Суботнік пад дэвізам «Зробім пасёлак чыстым самі!» праходзіць сёння па ініцыятыве дэпутацкага корпуса Мінскай вобласці пры ўдзеле членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама Маладзёжнага савета (парламента) Мінскай вобласці. «Звязда» высветліла, як яго ўдзельнікі ў розных раёнах Міншчыны добраўпарадкоўвалі пасёлкі і аграгарадкі.
Пухавіцкі раён

У Пухавіцкім раёне суботнік праходзіць адразу ў трох гарадскіх пасёлках. Ініцыятыву падтрымаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Губернатар разам з удзельнікамі працоўнай акцыі высадзіў маладыя дубы ў цэнтральным скверы Рудзенска. Месца гэта было абрана не выпадкова: у 2022 годзе ў парку ў рамках грамадзянскай ініцыятывы была ўстаноўдена дзіцячая спартыўна-гульнявая пляцоўка.
«Я ўдзячны дэпутатам Мінскай вобласці усіх узроўняў за ініцыятыву правядзення суботніка. У Год добраўпарадкавання ў кожнага ёсць магчымасць унесці свой уклад у навядзенне парадку, робячы свой двор, вуліцу, населены пункт, а значыць і ўсю Беларусь, лепшай і прыгажэйшай, — адзначыў кіраўнік вобласці, — я палічыў сваім абавязкам далучыцца да акцыі і пасадзіць дрэвы ў Рудзенску. Хай яны растуць доўгія гады на радасць людзям!»
Уздзенскі раён
У аграгарадку Возера Уздзенскага раёна на суботніку працуе працоўны дэсант разам з членам Савета Рэспублікі, старшынёй Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталляй Якубіцкай.

Паводле слоў сенатара, у Мінскай вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню: «Тым больш, што 2025-ы аб'яўлены кіраўніком дзяржавы Годам добраўпарадкавання. Прэзідэнт Беларусі вялікую ўвагу надае развіццю пасёлкаў гарадскога тыпу і іх добраўпарадкаванню. Тыя пасылы, якія дае кіраўнік дзяржавы нам, дэпутацкаму корпусу, — гэта кіраўніцтва да дзеяння. Таму і мы прынялі рашэнне правесці дэпутацкі суботнік у 27 населеных пунктах Мінскай вобласці. Дэпутацкі корпус усіх узроўняў і, што самае галоўнае, жыхары населеных пунктаў плённа працуюць разам».
Наталля Якубіцкая расказала, што аб'ём работ быў пазначаны загадзя: «Падчас суботніка мы ўдзяляем увагу ямачнаму рамонту, грэйдзіраванню, умацаванню абочын, праводзім санітарную ачыстку прыдарожных палос. Мы актыўна працуем з жыхарамі, просім звярнуць увагу на прыдамавыя тэрыторыі, агароджы, платы. Дзякую кожнаму, хто далучыўся сёння да добраўпарадкавання! Толькі разам мы можам зрабіць наша жыццё лепш і камфортней. І мы прыкладзем усе намаганні, каб нашы населеныя пункты сталі прыгожымі, добраўпарадкаванымі, утульнымі. Я ўпэўнена, што такія суботнімі прыжывуцца і стануць традыцыйнымі».
Лагойшчына
Працоўны дэсант на чале са старшынёй Лагойскага раённага Савета дэпутатаў Людмілай Муравіцкай правёў работы па добраўпарадкаванні ў вёсцы Чудзенічы, аграгарадку Астрошыцы. Таксама прадстаўнікі раённага дэпутацкага корпуса, старшыні і работнікі сельвыканкамаў працавалі ў аграгарадку Акцябр. Удзел у суботніку ўзяля і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Таццяна Лаўрыновіч.
Вялікі фронт работ быў праведзены ў вёсцы Чудзенічы. Там быў наведзены парадак на старых сельскіх могілках, якія знаходзяцца ў цэнтры вёскі, на вуліцы Мінскай. Мясцовыя дэпутаты і работнікі камунальнай гаспадаркі займаліся высечкай кустоў і дрэў, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Дарэчы, дэпутацкі суботнік на Лагойшчыне пачаўся яшчэ на тыдні.
«Мы пачалі праводзіць работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў на працягу працоўнага тыдня. Сённяшняе дажджлівае надвор'е ўнесла свае карэктывы ў нашы планы, але ніколькі не спалохала нас. Людзей на суботнік выйшла шмат. Сёння не будзем займацца афарбоўкай платоў. Добра, што большую частку работы па афарбоўцы паспелі зрабіць раней. Напрыклад, абнавілі пакрыццё плота на могілках у Чудзенічах. На суботніку з намі поруч працуюць не толькі мае калегі, але і работнікі і тэхніка ДЭУ-67, лясгаса, камгаса, СК «Астрошыцы», — расказала Людміла Муравіцкая.
Дарожнікі і работнікі лясгаса адказвалі за высечку дрэў, кустоў і добраўпарадкаванне дарог. Вялікі фронт работ быў праведзены ў аграгарадку Астрошыцы, дзе каля могілак былі высаджаны ліпы і клёны. Таксама ў населеным пункце з'явілася новая клумба і быў прарэжаны хмызняк. У аграгарадку Акцябр навялі парадак на землях агульнага карыстання. Там мясцовыя дэпутаты займаліся выкарчоўкай хмызняку і сеялі газон.
Капыльшчына
У аграгарадку Старыца Капыльскага раёна адбыўся суботнік, які аб'яднаў прадстаўнікоў розных арганізацый і структур. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты Капыльскага раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, работнікі ЖКГ, ДРБУ-124, РЭС, РАНС, Капыльскага вопытнага лясгаса, а таксама супрацоўнікі ўстаноў сацыяльнай сферы, прамысловых прадпрыемстваў і прадстаўнікі мясцовых выканаўчых органаў.
У ходзе суботніка было праведзена мноства работ па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі аграгарадка. Удзельнікі мерапрыемства займаліся выдаленнем кустоў і сухастою, а таксама скошваннем пустазельнай расліннасці як на тэрыторыях агульнага карыстання, так і на пустых зямельных участках.
Асаблівая ўвага была ўдзелена азеляненню населенага пункта. Кветкі былі высаджаны на тэрыторыях вытворчых і адміністрацыйных аб'ектаў ААТ «Старыца-Агра», Старыцкай сярэдняй школы, участковай бальніцы і сельскага дома культуры.

У рамках суботніка былі таксама выкананы работы па ўладкаванні дадатковай пляцоўкі для збору смецця і рамонту агароджы на грамадзянскіх могілках. Добраўпарадкавалі і тэрыторыю каля артэзіянскай свідравіны і поймы ракі. Не застаўся без увагі і ўезд у аграгарадок: уздоўж дарогі Р-61, ад уезду да скрыжавання, выдалілі сухія галінкі і дрэвы і абнавілі дарожную разметку. На тэрыторыі парку і каля помніка землякам праведзены работы па стрыжцы туй, выдаленні параслі і сухіх галінак, што надало гэтым месцам дагледжаны і акуратны выгляд.
Таксама ў ходзе суботніка быў праведзены падворны абыход і абследаванне населенага пункта. Домаўладальнікам уручаліся памяткі, рэкамендацыі і прадпісанні па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый, рамонце агародж і навядзенні парадку на участках. Праведзены суботнік стаў яскравым прыкладам згуртаванасці і неабыякавасці жыхароў і арганізацый да роднага краю. Дзякуючы сумесным намаганням аграгарадок Старыца стаў яшчэ чысцей, прыгажэй і ўтульней.
Клецк
Дэпутацкі суботнік прайшоў у аграгарадку Морач Клецкага раёна. Мясцовыя парламентарыі, прадстаўнікі раённай адміністрацыі і актыўныя жыхары аб'ядналіся, каб унесці свой уклад у добраўпарадкаванне роднага краю.
Акцыя пачалася раніцай і ахапіла некалькі ключавых зон Морачы. Дэпутаты і валанцёры з энтузіязмам узяліся за працу: падмяталі вуліцы, фарбавалі агароджы і высаджвалі кветкі, абрэзвалі галінкі. Асаблівая ўвага надавалася ачыстцы берагавой лініі мясцовага вадаёма, дзе была сабрана значная частка смецця.
Дэпутацкі суботнік у Морачы стаў не толькі практычным мерапрыемствам па добраўпарадкаванні, але і сімвалам яднання грамадства ў імкненні зрабіць свой населены пункт чысцей, прыгажэй і камфортней для жыцця.
Дзяржынск
Дзяржынскі раён таксама далучыўся да абласнога суботніка па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў і аграгарадкоў. Работы па добраўпарадкаванні былі арганізаваны на тэрыторыі пасёлка Энергетыкаў. Усяго ў Дзяржынскім раёне ў суботніку задзейнічана каля 250 чалавек — гэта прадстаўнікі рай-, гар - і сельвыканкамаў, дэпутацкага корпуса, работнікі прадпрыемстваў і мясцовыя жыхары.
«У нашым раёне няма гарадскіх пасёлкаў, таму для суботніка быў абраны пасёлак энергетыкаў як адзін з самых вялікіх сельскіх населеных пунктаў у раёне, — адзначыла намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Вольга Ігнатава. — Сёння ў пасёлку працуе каля 150 работнікаў сферы адукацыі раёна — на тэрыторыі выхаваўча-аздараўленчага лагера «Дружба», дэпутаты, работнікі прадпрыемстваў — Дзяржынскага домабудаўнічага ўпраўлення, Дзяржынскага ЖКГ, ДРБУ-210, арганізацый Негарэльскага сельсавета. Таксама да нас далучыліся жыхары пасёлка Энергетыкаў, якія будуць працаваць па дваровых тэрыторыях. Усяго ў суботніку прымаюць удзел каля 250 чалавек».
Фронт работ — абразанне дрэў і вываз галля, а таксама навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях. «Праводзім уборку тэрыторыі, афарбоўку абсталявання — гэта ў залежнасці ад надвор'я, разраўноўваем урадлівы пласт, абразаем дрэвы і высаджваем саджанцы», — расказаў старшыня Негарэльскага сельвыканкама Канстанцін Суша.
Далучыцца да акцыі дэпутаты прапануюць і мясцовым жыхарам, якія могуць таксама ўнесці свой уклад у навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях прыватных домаўладанняў, дварах шматкватэрных жылых дамоў і вуліцах сваіх населеных пунктаў.
Слуцк
У аграгарадку Вежы прайшоў суботнік з удзелам дэпутацкага корпуса і Маладзёжнага парламента Случчыны. Работы вяліся на тэрыторыі каля мясцовага дома культуры, дзе ўдзельнікі абнавілі клумбы, прывялі ў парадак прылеглую зону і высадзілі 20 саджанцаў туі, 80 барбарысаў і 30 рабін.
Асаблівую ўвагу надалі тэрыторыі дзіцячага садка, дзе валанцёры займаліся абразаннем дрэў. Наталля Аўсяннікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, адзначыла: «Сёння мы дружна працуем у аграгарадку Вежы — маляўнічым і сучасным населеным пункце. Добраўпарадкаванне дадасць яму яшчэ больш выгоды і прывабнасці. Важна, што ў суботніку ўдзельнічаюць і мясцовыя жыхары — кожны павінен уносіць уклад у развіццё свайго дома, пасёлка і малой радзімы. Дзякую землякам за актыўнасць: у Год добраўпарадкавання многае зроблена не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці».
Мерапрыемства стала яшчэ адным крокам да стварэння камфортнага асяроддзя для жыхароў рэгіёна.
Салігорск
У Салігорскім раёне сёння ў цэнтры ўвагі — гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада. Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Салігоршчыны, нягледзячы на падкопы надвор'я, дружна ўзяліся за працу, уносячы свой уклад у ператварэнне пасёлка.
Месцам правядзення работ стала пляжная зона каля ракі Вызенка. Дэпутаты заняліся добраўпарадкаваннем моста праз вадаём, а таксама аб'ектаў пляжнай інфраструктуры.
Стаўбцоўскі раён
Для добраўпарадкавання падчас суботніка ў Стаўбцоўскім раёне выбралі аграгарадок Дзераўное. Навесці парадак у населеным пункце выйшлі прадстаўнікі не толькі органаў улады, але і працоўных калектываў, Маладзёжнага парламента пры Стаўбцоўскім раённым Савеце дэпутатаў, а таксама неабыякавыя мясцовыя жыхары.
Работы пачаліся яшчэ два дні таму. Аграгарадок для суботніка быў абраны не выпадкова. Дзераўное — адзін з найбуйнейшых населеных пунктаў Стаўбцоўшчыны, дзе пражывае больш за 1 600 чалавек. Ён прэтэндуе на статус «вёскі будучыні» а таксама адзначыць сёлета 500-гадовы юбілей.
«Таму першачарговая ўвага нададзена гэтаму аграгарадку. Ужо быў праведзены частковы рамонт аўтадарогі Р-54, якая праходзіць праз Дзераўнае. Насельніцтва, убачыўшы, як працуюць дарожныя службы, таксама падключылася да суботніка. Мясцовыя жыхары навялі парадак на прылеглых тэрыторыях, пачалі рамантаваць агароджы», — расказаў старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шасцель.
Сёння асноўнае добраўпарадкаванне разгарнулася каля возера. Удзельнікі суботніка працавалі на дэмантажы старых аб'ектаў інфраструктуры, выдаленні расліннасці, афарбоўцы і чыстцы агародж, ачыстцы возера і іншых работах. Усяго да суботніка ў аграгарадку Дзераўнае далучылася каля 300 чалавек. «Нішто так не гуртуе як агульная справа. Яна дазволіць надаць новы імпульс развіццю населенага пункта, добраўпарадкаваць, зрабіць яго прыгажэй, лепш і камфортней для людзей. Таму ініцыятыва Мінскага абласнога Савета дэпутатаў падтрымліваецца ўсімі пластамі насельніцтва», — дадаў Сяргей Шасцель.
Вілейшчына
Раённае свята хлебаробаў «Дажынкі – 2025» пройдуць у аграгарадку Даўгінава будучай восенню. У сувязі з гэтым населены пункт добраўпарадкоўваюць, штодня вядуцца розныя работы. У аграгарадку праводзяць газіфікацыю, укладваюць новы асфальт, будуюць пешаходныя дарожкі, выдаляюць аварыйныя дрэвы. Дапамогу тут цэняць і вітаюць.
«Работы ў Даўгінаве з удзелам дэпутатаў вядуцца з чацвярга. Рамонт дахаў і жылых дамоў, земляныя работы, уладкаванне тратуарных дарожак, дэмантаж старых платоў, добраўпарадкаванне прылеглых да жылля тэрыторый — усё гэта і многае іншае — частка абласной працоўнай акцыі па добраўпарадкаванні пасёлкаў і аграгарадкоў», — расказала старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар.
Рэканструююць і дапаўняюць паркавы сквер у цэнтры, уздоўж вуліцы Савецкай — там у хуткім часе з'явіцца азеляненне, кветкавыя кампазіцыі, лаўкі, каб можна было адпачыць.
Да навядзення парадку ў населеным пункце далучыліся працоўныя калектывы арганізацый і ўстаноў Вілейскага раёна, сельскіх Саветаў, Маладзёжнага парламента. Прадстаўнікі парламента Дар'я Шклянская, Аліна Пыско і Аляксандра Ярмоц таксама падахвоціліся дапамагчы зрабіць аграгарадок больш утульным, для яго жыхароў і турыстаў. Сіламі сельсавета, супрацоўнікаў Вілейскага РАНС і Даўгінаўскай участковай бальніцы прыводзяць у парадак мясцовае возера, каб там таксама маглі адпачываць людзі.
Пражывае ў аграгарадку каля тысячы чалавек. Паводле слоў старшыні Даўгінаўскага сельсавета Эдуарда Яцкевіча, пастаянных жыхароў і дачнікаў ад агульнай колькасці жыхароў аграгарадка — прыкладна пароўну. Працуюць мясцовыя ў гаспадарках раёна, паштовым аддзяленні, школе, дзіцячым садзе, музычнай школе, пажарнай часці, лясніцтве, участку электрасетак і ДРБУ, амбулаторыі, доме культуры і бібліятэцы. «Жыццё ў аграгарадку не стаіць на месцы, таму працоўны дэсант падаспеў сюды своечасова! Падтрымала акцыю каля ста чалавек».
фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама