Top.Mail.Ru

На Міншчыне мужчына ўчыніў крывавую расправу над старшынёй СТ

18 гадоў — за адсечаныя пальцы...



Сапраўдны крывавы трылер разгарнуўся ў адным з садаводчых таварыстваў Мінскага раёна. Нагадаем, што гэта жахлівая гісторыя адбылася 12 снежня 2024 года. 63-гадовы жыхар Мінска працяглы час у запале сваркі збіваў старшыню праўлення садаводчага таварыства ў яе ж садовым доміку. Так агрэсіўны мінчанін праявіў сваю незадаволенасць з-за адключэння электрычнай энергіі па загадзе старшыні. Прысуд мужчыну, які жорстка збіў старшыню праўлення садаводчага таварыства, абвясцілі 16 кастрычніка ў Мінскім абласным судзе.

Такім чынам, абвінавачаны нанёс 44-гадовай пацярпелай не менш за 31 удар па розных частках цела, у тым ліку ў жыццёва важныя органы. Мужчына цягаў яе за валасы і адзенне, з выкарыстаннем электрычнага кабеля ажыццяўляў удушэнне няшчаснай жанчыны, прыстаўляў нож да яе вуха і вока. Для нанясення ўдараў ён выкарыстаў сякеру, шкляную бутэльку і электрычны чайнік. Свае дзеянні мужчына суправаджаў пашкоджаннем маёмасці ў доме, а таксама шматлікімі слоўнымі пагрозамі забойства. Адзін з членаў садаводчага таварыства Арцём пачуў крыкі аб дапамозе скатаванай ахвяры і прыбег на месца здарэння. Аднак, нягледзячы на з’яўленне сведкі, абвінавачаны на вачах у суседа адсек пацярпелай пальцы правай кісці, пасля чаго яго злачынныя дзеянні былі спынены.

Старшыні праўлення садаводчага таварыства нанесены цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, у тым ліку тыя, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Цяпер у жанчыны два дні нараджэння, таму што яна выжыла — дзякуй урачам! Яны прышылі ёй пальцы. Між іншым, пацярпелай да гэтага часу сняцца кашмары, хоць сама яна раней з задавальненнем глядзела фільмы жахаў.

Мужчыну было прад’яўлена абвінавачанне ў замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці, гэта значыць, у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 14 п. п. 6, 10 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пракуратура Мінскай вобласці падтрымала дзяржаўнае абвінавачанне ў Мінскім абласным судзе па гэтай крымінальнай справе.

Абвінавачаны, спасылаючыся на няпамятлівасць, не мог успомніць некаторых абставінаў таго, што адбылося. Сваю віну ён фактычна не прызнаў. Але ў апошнім слове прасіў прабачэння і сказаў, што забіваць жанчыну не хацеў.

Стан пацярпелай пакуль без змен. Аб гэтым яна расказала журналістам пасля абвяшчэння прысуду:

— Мне патрэбны яшчэ дзве аперацыі. І ўжо пасля іх будзе нешта больш-менш зразумелае наконт таго, ці змагу я карыстацца пальцамі рукі. Маральны стан мой, вядома, пакідае жадаць лепшага. Таксама спадзяюся, што будзе лепш... Што датычыцца прысуду, то, вядома, больш за ўсё я б хацела, каб усяго гэтага не адбылося. І каб мы цяпер тут не стаялі, і прысуд гэты зусім не слухалі, але вынік, калі можна так выказацца, мяне нават не столькі ўзрадаваў, колькі супакоіў, таму што ў мяне былі ўсе падставы баяцца таго, што гэты чалавек давядзе пачатае да канца, і тым больш ён сам пра гэта казаў: «Я цябе ўсё роўна заб’ю», — кажа жанчына.

Найбліжэйшая аперацыя прызначана на 23 снежня і потым павінна прайсці ад паўгода да года — толькі тады можна будзе рабіць наступную, каб нічога не парушыць. Але пацярпелая рада, што засталася жывая, бо — гэта галоўнае.

— Злачынны намер на забойства пацярпелай абвінавачаны не давёў да канца па незалежных ад яго абставінах, паколькі ёй была аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога, — заявіла старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах Кацярына Юдо.

Па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, з улікам доказаў, якія былі ёю прадстаўлены, прысуд быў пастаноўлены абвінаваўчы і мужчыну прызначана 18 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў і можа быць абскарджаны альбо апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю