прадугледжаны варыянт дыстанцыйнай працы і камбінаваны фармат працы, калі можна выконваць свае абавязкі як з офіса, так і з дому. Гэта таксама добрая дапамога — калі можна спалучаць працу і выхаванне дзяцей.
Так, можна згадаць пра фінансавую падтрымку розных катэгорый сем’яў з дзецьмі, пра магчымасць трохгадовага адпачынку па доглядзе за дзіцём, пра пенсійныя гарантыі.
— Асабліва гэта важна для шматдзетных сем’яў. Бо калі мама працяглы час знаходзіцца ў дэкрэце, то такія гарантыі дазваляюць жанчыне, якая выхавала
5 і больш дзяцей, на пяць гадоў раней выйсці на пенсію. А для маці чатырох і больш дзяцей паніжаныя патрабаванні да страхавога пенсійнага стажу — ён павінен быць усяго 5 гадоў, — адзначыла Юлія Берднікава. — У гэтую пяцігодку мы сканцэнтравалі ўвагу на тым, што і дзіцячыя дашкольныя ўстановы павінны гнутка адаптавацца пад запыт бацькоў, каб тыя мелі магчымасць сумяшчаць працу і выхаванне дзяцей. У сувязі з чым адкрываюцца групы для дзетак з ранняга ўзросту да 2 гадоў. Па краіне ўжо працуюць каля 500 такіх груп.
У сваю чаргу старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ засяродзіла ўвагу на тым, што ў нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб жанчына магла адбыцца і як маці, і як прафесіянал:
— У нас роўныя правы для мужчын і жанчын, што адлюстравана ў Канстытуцыі. І дзяржава робіць усё, каб гэтую сістэму ўдасканальваць. Мне здаецца, з пункту гледжання заканадаўства і фінансавай падтрымкі зроблена ўсё магчымае. Засталося толькі абудзіць жаданне нашых дзяўчат і, як кажа кіраўнік краіны, зрабіць модным мацярынства і шматдзетнасць. Таму і конкурсу шматдзетных мам «Краса Беларусі» мы вырашылі надаць іншы статус, зрабілі яго больш маштабным. Дзякуючы Міністэрству культуры і падтрымцы Мінгарвыканкама мы паставілі мэту зрабіць таксама яго гледачамі менавіта маладых бацькоў. Фінал пройдзе 22 жніўня.
Мацярынства і сям’я натхняюць
— Міністэрства культуры мае вялікі вопыт у арганізацыі і правядзенні конкурсаў прыгажосці, таму мы маглі ў поўнай меры аказаць садзейнічанне арганізатарам і «Красы Беларусі», — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Кацярына УСАВА. — І нам прыемна, што мы можам нашымі творчымі сіламі падтрымаць шматдзетных мам, для таго, каб яны праявілі сябе ў творчасці і паказалі ўсім, хто побач, што яны не толькі смачна гатуюць і выхоўваюць дзяцей, але і ўмеюць паказаць свае таленты на сцэне. Над фінальным мерапрыемствам Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці «Краса Беларусі» працуе прафесіянальная рэжысёрска-пастановачная каманда. У мерапрыемстве возьмуць удзел артысты беларускай эстрады, якія таксама натхніліся тэмай і ўдзельніцамі.
Сёлета на конкурс было пададзена 270 заявак ад шматдзетных мам. І, як адзначаюць арганізатары, гэта нямала, бо адважыцца жанчыне стаць удзельніцай такога мерапрыемства — гэта патрэбна і падтрымка сям’і, і ўнутраны стрыжань. Такая колькасць ахвотных паўдзельнічаць — яшчэ і сведчанне, што нашы мамы не саромеюцца сваёй шматдзетнасці, а папулярызуюць яе. Парадавала сёлета і геаграфія ўдзельніц, бо ў фінал трапілі прадстаўніцы з самых розных куткоў краіны.
— Не толькі ў сталіцы можна быць паспяховай шматдзетнай мамай. Плюс гэта яшчэ і жанчыны абсалютна розных прафесій, — адзначыла Вольга Шпілеўская. — Вельмі хочацца, каб і нашы маладыя дзяўчаты зразумелі, што быць мамай — крута. 14-15 жніўня ў Маладзечне пройдзе Рэспубліканскі конкурс «Дзявочы вянок міру», дзе будзе ўдзельнічаць 16 каманд. І кожная з іх прадставіць свой сацыяльны праект, кожны з якіх у нейкай меры мае дачыненне да мацярынства і яго абароны, — там пра інклюзію, шматдзетнасць ці проста жаданне маладых дзяўчат стаць мамамі...
Алена ДРАПКО