Top.Mail.Ru

На «Марафоне адзінства» ў Гродне было цікава і дарослым, і дзецям

Унікальныя выстаўкі, знакавыя сустрэчы са знакамітымі беларусамі, святы на прадпрыемствах, новы мурал, гарадскі квэст, мноства інтэрактыўных пляцовак, канцэрт блогераў і гала-канцэрт «Час выбраў нас». Такой запомніцца тысячам гродзенцаў рэспубліканская грамадска-культурная акцыя, у ходзе якой зроблены важны крок да адзінства нацыі.


«Мы — народ Беларусі»

Кульмінацыяй марафону ў Гродне стаў гала-канцэрт «Час выбраў нас» з удзелам вялікай колькасці музычных калектываў і салістаў. У зале панавала атмасфера сапраўднай гармоніі гукаў і адзінства.

— За кароткі тэрмін, а марафон стартаваў у верасні мінулага года, ён пабываў у 15 гарадах ва ўсіх рэгіёнах краіны, дэманструючы нашу адзіную культуру, багатую гісторыю і традыцыі — тое, чым мы можам па праве ганарыцца, — сказаў падчас адкрыцця гала-канцэрта прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. — Маштаб акцыі ўражвае. Такая атмасфера пануе і ў гэтым палацы.

Як падкрэсліў кіраўнік урада, «Марафон адзінства» дазволіў яшчэ раз пераканацца ў тым, наколькі багатая наша гісторыя, наколькі разнастайная культура. І самае галоўнае, якія працавітыя, разумныя і таленавітыя людзі жывуць у Беларусі. Жыхары Гродна — адлюстраванне гэтай багатай спадчыны. Кожны ўносіць свой уклад у развіццё горада, рэгіёна і краіны.

— Мы разам стварылі моцную незалежную Беларусь. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што аб’ядноўвае нас усіх: наша сіла і агульны лёс. І наша адзінства — гэта не толькі пра мінулае, гэта аб сучаснасці і будучыні, — лічыць прэм’ер-міністр.

Змястоўна і шчыра

На традыцыйнай у рамках марафону сустрэчы «Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт» у Гродне галоўным спікерам выступіла Лідзія Ярмошына — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі ў 1996–2021 гадах.

Лідзія Ярмошына — чалавек, чыё жыццё цесна пераплецена з гісторыяй сучаснай Беларусі. Сваімі думкамі і назіраннямі яна падзялілася са студэнтамі і прадстаўнікамі грамадскасці горада. Яе галоўны прынцып — рабіць тое, што лічыш правільным для сваёй краіны. Гэта і ёсць сапраўдны патрыятызм. На яе думку, моладзь сёння выконвае ключавую ролю ў развіцці краіны, таму ёй важна быць ініцыятыўнай, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.

Сярод галоўных дасягненняў незалежнай Беларусі спікер назвала стварэнне ўласнай выбарчай сістэмы, развіццё дэмакратычных традыцый правядзення выбараў і захаванне суверэнітэту ў 2020 годзе. «Мы павінны быць адзіныя, таму што толькі разам зможам будаваць моцную і квітнеючую Беларусь», — адзазначыла Лідзія Ярмошына і выказала ўпэўненасць у прадказальнасці сёлетніх выбараў. Кампанія, па яе назіраннях, ідзе спакойна і арганізавана. Выбаршчыкі выказваюць інтарэс да палітычнай падзеі. Таксама падкрэсліла, што ў беларусаў наперадзе ўсе шанцы для стабільнага развіцця.

Касмічны і кніжны акцэнт

Многім гродзенцам запомнілася сустрэча з першым беларускім касманаўтам Марынай Васілеўскай. Гараджане маглі задаць пытанні як на тэму космасу, так і асабістага характару. Марына расказала, што з дзяцінства была патрыётам сваёй краіны. Такое ж пачуцце было ў яе і калі трапіла ў космас і ўбачыла Зямлю з вышыні 400 кіламетраў. Тады зразумела, наколькі каштоўны мір, як важна яго захаваць.

— Сёння мы ганарова можам называцца касмічнай дзяржавай. І гэта стала магчымым толькі дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Мы не будзем спыняцца на дасягнутым, абавязкова працягнем развівацца ў касмічнай сферы, — зазначыла Марына.

Сама яна працягвае гуманітарную місію і з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага фонду міру, які аказвае дапамогу дамам дзіцяці і ветэранам.

У гэты ж дзень у рамках «Марафону адзінства» ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбыўся праект «Веды без меж», у выніку якога фонды бібліятэчнай сістэмы рэгіёна папоўніліся на 300 экзэмпляраў сацыяльна значнай літаратуры. Таксама бібліятэкі атрымалі сертыфікаты на доступ да рэспубліканскіх электронных рэсурсаў. Прыемную місію ажыццявіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

Інтэрактыўны квартал

Галоўнай лакацыяй другога дня рэспубліканскай акцыі стала пляцоўка Лядовага палаца дзяржаўнай установы «Хакейны клуб «Нёман». Тут разгарнуўся выставачна-гандлёвы гарадок з цэлым комплексам экспазіцый, фудтракам, сцэнічнай пляцоўкай. Значную частку наведвальнікаў складалі маладыя гродзенцы, якія прыйшлі паўдзельнічаць у квэсце, убачыць ваенную тэхніку, паслухаць музычныя выступленні беларускіх артыстаў і блогераў.

Больш за тысячу ўдзельнікаў і каля сотні каманд сабраў гарадскі квэст «Гэта ўсё маё, роднае», які прайшоў у рамках марафону. Самай папулярнай стала дзясятая станцыя «Бульба Дэнс», дзе ўдзельнікі змаглі паказаць свае танцавальныя навыкі і ад душы павесяліцца.

Цікавасць выклікала і выстаўка ваеннай пагранічнай тэхнікі. На пляцоўцы Лядовага палаца было прадстаўлена звыш 70 унікальных экспанатаў, асноўная частка якіх — сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнічных сродкаў пагранічнага кантролю, а таксама інавацыйныя сродкі аховы граніцы і сувязі. «Фішкай» выстаўкі сталі паказальныя выступленні па рукапашным баі і дэманстрацыя работы кінолагаў.

Мурал у спадчыну

Важным складнікам марафону стаў удзел беларускіх блогераў. Для іх было падрыхтавана некалькі экскурсій на прадпрыемствы, а пад заслону топавыя блогеры выступілі на канцэртнай пляцоўцы Лядовага палаца. Іх вітала каля 15 тысяч гледачоў. Адным з нумароў стаў новы хіт «Я цябе люблю, Радзіма мая!».

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю