Top.Mail.Ru

На культурна-пазнавальны кірунак зрабіў стаўку ў сваім аграсядзібным бізнесе краязнаўца з Гродзеншчыны

Дзмітрый ШАЎНЯ распачаў сваю справу ў 2016 годзе і паспяхова яе развівае. Яго аграсядзіба «Шчорсы» знаходзіцца ў Навагрудскім раёне. У комплекс уваходзяць два гасцявыя дамы, якія размешчаны ва ўнікальным месцы — на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу Храптовічаў. 



Мы распыталі вопытнага прадпрымальніка, як ён вырашыў займацца гэтым бізнесам, якія новыя магчымасці адкрывае Указ Прэзідэнта № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму».

Не проста месца для адпачынку

Дзмітрый заўсёды захапляўся гісторыяй і ніколі не быў абыякавы да помнікаў культурнай спадчыны, таму ён не змог застацца ў баку ад лёсу палацава-паркавага комплексу Храптовічаў. Гэта ўнікальнае месца, якое захоўвае ў сабе каласальны пласт гісторыі, але, на жаль, многія будынкі тут знаходзіліся ў дрэнным стане.

— Я на сваім прыкладзе хацеў паказаць, што абсалютна рэальна прывесці ў парадак гістарычны будынак. Безумоўна, у такога падыходу да бізнесу ёсць свае складанасці, тым не менш усё здзяйсняльна, — упэўнены Дзмітрый Шаўня. — Я вырашыў, што хачу зрабіць свой унёсак у захаванне гэтага комплексу. І ўсё ў маім праекце зроблена з вялікай павагай да гісторыі. Госці могуць не толькі добра адпачыць, але і зазірнуць у мінулае, даведацца пра цікавыя факты аб гэтым месцы.

Аграэкатурызмам мой суразмоўца зацікавіўся яшчэ ў пачатку нулявых. Ён шмат падарожнічаў, у тым ліку па замежных краінах, вывучаў адпаведны вопыт. А паколькі інтэрнэт тады быў не так моцна развіты, як цяпер, яго вернымі памочнікамі ў паездках заўсёды заставаліся папяровыя даведнікі і запісы.

— Мне хацелася, каб у выніку атрымалася не проста месца для адпачынку, — гаворыць ён. — Я імкнуўся дабіцца цеснай сувязі з гісторыяй. «Дом Паэта» захоўвае памяць аб візітах у гэтыя мясціны Адама Міцкевіча, які некалі шукаў тут цішыню і натхненне ў знакамітай бібліятэцы графаў Храптовічаў. Два асобныя пакоі названы ў гонар паэтычных герояў класіка — Гражыны і Конрада Валенрода. «Дом Бібліятэкара» запрашае гасцей у сапраўднае гістарычнае падарожжа. Калісьці ў гэтых сценах жыў і працаваў паэт і фалькларыст Ян Чачот, а сам маёнтак славіўся адной з найбагацейшых кніжных калекцый Еўропы. І я вельмі рады, што паступова і іншыя будынкі на тэрыторыі ансамбля прадаюцца і аднаўляюцца. Я размаўляў з новымі ўладальнікамі — прыемна бачыць іх зацікаўленасць у захаванні гэтага цудоўнага месца.


«Даўно наспелы і правільны крок»

Дзмітрый пакуль не спяшаецца рабіць дакладныя прагнозы наконт новага ўказа, які датычыцца развіцця аграэкатурызму. Гаворыць, што спачатку трэба ўсё праверыць на практыцы. Але, паводле яго слоў, магчымасць павялічыць дазволеную колькасць пакояў у аграсядзібах — даўно наспелы і правільны крок. У малых населеных пунктах нярэдка адчуваецца дэфіцыт жылога фонду, асабліва ў дні буйных фестываляў ці масавых прыездаў пілігрымаў.

Станоўча ацэньвае гаспадар сядзібы і доступ да льготнага крэдытавання, а таксама падатковыя прэферэнцыі для аб’ектаў, аддаленых ад абласных цэнтраў. Пры гэтым, упэўнены ён, важна ўлічваць, наколькі актыўна сама сядзіба развіваецца і якую карысць прыносіць тэрыторыі.

Паказальны прыклад — пашырэнне прылеглай зоны. Дадаткова да двух гасцявых дамоў комплексу ў арэнду пад асабістую падсобную гаспадарку было ўзята яшчэ паўгектара зямлі. Там, дзе раней стаяў бур’ян, сёння зелянее дагледжаны газон, а вакол дамоў прыведзены ў парадак сажалкі і берагавая лінія.

— Райвыканкам у свой час пайшоў насустрач, падтрымаў нас і даў «зялёнае святло» на далейшае развіццё. Узаемадзеянне з мясцовымі ўладамі складваецца выдатна. Мы разумеем адно аднаго, таму справа рухаецца наперад, — адзначае Дзмітрый.


Своечасовая і карысная ініцыятыва

Нядаўна на тэрыторыі «Дома Паэта» з’явіўся яшчэ адзін знакавы аб’ект — тут адкрылася «Галерэя Паэта». Аснову яе экспазіцыі склалі карціны са шматлікіх мастацкіх пленэраў, якія праходзілі ў маёнтку.

— Архіўных дакументаў захавалася не так шмат, але на гэтых палотнах госці могуць убачыць, як выглядала ці магла выглядаць сядзіба ў старыя часы. Акрамя таго, на базе галерэі мы плануем ладзіць камерныя фестывалі і творчыя сустрэчы.

Яшчэ адной важнай навінкай указа стала стварэнне адзінай электроннай пляцоўкі. Яна пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы, і Дзмітрый будзе сачыць за абнаўленнямі.

— Гэта своечасовая і карысная ініцыятыва, — лічыць ён. — Пры належнай рэкламнай падтрымцы і развіцці пляцоўка стане запатрабаванай у вандроўнікаў. Лічу, што такіх праектаў для папулярызацыі ўнутранага турызму ў Беларусі павінна станавіцца больш. Спадзяюся, што атрымаецца прыцягнуць увагу і турфірм, якія будуць уключаць аграэкасядзібы ў свае маршруты.

Вопыт Дзмітрыя Шаўні наглядна паказвае, што сучасны аграэкатурызм — гэта не проста здача дамоў у арэнду, а паўнацэннае адраджэнне культуры, гісторыі і сельскіх тэрыторый. Калі асабістая ініцыятыва і любоў да роднага краю сустракаюць падтрымку дзяржавы і мясцовых улад, выйграюць усе: турысты атрымліваюць унікальны культурны вопыт, рэгіён развіваецца, а неацэнныя помнікі архітэктуры набываюць другое жыццё.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Дзмітрыя ШАЎНІ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю