Ці можа, чалавек, узнагароджаны медалём «За адвагу», патрапіць на літаратурны Алімп? Канечне, можа! Ён — ужо тут!
Трэба прызнаць, што дадзеную ўзнагароду Іван Захаравіч Юркін атрымаў не за працу літаратурную. Перш, чым яго захапіла творчасць, ён займаўся справамі вельмі сур’ёзнымі — дзяржаўнымі, як і належыць сапраўднаму мужчыну.
Перш, чым пяро стала яго верным спадарожнікам, Іван Юркін прайшоў суровую школу жыцця. Служыў у войску, дзе ўжо на першых кроках вызначыўся: яго накіравалі ў групу савецкіх войскаў у Германію на пасадзе камандзіра аўтамабільнага ўзвода. Потым была актыўная праца ў маладзёжнай сферы. І далейшыя, яшчэ больш упэўненыя прыступкі прафесійнага росту, звязанага з сістэмай дзяржбяспекі краіны.
- Сын, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удзельніка штурму Берліна, Захара Купрэевіча Юркіна, з дзяцінства ўвабраў у сябе, што такое гонар, абавязак. Ведаў: радзіму трэба абараняць! Званне генерал — маёр — гэта не проста яго воінскае дасягненне, а пацвярджэнне стану яго духу, настрою, цвёрдай жыццёвай пазіцыі і гатоўнасці да любых выпрабаванняў. Менавіта такую гатоўнасць ён прадэманстраваў у момант, калі праявіў сапраўдную мужнасць, ратуючы дзяцей і выхавальнікаў дзіцячага сада ад узброенага тэрарыста. Гэты гераічны ўчынак, сапраўдны подзвіг, быў па заслугах ацэнены высокай дзяржаўнай узнагародай.
Крыху пазней з’явіліся ўзнагароды і ў іншай сферы — у галіне мастацтва. Іван Юркін — уладальнік медаля Францыска Скарыны.
Адпраўным пунктам для свайго літаратурнага старту Іван Захаравіч лічыць вёску Малунаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Памятнае дзяцінства ў яго роднай старонцы, праз час стала асабліва бударажыць яго душу, абуджаць фантазію, вылівацца ў пранізлівыя радкі аб маме, аб вёсцы, аб каханні. У сваіх вершах ён, як удзячны сын, вяртаецца да родных вытокаў, да тых дарог і сцежак, якія вывелі яго ў вялікія людзі.
Юван Юркін аўтар зборнікаў вершаў «Салаўіны гай» (2014), «Крыніцы» (2016), «Каханні сярэбраная нітка» (2017), «Вясковае танга» (2018), «Залатыя світанкі мае» (2020),"Выбранае. У 2-х частках«(2025).
У творчым багажы больш за 250 вершаў, многія з якіх пакладзены на музыку. І. З. Юркін з’яўляецца аўтарам дзіцячых кніг «Пацешныя гісторыі» (2005), «Маша і яе сябры» (2006), «Малекулы ў дзіравых ботах» (2011).
А яшчэ праз час яго паэзія набыла песенныя крылы. Асабліва гэта выявілася ў творчым тандэме з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам і заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алегам Елісенкавым. Песенны праект «Дзе каліна цвіла» адзначаны прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне мастацтва і літаратуры.
Першапачаткова чакалася, што сам Анатоль Ярмоленка парадуе гасцей выкананнем любімых песень паэта, у тым ліку знакамітым хітом «Прыязджайце, да нас у Беларусь!». Аднак непрадбачаныя абставіны ўнеслі свае карэктывы. Шчырыя віншаванні і музычны падарунак перадаў саліст ансамбля «Сябры» Сяргей Герасімаў. Ён выканаў усімі вядомыя «Коні», напісаныя Іванам Юркіным.
У свой «Алімпійскі момант» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі аўтар чытаў свае вершы, як ён сам, з уласцівым яму гумарам, гаварыў, «выбраныя». Тут сабралася і не шкадавала апладысментаў вялікае кола прыхільнікаў творчасці Івана Захаравіча. Таксама вечар упрыгожылі кадры з тэлевізійнай перадачы «Кадры жыцця», дзе Іван Юркін выступіў у якасці галоўнага героя, дазваляючы гасцям глыбей пазнаёміцца з яго творчым шляхам і асобай.
Аўтар удзяліў увагу і сваім творам для дзяцей, адзначыўшы, што наяўнасць шасцярых унукаў натхняе яго на новыя здзяйсненні.
Гасцей літаратурнага Алімпу з Іванам Юркіным чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Яго сябар з Ізраілю Міхаіл Фарфель сам прыехаць не змог, але даслаў кранальнае пасланне:
— Спадары, я вам удзячны, што магу сказаць некалькі слоў аб маім сябру, паэту, пісьменніку, грамадскаму дзеячу Івану Захаравічу Юркіне. Мне добра вядома, як важна для кожнага чалавека атрымаць годную адзнаку дзейнасці на карысць яго народа, якому прысвяціў усё сваё жыццё.
Колькі кахання і пачуццёвасці ў Юркіна, калі ён піша для дзяцей і аб дзецях, колькі пяшчоты — аб маці і аб каханай жанчыне! Такое ж маеш пачуццё, калі ён апісвае свае малую і вялікую радзіму. Гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм! Юркін умее любіць людзей і прыроду сваёй краіны. І робіць гэта шчыра. Я б сказаў, — чыста. Яго патрыятызм без налёту палітыкі і модных рытуальных заяваў і таму ён вельмі пераканаўчы. Іван Захаравіч не аднойчы наведваў Ізраіль. Спадзяюся, што ён сюды прыедзе яшчэ не раз. Я ведаю, як ён ставіцца да гэтай маленькай вялікай краіны. Вельмі спадзяюся, што хутка надыдзе час, калі адносіны паміж нашымі краінамі стануць такімі ж моцнымі, як сяброўства паміж мной і Іванам Юркіным!
Да сваіх вельмі шчымлівых слоў Міхаіл Фарфэль прыклаў і вось такі верш:
Письмо другу
Ты мне пишешь о березах. О туманах. О росе
А морозах, ветрах, грозах -
О любви во сей красе.
Я тебе — о солнце ярком,
Небе вечно-голубом.
О зиме такой же жаркой,
Как июль, в краю твоем.
Все, как видишь, так разнится
В этом мире на земле.
Но и не березка снится,
Как Ерусалим, тебе.
Марыя Ліпень
Фота Уладзіслава Цыдзіка