Top.Mail.Ru

Прайшло першае пасяджэнне камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці

Сфарміраваць у моладзі «гістарычны імунітэт»

Першае пасяджэнне камісіі адбылося ў Музеі Славы Магілёўшчыны. Яго ўдзельнікі абмеркавалі мэты і задачы новага фарміравання, а таксама выпрацавалі план работы на перспектыву. 

«Навучыць моладзь супрацьстаяць негатыву»

Як адзначыла член камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці Ірына Касцевіч, пасяджэнне насіла больш арганізацыйны характар. Аднак ужо прадуманы канкрэтныя крокі па паляпшэнні работы гэтай структуры. «Важна гаварыць на ўсіх узроўнях, сфарміраваць у моладзі, як было агучана на камісіі, „гістарычны імунітэт“. Гэта павінна быць браня. Наша задача — засцерагчы нашу моладзь і самае галоўнае навучыць нашу моладзь супрацьстаяць негатыву», — адзначыла яна.

Сярод ключавых пытанняў — фарміраванне выніковай работы камісіі. «Вырашана стварыць аддзяленні пры навукова-кансультатыўным савеце. Туды ўвойдуць эксперты, вучоныя, гісторыкі, каб фарміраваць, падымаць архіўныя дакументы, займацца далейшай пошукавай працай, якая сёння актыўна праводзіцца. Таму задача — сфарміраваць, закласці падмурак прафесіяналаў, экспертаў, заменчаных на вырашэнне гэтых пытанняў, — сказала Ірына Касцевіч. — Бо захаванне гістарычнай памяці — работа вельмі шматгранная. Яна закранае некалькі кірункаў. Гэта інфармацыйная і заканадаўчая работа. І сёння ўжо ўздымалася пытанне аб гарманізацыі заканадаўства, таму што ў Расіі і Беларусі сапраўды сур’ёзная заканадаўчая база па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Але пытанне зараз аб гарманізацыі ў рамках ужо Саюзнай дзяржавы».

Не застануцца без увагі і іншыя кірункі, у тым ліку тыя, якія датычацца адукацыйных працэсаў. «Гэта падручнікі, праекты, мерапрыемствы, дзе сапраўды будуць закранацца ўсе гэтыя моманты, — падкрэсліла парламентарый. — Тэма шматгранная, цікавая, а самае галоўнае — вельмі важная. Таму што гэта не толькі наша сучаснасць, гэта наша будучыня».

«У Беларусі і Расіі вельмі трапятліва ставяцца да захавання памяці»

Па словах члена камісіі Парламенцкага сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці Алены Афанасьевай, Саюзная дзяржава сутыкнулася з новай з’явай, калі трэба не проста захоўваць сваю гістарычную памяць: «Як гісторык хачу сказаць, у кожнага свая гістарычная памяць. Але ёсць гістарычная праўда. І яна як раз грунтуецца на архіўных дакументах. Абарона гістарычнай праўды — гэта зусім новая з’ява. Сёння скажаецца і фальсіфікуецца велізарны пласт інфармацыі. І мы, сутыкнуўшыся з гэтым, зразумелі, што неабходна абараняць гістарычную праўду». 

І каб праводзіць гэтую работу граматна, неабходна сфармаваць прафесійнае супольнасць. «У камісіі цяпер шмат працы, але яшчэ больш адказнасці. Нам трэба будзе закласці важны падмурак будучыні для Саюзнай дзяржавы. Таму што ў Беларусі і Расіі вельмі трапятліва ставяцца да захавання памяці, але яшчэ больш трапяткімі — да захавання дакументаў. Гэта адна з формаў абароны і доказы нашай гістарычнай праўды», — падкрэсліла Алена Афанасьева. 

«Кансалідаваць грамадскія і палітычныя сілы, навуковыя супольнасці вакол праектаў, звязаных з абаронай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне»

Як паведаміў намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, першы намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Іван Мельнікаў, падчас пасяджэння вызначаць мэты і задачы, над якімі будзе працаваць камісія ў бліжэйшай перспектыве.

«Асноўная задача камісіі складаецца ў тым, каб кансалідаваць грамадскія і палітычныя сілы, навуковыя супольнасці вакол праектаў, звязаных з абаронай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, аб подзвігах нашых герояў, аб Другой сусветнай вайне, — адзначыў ён. — Гэтая задача цяпер вельмі актуальная, калі ў многіх заходніх краінах зносяцца помнікі Вялікай Айчыннай вайны, нашым воінам і палкаводцам, апаганьваюцца магілы, у цэлым перапісваецца гісторыя тых падзей. Гэтая хваля на Захадзе выклікае зваротную, магутную хвалю тых, хто хоча абараняць нашу гісторыю, праўду пра тыя трагічныя і гераічныя дні, якія перажыла наша Радзіма». 

Іван Мельнікаў таксама падзяліўся планамі: пры камісіі Парламенцкага сходу створаць дадатковыя структуры, якія аб’яднаюць гісторыкаў і экспертаў. І паміж імі наладзяць цеснае супрацоўніцтва для сумеснага вырашэння пытанняў. Супрацоўніцтва будзе наладжана з профільнымі міністэрствамі і ведамствамі дзвюх дзяржаў. «Школьныя праграмы, праграмы ВНУ, тыя творы, якія выпускаюцца па матэрыялах Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, работа нашых музеяў — усё гэта будзе ў поле зроку нашай камісіі», — адзначыў ён

І не выпадкова першае пасяджэнне камісіі праходзіць у дні маладзёжнага форуму Саюзнай дзяржавы ў Магілёве, бо да работы камісіі абавязкова будуць прыцягваць моладзь.

«Выканаць канстытуцыйныя патрабаванні нашых дзвюх краін, дзе замацаваны прамыя нормы аб захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне»

Намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Іпатаў звярнуў увагу, што сустрэча праходзіць у сімвалічным месцы — Буйніцкім полі. «Мерапрыемства праходзіць у рамках маладзёжнага форуму, гэта падкрэслівае сувязь пакаленняў. Сёння ва ўмовах гібрыднай вайны, агрэсіўнай палітыкі калектыўнага Захаду, якая накіравана на падрыванне нашых асноў, звязаных з гісторыяй дзвюх краін, перш за ўсё накіравана на моладзь. Калі мы не будзем гаварыць з моладдзю, распавядаць ёй пра тых людзей, якія аддалі сваё жыццё, ахвяравалі сабой у імя будучых пакаленняў, значыць, хтосьці будзе казаць нешта іншае. А гэтага мы дапусціць не павінны», — падкрэсліў ён.

Вадзім Іпатаў дадаў, што ўжо ёсць планы па пашырэнні функцый створанай камісіі: «Члены камісіі, не чакаючы першага пасяджэння, унеслі прапановы, якія звязаны з пошукавай працай, навуковымі даследаваннямі, разглядам пытанняў заканадаўства дзвюх краін, фарміравання мадэльнага заканадаўства ў рамках дзейнасці Парламенцкага сходу Саюза Беларусь і Расіі. Усё гэта мае агульную канчатковую мэту — выканаць канстытуцыйныя патрабаванні нашых дзвюх краін, дзе замацаваны прамыя нормы аб захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю