Сёлета ў чарговы раз у цэнтральным рэгіёне пройдзе агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне сельскіх населеных пунктаў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
Конкурс на лепшае добраўпарадкаванне пройдзе ў два этапы: спачатку пераможцаў назавуць у раёнах, яны і атрымаюць права паспаборнічаць у фінале. Па выніках конкурсу будуць вызначаны пераможцы ў наступных намінацыях: «Лепшы аграгарадок» (прыз за першае месца складзе 1 мільён рублёў, за другое і трэцяе — 700 тысяч і 500 тысяч рублёў адпаведна); «Лепшая вёска» (1-е месца — 500 тысяч рублёў, 2-е і 3-е — 300 тысяч і 150 тысяч рублёў адпаведна).
Таксама журы абярэ пераможцаў у намінацыі «Лепшая тэрыторыя прадпрыемства» і «Лепшы прыватны двор» з грашовымі прызамі. Пры ацэнцы агульнага добраўпарадкавання журы зверне асаблівую ўвагу на цэласнасць, гарманічнасць, творчы падыход і эстэтычнасць. А назавуць лепшыя адрасы добраўпарадкавання на фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2025», які сёлета прыме горад Заслаўе. Яны атрымаюць дыпломы, прэміі і кветкавую прадукцыю
Сродкі з прызавога фонду будуць накіраваны на далейшае добраўпарадкаванне вёсак і аграгарадкоў, якія стануць лепшымі па выніках конкурсу, стварэнне і паляпшэнне там сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры, узнагароджанне за прыватныя і вытворчыя тэрыторыі пералічаць на рахункі пераможцаў.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 15 жніўня падаць заяўку ў адвольнай форме з фотаматэрыяламі ў мясцовы сельвыканкам. Лепшыя работы пройдуць у абласны этап — райвыканкамы накіруюць іх у конкурсную камісію з 18 жніўня да 1 верасня.
Як раней паведамляў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Рагускі, палажэнні гэтага конкурсу ўжо ўзгодненыя з кіраўніцтвам вобласці: «Конкурс зацікавіць усіх, таму што мы будзем ацэньваць і аграгарадкі, і раённыя цэнтры, і вёскі, і дробныя населеныя пункты, і нават дваровыя тэрыторыі і падворкі. І ў гэтым конкурсе могуць удзельнічаць практычна ўсе. Я думаю, будзе зацікаўленасць, бо за першыя месцы ў нас дастаткова важкія прызы, у тым ліку грашовыя. Мы падвядзем вынікі да „Дажынак“, а ўжо на самім свяце хлебаробаў будзем уручаць гэтыя ўзнагароды годным раёнам, аграгарадкам, населеным пунктам і нават падворкам, фізічным і юрыдычным асобам, таму што іх тэрыторыі мы таксама будзем ацэньваць. Я думаю, што будзе цікава».
Ён дадаў, што насамрэч, ЖКГ — галіна, якая найбольш шчыльна кантактуе з насельніцтвам, улічваючы, што больш за 10 % выдаткаў бюджэту Мінскай вобласці накіроўваецца менавіта на гэтую сферу. «Так, сапраўды, дынамічна развіваецца ЖКГ Мінскай вобласці. Напрамкі ў нас ўсёабдымныя. Больш за 60 аб’ектаў, якія ў дадзены момант знаходзяцца ў інвестпраграме Мінскай вобласці, яны непасрэдна датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У цэлым, мы бачым, што ў 2025 годзе параметры, якія былі нам даведзены, выконваюцца», — падагульніў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама.
Фота БелТА