Чым парадавалі лёгкаатлеты?
На мінулым тыдні сталіцай беларускай лёгкай атлетыкі стаў Брэст. У горадзе над Бугам прайшло адразу некалькі важных стартаў — адкрыты лёгкаатлетычны турнір «Мы разам», а таксама адкрыты чэмпіянат Беларусі па мнагабор’ях. Вынікі спаборніцтваў парадавалі, нават здзівілі, а паколькі летні лёгкаатлетычны сезон толькі пачынаецца, далі надзею.
Напрыклад, у сектары для скачкоў у вышыню Лізавета Валуева перамагла з вынікам 1,91 метра — і гэта яе лепшы вынік у сезоне. Спартсменка спрабавала ўзяць і 1,93 метра, але не здолела. Што ж, у яе яшчэ ёсць час. У мужчын вышэй за ўсіх узляцеў Ягор Гуптор, якому ўдалося з першай спробы паўтарыць свой леташні асабісты рэкорд — 2,24.
Ягор таксама паказаў здольнасці скокнуць і на 2,28, але планка не выстаяла.
У сектары для скачкоў у даўжыню сустрэліся лідары ў гэтай дысцыпліне. І тут усё было амаль што прадказальна. Далей за ўсіх скокнуў Аляксей Дудзінскі — на 7,88. У жанчын аднолькавы вынік — 6,26 — паказалі 16-гадовая Ком Крыстал Шэнан і 20-гадовая Анастасія Дрозд, але па другой лепшай спробе перамога дасталася Ком Крыстал Шэнан. Дарэчы, вынік у 6,26 метра — гэта пятае месца ў сусветным рэйтынгу ва ўзроставай групе U18. Дуэль паміж Анастасіяй Дрозд і Ком Крыстал Шэнан паўтарылася і ў сектары для трайнога скачка. У першай спробе Анастасія ўстанавіла ўласны рэкорд — 13,84 метра.
Дарэчы, такія лічбы — гэта другі радок еўрапейскага рэйтынга U23, што і прынесла ёй перамогу. Нацыянальны рэкорд у гэтай дысцыпліне з вынікам 13,30 перапісала Ком Крыстал Шэнан, тым самым спартсменка ўмацавала сваё чацвёртае месца ў сусветным рэйтынгу U18. Мужчыны таксама парадавалі добрымі вынікамі ў трайным скачку. Перамог Максім Несцярэнка, якому на гэты раз удалося зрабіць толькі адну заліковую спробу — на 16,73. На другім месцы — юніёр Цімур Севераў: 16,24 метра. А да гэтага ён скокнуў 16,18 метра, што з’яўляецца лепшым вынікам сярод спартсменаў узроставай групы U20 у Еўропе і пятым — у свеце.

У рамках чэмпіянату краіны па мнагабор’ях асабісты рэкорд па суме сямібор’я ўстанавіла Юлія Роут, якая набрала 5949 ачкоў. «У маім актыве на сёння сем відаў, праведзеных за два дні, з іх — пяць асабістых рэкордаў. Па сутнасці, гэта выдатны вынік, як і сума, таму што асабісты рэкорд — гэта заўсёды прыемна. У мяне такі сімвалічны нумар гэтым разам — 60. Так хацелася дамаляваць гэтыя нулікі, адзінкі пасля, але сёння не ўдалося. Я вельмі разлічваю, што праз месяц у мяне не будзе такога нумара, але з’явіцца такая сума. Я ўжо доўга да яе імкнуся, і сёння, у прынцыпе, яна б склалася, але трошкі не хапіла ўдачы, спадарожнага ветру. У цэлым, я гатовая на 6000 ачкоў, нават больш. Рызыкну ў наступны раз замахнуцца на гэту суму», — падзялілася сваімі ўражаннямі Юлія.
У мужчын пераможцам стаў Дзяніс Самандык, у актыве якога 6896 ачкоў па выніках дзесяцібор’я.
Валерыя СЦЯЦКО