Адзін з выпадкаў адбыўся ў Клічаўскім раёне. Дома ў 60-гадовага вяскоўца супрацоўнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету знайшлі 23 патроны і прадмет, падобны на пісталет.
— Паводле заключэння эксперта, усе патроны заводскія і з’яўляюцца боепрыпасамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі — малакалібернымі патронамі кальцавога запальвання, прыдатнымі для стральбы. Пісталет выраблены самаробна па тыпе адназараднага пісталета пад малакаліберны патрон, прыдатны для стральбы і з’яўляецца ручной стралковай кароткаствольнай гладкаствольнай агнястрэльнай зброяй, — распавяла Ірына Рачкоўская.
Вясковец патлумачыў, што шмат гадоў таму, калі яшчэ быў паляўнічым, патроны ён набыў, а пісталет змайстраваў сам — для адстрэлу свіней.
Яшчэ адзін аматар нелегальнага арсенала трапіў у поле зроку праваахоўнікаў у Дрыбінскім раёне.
— У арсенале 73-гадовага жыхара вёскі мелася ручная дульназарадная гладкаствольная агнястрэльная самаробная зброя, прыдатная для вытворчасці стрэлаў, і 41 малымкаліберны патрон кальцавога запальвання, — адзначыла Ірына Рачкоўская. — Патроны выраблены заводскім спосабам, з’яўляюцца боепрыпасамі і прыдатныя для стральбы. Па словах вяскоўца, пісталет ён зрабіў яшчэ ў 90-х гадах, а патроны знайшоў у лесе каля пятнаццаці гадоў таму.
Акрамя таго, пенсіянер захоўваў каля 300 грамаў бяздымнага пораху. Эксперты прыйшлі да высновы, што гэта раскідвальнае прамысловае выбуховае рэчыва, якое прыдатна для здзяйснення выбуху.
За незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў узбуджаны крымінальныя справы.
Марыя Каліна