Top.Mail.Ru

На месцы здымкаў фільма «Белыя росы» будзе высаджаны першы ў Гродне зялёны лабірынт

Добраўпарадкаванне паркавай зоны ў мікрарёне Дзевятоўка пачалося некалькі гадоў таму. Месца для горада знакавае. Раней тут была вёска, дзе больш за 40 гадоў таму вяліся здымкі культавага беларускага фільма.


Закладка парка пачалася тры гады таму і вялася за кошт фонда грамадзянскіх ініцыятыў. Для гэтай мэты было выдзелена 70 тысяч рублёў. Паркавая зона размешчана сярод шматпавярховікаў, якія прыйшлі на змену вясковай ваколіцы. У кадры фільма «Белыя росы» ўвайшлі эпізоды з новабудоўлямі, а вось драўляных дамоў не захавалася. Між тым памяць аб легендарным кінафільме ўвасоблена ў скульптурнай кампазіцыі— старога Хвядоса, яго суседа Цімафея і дварнягі Валета. А вось калодзеж застаўся арыгінальны і ўстаноўлены непадалёку ад імправізаванай хаткі. Уся кампазіцыя размешчана перад уваходам у парк. 

За гэты час многае зроблена. Асабліва складанымі былі папярэднія работы, бо нізіну ўздымалі на 1,5 метра. Толькі грунт прыйшлося вазіць больш за паўгода. Затым вялася пракладка камунікацый. Паступова вызначаліся рысы будучага аб’екта.

Напачатку былі пракладзены пяшчаныя дарожкі, цяпер там ляжыць плітка. Адразу пасля вызначэння дарожак пачалася пасадка дрэў. Зараз тут можна ўбачыць дзесяткі алей. З’яілася інфраструктура — ліхтары, лаўкі, сметніцы. У цэнтры вызначана месца для фантана. Ёсць планы па ўстаноўцы малых архітэктурных формаў.

А вясной пачнецца рэалізацыя праекта па пасадцы зялёнага лабірынта. Ідэю прапанавалі на прадпрыемстве «Гродназеленбуд». Праўда, напачатку месцам для данага праекта разглядаўся парк Жылібера ў цэнтры Гродна. Але пазней было прынята рашэнне ажыццявіць задумку ў маладым скверы ў мікрараёне Дзевятоўка. Від туй выбралі «смарагд» як самы ўстойлівы і хуткі ў росце. 

Мяркуецца, што лабірынт будзе займаць плошчу 20Х20 метраў. Вышыня дрэў −1,3 метра. Усяго плануецца высадзіць 700 дэкаратыўных туй. 

Гэта першы такога роду «жывы» лабірынт у Гродне, хаця ў вобласці падобныя аналагі існуюць. Міні-лабірынт, напрыклад, знаходзіцца ў агратурыстычным комплексе «Каробчыцы», але ён значна меншы па плошчы. 

Дарэчы, паркавая зона ў мікрарёне Дзевятоўка — адна з самых вялікіх у горадзе. Мясцовыя жыхары неаднаразова звярталіся да ўладаў з прапановай аб стварэнні ў мікрараёне зялёных зон. Цяпер тэрыторыя парка з кожным годам папаўняецца дэкаратыўнымі дрэвамі і кустарнікамі. 

фота аўтара і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю