Top.Mail.Ru
210

На «Кургане Славы» падчас рэспубліканскага суботніка закладуць парк у выглядзе крылаў бусла

У рамках суботніка ў Мінскай вобласці на мемарыяльным комплексе «Курган Славы» закладуць парк у форме крылаў бусла. Пра гэта расказалі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, перадае БелТА.



У рамках рэспубліканскага суботніка ў Мінскай вобласці будуць добраўпарадкаваны гарадскія скверы, паркі адпачынку, прыдарожныя палосы аўтамабільных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння, прыведзены ў належны выгляд рабочыя месцы і прылеглыя тэрыторыі арганізацый, вытворчых прадпрыемстваў і ўстаноў. Ва ўсіх раёнах вобласці будуць высаджаны дрэвы і дэкаратыўныя кусты, добраўпарадкаваны дзіцячыя пляцоўкі.

«Кіраўніком дзяржавы даручана разбіць парк каля падножжа мемарыяльнага комплексу „Курган Славы“. У рамках прапанаванай канцэпцыі парк будзе аформлены ў выглядзе крылаў бусла. Гэта ўнікальная прастора стане не толькі месцам для адпачынку і прагулак, але і важным культурным аб’ектам. У ходзе суботніка на тэрыторыі парку будзе высаджана 400 дрэў і кустоў», — расказалі ў галоўным упраўленні.

Палова сродкаў, заробленых на суботніку і пакінутых у распараджэнні Мінскага аблвыканкама, будзе накіравана на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі аб’ектаў, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гарадзішча «Вал» у Заслаўі.

«Пры падрыхтоўцы да абласнога фестывалю „Дажынкі“ пачаліся раскопкі ў гэтым гістарычным месцы, і гэта стала знакавай падзеяй да 1040-гадовага юбілею горада. У перспектыве тут з’явіцца музей пад адкрытым небам. Таксама сродкі будуць накіраваны на закупку медыцынскага абсталявання хірургічнага корпуса абласной клінічнай бальніцы, які будуецца», — расказалі ў галоўным упраўленні.


Мяркуецца, што ў рэспубліканскім суботніку 25 кастрычніка ў Мінскай вобласці прыме ўдзел не менш за 329 тыс. чалавек (у красавіку 2025 года гэта лічба склала больш за 329,6 тыс.). Плануецца зарабіць больш як Br2 млн.

Да працоўнай акцыі ў Мінскай вобласці запрашаюць далучыцца кожнага, удзяліўшы таксама ўвагу сваім прысядзібным участкам і тэрыторыям каля жылых дамоў.

Як паведамілі ў ГА «ЖКГ Мінскай вобласці», у рамках рэспубліканскага суботніка будзе прыведзена ў парадак 561,4 га тэрыторый, высаджана больш за 3,5 тыс. дрэў і 2,4 тыс. кустоў, адрамантавана і пафарбавана 256 адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання, праведзена замена і абнаўленне 811 адзінак малых архітэктурных формаў.

Асаблівую ўвагу работнікі камунальнай сферы ўдзеляць мемарыялам Вялікай Айчыннай вайны (у плане — 140 такіх аб’ектаў), будуць арганізаваны работы па вывазе смецця, ліквідацыі стыхійных звалак, рамонце і афарбоўцы кантэйнераў, санітарнай абрэзцы дрэў і кустоў. ЖКГ вобласці таксама аб’яўляе аб старце акцыі «Восеньскі ЭКА-ФЭСТ!» па навядзенні парадку і азеляненні.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю